Гульня ў асацыяцыі

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Прынцыпы мінскай тапанімікі ад Пярэспы да Немаршанскага Саду
Мінск няспынна мяняецца, і часам ты ледзь пазнаеш тыя раёны, дзе не пабыў усяго якія-небудзь пару гадоў. Мала які еўрапейскі горад развіваецца такімі хуткімі тэмпамі, але, вядома, тут ёсць і адваротныя бакі медаля. Незлічоныя навабуды сціраюць сляды нават вельмі нядаўняй мінуўшчыны, не кажучы ўжо пра “сівую даўніну” — а па тутэйшых мерках, гэта недзе гадоў са сто. Адзін з варыянтаў панацэі быў вынайдзены параўнаўча нядаўна. У заўсёды перапоўненым сталічным метро з’явіліся схемы, дзе ўжо пазначаны некаторыя станцыі яшчэ не пабудаванай трэцяй лініі, і гучаць яны бы паэзія — “Немаршанскі Сад”, “Кавальская Слабада”, “Слуцкі Гасцінец”… Безумоўна, гэта вельмі эфектыўны ды рацыянальны спосаб вярнуць да жыцця тыя тапонімы, што трывала забыты сённяшнімі гараджанамі — прычым без перайменаванняў вуліц альбо іншых “энергазатратных” захадаў.

/i/content/pi/cult/545/11865/4-1.jpgМіж тым, па прапанове Дырэкцыі будаўніцтва метрапалітэна, члены Тапанімічнай камісіі пры Мінгарвыканкаме ўжо прадумваюць назвы тых станцый трэцяй і чацвёртай (!) ліній метро, якія сёння існуюць толькі ў грандыёзных муніцыпальных планах. Некаторыя напрацоўкі паспелі патрапіць у інтэрнэт-СМІ, прычым журналісты падаюць іх як канчатковыя вынікі. Але, як падкрэсліў член камісіі, вядомы гісторык-“мінсказнаўца” Іван Сацукевіч, пра нейкія вынікі пакуль казаць зарана — поўным ходам ідуць абмеркаванні, узяць удзел у якіх гарадскія ўлады прапанавалі не толькі ўпаўнаважаным на тое спецыялістам, але і ўсім ахвотным.

"Сляпянка" і слепні

Папярэдні досвед “метратапанімікі” быў даволі супярэчлівым — ён утрымлівае як відавочна ўдалыя рашэнні (тапонім “Няміга” трывала замацаваўся ў памяці гараджан перадусім дзякуючы аднайменнай станцыі), так і даволі спрэчныя. У іх лік можна смела залучыць кожны тапонім, які не мае выразнай інтэрпрэтацыі і выклікае пытанні: чаму “Пралетарская”, чаму “Маладзёжная”? Каб пазбегнуць непрадуманых рашэнняў, метрабудаўцы і вырашылі “ладзіць сані летам” — задоўга да рыцця тунэляў для новых станцый.

На пачатку нашай гутаркі Іван Сацукевіч пералічвае тыя тры асноўныя прынцыпы, якім павінны адпавядаць тапонімы “масавага ўжывання”. Першы з іх тычыцца эстэтычнага аспекту — назва мусіць быць прыгожай і мілагучнай. І гэта тая прычына, паводле якой многія вартыя прозвішчы не могуць з’явіцца на карце горада.

— Быў такі акадэмік Мікалай Бліадуха — выдатны навукоўца, які зрабіў неацэнны ўнёсак у айчынную геалогію, — прыводзіць прыклад Іван Сацукевіч. — Але, выбачайце, называць вуліцу ягоным імем, усё ж, наўрад ці стануць.

Тут варта зрабіць невялічкае адступленне ды патлумачыць, што Мікалай Фёдаравіч нарадзіўся ў далёкім 1878 годзе, калі пэўны пласт лексікі не меў на беларускай зямлі значнага распаўсюджвання, і таму гэтае прозвішча не выклікала ніякіх эмоцый нават у арыгінальным, неадцэнзураваным выглядзе. Цяпер сітуацыя, на жаль, іншая, і выбітны геолаг стаў яе закладнікам.

Як ні дзіўна, падобныя дыскусіі ўзніклі і адносна тапоніма “Сляпянка”, які члены камісіі прапанавалі перанесці на схему мінскага метро (адна са станцый чацвёртай лініі запланавана на скрыжаванні вуліц Уральская і Дзмітрыя Фролікава). У кагосьці ён выклікае не самыя лепшыя асацыяцыі — ці то слепні, ці то слепата... Альтэрнатыўны варыянт — станцыя “Рабочая”.

— Хаця Сляпянка — гэта даўно замацаваная гістарычная назва, жыхары альбо выхадцы з таго раёна ахвотна ёй карыстаюцца, немілагучнай яна ім не падаецца, — кажа Іван Сацукевіч.

