Cярэднія спецыяльныя і Інтэрнет

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г


Ці створаны каардынацыйны Савет па пытаннях дзейнасці сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў культуры?


У Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь надаецца вялікая ўвага каардынацыі працы ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах рэспублікі. Прадстаўнікі Міністэрства культуры прымаюць актыўны ўдзел у пасяджэннях Міжгаліновага Савета па сярэдняй спецыяльнай адукацыі, створанага пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Дырэктар Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.І. Глінкі Р.Сафонаў з’яўляецца членам савета дырэктараў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў горада Мінска.

Рашэнні, што прымаюцца вышэйназванымі саветамі, аператыўна даводзяцца да ведама ўсіх ССНУ культуры і мастацтваў рэспублікі. Такім чынам, неабходнасці ў стварэнні яшчэ аднаго Савета не было.

Акрамя таго, у адпаведнасці з загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 31.01.2004 г. № 28 у мэтах арганізацыі і павышэння эфектыўнасці вучэбна-метадычнай і выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі галіны культуры і мастацтва на базе Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры створана Рэспубліканскае метадычнае аб’яднанне педагагічных работнікаў ССНУ культуры і мастацтваў, зацверджаны склад яго бюро, які абнаўляецца на працягу 2004 — 2007 гг.

Асноўнымі пытаннямі ў дзейнасці метадаб’яднання з’яўляюцца разгляд, экспертыза і падрыхтоўка да зацвярджэння адукацыйных стандартаў, новых тыпавых навучальных планаў, навучальнай праграмнай дакументацыі па 25 спецыяльнасцях і 18 спецыялізацыях профілю “мастацтва і дызайн”, “бібліятэказнаўства і бібліяграфія” і інш. па дзённай і завочнай формах навучання. Усяго за апошнія тры гады распрацавана і зацверджана Міністэрствам адукацыі, укаранёна ў адукацыйны працэс 87 тыпавых, індывідуальных і інтэгрыраваных з ВНУ культуры і мастацтваў навучальных планаў, выдадзена звыш 230 тыпавых навучальных праграм.

У 2005— 2007 гг. у адпаведнасці з планам працы праводзіліся Рэспубліканскія семінары-вучобы для намеснікаў дырэктараў па навучальнай рабоце ССНУ культуры і мастацтваў па наступных праблемах:

— укараненне адукацыйных стандартаў і новай тыпавой дакументацыі;

— комплекснае метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу;

— укараненне новых форм выніковай атэстацыі навучэнцаў і крытэрыі ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў;

— тэхналогія распрацоўкі тэкстаў па дысцыплінах прафесійнага кампанента.

На базе Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў у лістападзе 2006 г. быў арганізаваны Рэспубліканскі семінар для выкладчыкаў спецыяльнасці “народная творчасць (па накірунках)” на тэму “Сучасныя тэндэнцыі ў падрыхтоўцы спецыялістаў культурна-адпачынкавай сферы”.

У снежні 2007 г. праведзены Рэспубліканскі семінар на тэму “Арганізацыйна-педагагічныя ўмовы ўкаранення адукацыйных стандартаў: стан, вопыт і перспектывы практычнага навучання” для загадчыкаў практычнага навучання ССНУ культуры і мастацтваў, у межах якога арганізавана выстаўка вучэбна-праграмнай дакументацыі і іншых метадычных матэрыялаў.

У красавіку 2008 г. адбудзецца чарговае пашыранае пасяджэнне з прадстаўніцтвам дырэктараў, намеснікаў дырэктараў, галоўных спецыялістаў упраўленняў культуры аблвыканкамаў, дзе будуць вызначаны задачы РМА і скарэкціраваны яго новы склад у сувязі з рэарганізацыяй БелДІПК. У тым ліку будзе вырашацца пытанне неабходнасці стварэння каардынацыйнага Савета дырэктараў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў культуры.

У лістападзе 2008 года на базе Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа плануецца правядзенне Рэспубліканскага семінара-вучобы для намеснікаў дырэктараў па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце.

Наталля ШМАКАВА,
начальнік упраўлення навучальных
устаноў
і кадраў МК РБ 


 

Як арганізавана вучоба спецыялістаў, што працуюць ва ўстановах культуры з Інтэрнетам?

Укараненне новых інфармацыйных тэхналогій у прафесійную дзейнасць работнікаў сферы культуры вылучыла перад сістэмай павышэння кваліфікацыі задачы, накіраваныя перш за ўсё на авалоданне рознымі катэгорыямі спецыялістаў сучаснымі камп’ютэрнымі і інтэрнет-тэхналогіямі.

Ва ўстанове адукацыі “Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры”, згодна з Планам павышэння кваліфікацыі кадраў культуры на 2008 год, навучальнымі планамі і праграмамі, прадугледжана вывучэнне новых інфармацыйных тэхналогій.

Так, напрыклад, у сувязі з ператварэннем бібліятэк у сучасныя інфармацыйныя цэнтры, пашырэннем іх прафесійных і сацыяльных функцый, будзе арганізавана навучанне розных катэгорый бібліятэкараў на базе інтэрнет-кабінетаў і класаў, дзе будуць праводзіцца індывідуальныя заняткі, майстар-класы, стасункі ў рэжыме on-line.

Асаблівая ўвага надаецца падрыхтоўцы кіруючых кадраў і рэзерву да працы па выкарыстанні інтэрнет-тэхналогій. Так, у 2008 годзе ў межах павышэння кваліфікацыі пройдуць навучанне начальнікі раённых і гарадскіх аддзелаў культуры, дырэктары дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, дырэктары цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм, загадчыкі філіялаў бібліятэк, дырэктары раённых і гарадскіх дамоў культуры, музеяў, абласных, раённых і гарадскіх метадычных цэнтраў.

Развіццю прафесійнай кампетэнцыі работнікаў сацыякультурнай сферы будзе садзейнічаць стварэнне адзінай інфармацыйнай

сеткі, што дазволіць аператыўна забяспечваць збор статыстычнай

інфармацыі, абменьвацца навукова-метадычнымі матэрыяламі,

кантактаваць праз сістэму Internet.

У межах павышэння кваліфікацыі на базе ўстановы адукацыі

“Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры” пройдуць семінары, “круглыя сталы”, канферэнцыі, на якіх будуць абмяркоўвацца праблемы тэхналагізацыі сацыякультурнай сферы, выкарыстання інтэрнет-тэхналогій у працы ўстаноў культуры, пашырэння інфармацыйнай прасторы ў сферы сацыякультурнай дзейнасці.


Ірына БАГАЧОВА,
рэктар БелДІПК