Каму кубак дабрыні?

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Блукаючы па Горадзе майстроў “Славянскага базару ў Віцебску”, звярнула ўвагу на незвычайны посуд — быццам фабрычны, але адзначаны відавочнай індывідуальнасцю, асаблівым мастацкім почыркам. А яшчэ тым, што сярод яркіх вясёлых малюнкаў, нанесеных на кубкі, сподачкі ды імбрыкі, “галоўнай дзеючай асобай” былі… словы, якіх усім нам так не хапае сёння і заўсёды: дабрыня, каханне, шчасце, гармонія, поспех, разважнасць…

/i/content/pi/cult/545/11866/122-1.jpg“Гандляром” аказаўся малады віцебскі мастак Глеб Ясюкевіч — аўтар усёй гэтай прыгажосці. Са сваёй ідэяй ён звярнуўся на Добрушскі парцалянавы завод і крыху пазней у аб’яднанне “Беларуская мастацкая кераміка”, што знаходзіцца ў Радашковічах. Там ініцыятыву падтрымалі. А нарадзілася яна з жадання зрабіць свет дабрэйшым ды прыгажэйшым, чым ён пакуль ёсць.

Як і многія сучасныя даследчыкі, мастак упэўнены: усё, што нас атачае (словы, рэчы, увесь наш побыт і сама атмасфера гукаў-фарбаў-ліній), нясе ў сабе пэўную энергію і ў той ці іншай ступені ўздзейнічае на наша жыццё, нават фарміруе наш характар і чалавечыя якасці. І калі дзень будзе пачынацца не проста з кубачка кавы ці гарбаты, а яшчэ і са слоў, на ім напісаных, дык яны абавязкова матэрыялізуюцца. Ці, па меншай меры, падштурхнуць чалавека да таго, каб несці іншым людзям усе тыя якасці, што ў іх занатаваны.

Цудоўная ідэя! І да ўсяго, накіравана на эстэтызацыю побыту. Адразу ўзгадаліся і адмысловыя керамічныя працы вядомых мастакоў (у тым ліку, і з выстаўкі Далі і Пікасо), і тая прорва, што аддзяляе цікавыя дызайнерскія праекты ад таго, што мы бачым у крамах. Пры ўсёй колькасці таго ж посуду — відавочная аднастайнасць малюнкаў. Для дарослых — надакучлівыя, часта безгустоўныя кветачкі, садавіна-гародніна. Больш вясёленькія карцінкі прызначаны для дзяцей, тут пераважаюць героі казак ды мультфільмаў. Праўда, бачыла неяк дзіцячыя талеркі-“азбукі” — з 12-цю літарамі алфавіта, на кожную з якіх дадзены малюнак (зноў-такі, з арсенала і ў стылістыцы былых дзесяцігоддзяў): піраміда, ваўчок, слон (цацачны, на калёсіках), барабан, курыца, надта падобная на пеўня і так далей. Але нават гэта на фоне астатняга хоць неяк вылучаецца. Якая-небудзь іншая тэматыка, стылістыка — усё скрозь замежнае.

Пацікавілася ў мастака, ці многа ахвотнікаў прыдбаць эксклюзіў па звычайным кошце (кітайскі шырспажыў у крамах — па той жа цане і вышэй, кубкі з фестывальнай эмблемай — удвая даражэйшыя). Аказалася, купляюць пераважна іншаземцы — найперш, расіяне. А што, калі вырабы былі б “made in замежжа”?.. Звярнула ўвагу: украінскія вяночкі з кветачкамі-стужачкамі, якімі гандлявалі ля Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, разыходзіліся “на ўра”, ля гандляроў увесь час тоўпілася чарга, чаго ніколі не бывае вакол нашых нацыянальных вяночкаў з той жа саломкі — нашы вырабы зноў-такі, купляюць у асноўным іншаземцы.

Дык можа, і наш адмысловы посуд з самага пачатку прапаноўваць менавіта іншаземцам — у якасці сувеніраў? І надпісы адпаведна рабіць па-беларуску, каб была дадатковая “разыначка”. Ды ўсё ж застаецца спадзеў, што на выбітны дызайн адгукнуцца тыя ж кавярні ды іншыя ўстановы, зацікаўленыя, каб на іх посудзе значылася не адна “пячатка” назвы іх установы. Што ж да нейкага далейшага развіцця самой ідэі, дык і самі абрысы тых жа кубачкаў хацелася б бачыць яшчэ больш разнастайнымі, бо на сёння больш адметным дызайнерскім падыходам вылучаецца хіба радашковіцкая вытворчасць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"