Як тут не прыгадаць вядомы прэцэдэнт больш чым дзесяцігадовай даўніны: дзякуючы толькі аднаму (!) форумнаму водгуку на сайце Мінгарвыканкама станцыя метро “Ракаўская” так і не з’явілася. У пэўнага грамадзяніна яе назва выклікала асацыяцыі з жудаснай хваробай — і вуаля, маем цяпер “Спартыўную”. Назву, якая не выклікае не толькі дрэнных, але і ўвогуле ніякіх асацыяцый, за выключэннем хіба непразрыстай адсылкі да тамтэйшага Лядовага палацу.

Аднак Іван Сацукевіч выказаў упэўненасць, што гэтым разам усе рашэнні будуць прымацца ўзважана ды, галоўнае, калегіяльна, без недарэчнага валюнтарызму. Бо ці мала ў каго якія асацыяцыі?

Малыя і вялікія рэкі

Другі прынцып тапанімікі мае практычны характар — назвы станцый павінны дапамагаць пасажырам арыентавацца на мясцовасці, а не заблытваць гасцей Мінска. Гэта, на жаль, нярэдка здараецца сёння, і калі цябе пытаюць, “як праехаць на Маскоўскую”, ты не адразу можаш адказаць: аднайменныя станцыя і вуліца знаходзяцца ў розных частках горада.

— Не так даўно члены камісіі абмяркоўвалі назву станцыі, запланаванай на скрыжаванні праспекту Пераможцаў з вуліцамі Мельнікайтэ і Заслаўскай, — распавядае Іван Сацукевіч. — Варыянтаў было некалькі, напрыклад “Палац спорту” (што перагукаецца са “Спартыўнай”), альбо “Прафсаюзная”. А вось назва “Праспект Пераможцаў” амаль адразу была адкінутая. Сам праспект вельмі вялікі, і ўявіце сабе хакейнага заўзятара, які выправіцца на “Мінск-Арэну”, але на выхадзе з метро нечакана для сябе апынецца зусім у іншым месцы.

На думку адмыслоўца, у дадзеным выпадку мэтазгодна абраць адзін з двух гістарычных варыянтаў. Цягам ледзь не пяці стагоддзяў на тым месцы было прадмесце Татарская слабада, заселенае, зразумела ж, татарамі. Але паколькі ад яго ўжо і следу не засталося, Іван Сацукевіч схіляецца да іншага варыянта — “у гонар” вуліцы Заслаўскай, якая, у сваю чаргу, апелюе да гістарычнага беларускага горада.

— Суседнюю станцыю прапаноўвалася назваць “Свіслач”, — працягвае гісторык. — Але зноў жа… рака цягнецца праз увесь горад, і незразумела, якая канкрэтна яе частка маецца на ўвазе ў дадзеным выпадку. Між іншым, нашы продкі цудоўна разумелі гэтую праблему і называлі свае гарады не ў гонар вялікіх рэк (скажам, Заходняя Дзвіна), але тых рачулак, што ўпадалі ў іх у канкрэтным месцы — Полацк на Палаце, Віцебск на Віцьбе…

Гэты самы прынцып прасочваецца і ў выпадку з тым гістарычным прадмесцем Мінска, дзе павінна з’явіцца згаданая станцыя: яно называлася Пярэспа, у гонар даўно не існуючай рачулкі, што ўпадала тут у Свіслач.

— Сёння гэтая назва зусім забытая, але для гісторыі горада яна не менш важная за знакамітую Нямігу, — тлумачыць гісторык. — Згадайма хаця б знакамітую легенду, запісаную колісь Паўлам Шпілеўскім: асілак Менеск паставіў свой млын акурат у тым месцы, дзе Пярэспа ўпадала ў Свіслач, і так з’явіўся наш горад.

Гэты тапонім трывала прыжыўся на карце Мінска: Пярэспенскіх вуліц была цэлая жменя, так называлі і ацалелую па сёння царкву Марыі Магдаліны. Але праз розныя прычыны назва адмерла, і толькі станцыя метро здатная вярнуць яе ў свядомасць гараджан. А дзе ў нас Свіслач, кожны і без таго ведае.

Пераасэнсаванне Камароўкі

Падаецца, для Мінска найбольшую важнасць мае менавіта трэці крытэрый: гістарычная абгрунтаванасць і пераемнасць назвы, яе здатнасць быць мастком паміж мінулым і будучым. Прызнаюся шчыра, пра Немаршанскі Сад я дазнаўся толькі са схемы, убачанай у вагоне метро.

— Вялізныя абшары, што ахоплівалі ці не ўсю тэрыторыю сучаснага Кастрычніцкага раёна, цягам некалькіх стагоддзяў належылі памешчыкам Немаршанскім, — распавядае Іван Сацукевіч. — Нічога асабліва выбітнага яны, па шчырасці, не зрабілі, але… ладны след у гісторыі горада, вядома ж, пакінулі. Пра тое сведчыць хаця б цэлая плеяда мясцовых тапонімаў — лес, гай, вуліца… Дарэчы, сціплыя парэшткі Немаршанскага Саду захаваліся і дасюль  — ля 3-й дзіцячай бальніцы можна ўбачыць яблыні амаль стогадовай даўніны.

Дзеля справядлівасці, варта заўважыць, што ў дадзеным выпадку трэці прынцып у пэўнай меры супярэчыць другому. Для арыенціроўкі ў прасторы куды лепей падыйшла б іншая назва — “Бальніца хуткай дапамогі”. Іншая справа — тыя самыя асацыяцыі, пра якія ішла гаворка вышэй. Ці палепшыць такі тапонім эмацыйны фон нашага і без таго часам нервовага мегаполіса? Ды і дызайнеру, які б атрымаў замову на афармленне інтэр’еру станцыі з такой назвай, таксама не пазайздросціш.

Таму Іван Сацукевіч прапануе ў дадзеным выпадку іншы алгарытм — зрабіць станцыю метро адпраўным пунктам для адраджэння прыгожага тапоніма. Прычым назваць у гонар Немаршанскіх можна не толькі паркавую зону (што цалкам лагічна), але і, скажам, лакалізаваны на тэрыторыі іх колішняй латыфундыі жылы масіў, які цяпер у побыце характарызуецца “на Сярова”.

Яшчэ адна старая назва, якую гісторыкі спадзяюцца вярнуць да жыцця з дапамогай метрапалітэну, сёння не забыта. На пытанне, як патрапіць на Камароўку, адкажа літаральна кожны. Толькі амаль ніхто не памятае, што Камароўка — гэта зусім не рынак, які з’явіўся ў пасляваенны час, а вялізнае прадмесце старога Мінска. На думку Івана Сацукевіча, назва станцыі на скрыжаванні вуліц Максіма Багдановіча і Веры Харужай паспрыяе вяртанню адпачатнага сэнсу тапоніма. Ды і з арыентыроўкай не будзе праблемы — да цяперашняга рынку адтуль крокаў пяцьсот.

Па словах Івана Сацукевіча, толькі некалькі назваў будучых станцый не выклікалі спрэчак сярод членаў камісіі — напрыклад, “Чыжоўка”, якая на сто працэнтаў адпавядае ўсім тром згаданым крытэрыям. Але часам узнікалі і складаныя выпадкі, як, напрыклад, з назвай станцыі метро па вуліцы Кальцова.

— Хто такі Аляксей Кальцоў? Не самы вядомы рускі паэт, які не мае да Мінска ніякага дачынення, — кажа Іван Сацукевіч. — Вуліца яго імя без дай-прычыны з’явілася ў нас напрыканцы саракавых. Адпаведна, для станцыі метро такі тапонім не надта падыходзіць. Пасля доўгіх разваг мы схіліліся да наступнага варыянта: назваць гэтую станцыю “Зялёны Луг”, а наступную, якая ўжо мела такую назву, перайменаваць у “Лагойскую”.

Нялёгка будзе зрабіць выбар і ў выпадку са станцыяй на скрыжаванні вуліц Максіма Багдановіча і Сцяпана Халтурына. Ідэя дадатковага ўшанавання расійскага рэвалюцыянера-тэрарыста не знайшла падтрымкі сярод членаў камісіі, прычым, не толькі паводле крытэрыя немілагучнасці. У якасці альтэрнатывы з’явіліся два варыянты — “Івана Мележа” і “Зацішша”. У апошнім выпадку прататыпам стала даўно зніклая вёсачка недзе ў раёне сённяшняй вуліцы Собінава. Цяпер гэты раён (пераважна, прыватны сектар) і сапраўды адпавядае прыгожай назве, але наўрад ці ён застанецца такім да завяршэння будаўніцтва чацвёртай лініі метро.

Урэшце, здараліся выпадкі, калі апеляваць толькі да згаданых крытэрыяў і наогул было немагчыма, і членам камісіі даводзілася “крэацівіць”. Прыкладам, як назваць перасадачную станцыю, што спалучаецца з Акадэміяй навук? Самы відавочны варыянт — “Дом друку”. Але тады ў будучыні можа паўтарыцца гісторыя з той самай “Маскоўскай” — аўтавакзала ўжо няма, а станцыя засталася. Таму з’явілася больш універсальная прапанова — “Друкарская”. Здавалася б, тое самае, толькі выгляд збоку, але...

— Такая назва не прывязана канкрэтна да Дому друку — яна дапаможа нам нагадаць і пра Скарыну, і пра Мсцілаўца… — кажа Іван Сацукевіч. — І гэта будзе своеасаблівы музей альбо падручнік па гісторыі, раскрыты для многіх тысяч пасажыраў. Бо назва станцыі метро пастаянна ва ўсіх на слыху, і яе выхаваўчую ролю папраўдзе цяжка перацаніць. Адпаведна, вельмі важна зрабіць тут правільны выбар.