Зарабілі — і ў Іспанію!

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Пару тыдняў таму народны хор народнай песні “Вербніца” Пружанскага гарадскога Палаца культуры вярнуўся з паездкі ў Іспанію. Артысты пабывалі там не як турысты, а як госці: выступалі на VI Міжнародным фальклорным фестывалі, што ладзіўся ў горадзе Льёрэт-дэ-Мар.

/i/content/pi/cult/543/11862/13-2.jpgЯк распавяла “К” намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама Таццяна Ярошка (яна, дарэчы, таксама з’яўляецца ўдзельніцай калектыву), “Вербніца” ды і ўвогуле прадстаўнікі з Беларусі “засвяціліся” на гэтым міжнародным фестывалі ўпершыню:

— Яшчэ ў снежні, дзякуючы “вялікай сіле” — Інтэрнэту, — мы даведаліся пра гэты фэст. Даслалі на адрас арганізатараў заяўку, здымкі, а таксама відэазапісы са сваімі выступленнямі. Праз пэўны час нас запрасілі да ўдзелу ў імпрэзе…

Як тлумачылі арганізатары, традыцыйны фальклорны фестываль у Льёрэт-дэ-Мары ладзіцца для знаёмства мясцовых жыхароў і шматлікіх турыстаў з лепшымі самабытнымі творчымі калектывамі з Еўропы і Амерыкі, для выяўлення таленавітых і адораных асоб, а таксама для азнаямлення з культурай і мастацтвам розных краін свету... У культурным мерапрыемстве маглі прымаць удзел фальклорныя, народныя, вакальна-харэаграфічныя, танцавальныя, вакальныя (акадэмічныя ды эстрадныя) і інструментальныя калектывы. Так што беларусы трапілі ў гэты іспанскі горад не выпадкова…

Пасля атрымання станоўчага адказу артысты “Вербніцы”, кіраўніком якой з’яўляецца Іван Гвоздзік, адразу ж пачалі рыхтавацца да паездкі, удакладняць праграму будучага выступлення, а таксама задумаліся пра тое, дзе адшукаць грошы на вандроўку ў сонечную Іспанію, бо, натуральна, не на аўтамабілі ж туды ехаць… Часткова падтрымку калектыву аказаў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, але асноўную суму артыстам давялося зарабляць.

— Для таго, каб аплаціць паездку, мы выступалі з платнымі канцэртамі ў санаторыях Пружаншчыны, а таксама на справаздачных канцэртах у мясцовых сельскіх гаспадарках, — патлумачыла Таццяна Ярошка. — Такім чынам, зарабілі неблагую суму. Але ў сувязі з тым, што вырашылі ляцець у Іспанію самалётам з Мінска, артыстам давялося дадаць і частку сваіх грошай. Але пра тое мы зусім не шкадуем: на фестывалі нас прымалі вельмі цёпла і гасцінна!

Шкадаваць “Вербніцы” сапраўды не было пра што: на фэсце ў Льёрэт-дэ-Мары сярод 14 калектываў з 8 краін свету артысты з Беларусі глядзеліся шыкоўна і прадстаўніча, збіраючы на свае выступленні тысячы і тысячы ўдзячных гледачоў… Да таго ж, як распавяла Таццяна Ярошка, у Іспанію беларусы ляцелі ўсяго толькі чатыры гадзіны. А вось іхнія калегі з Літвы, якія вырашылі скарыстацца для паездкі на імпрэзу камфартабельным аўтобусам і крыху зэканоміць, дабіраліся да іспанскага горада ажно чатыры дні…

Шэсць фестывальных дзён для чатырнаццаці прадстаўнікоў Пружаншчыны ў Льёрэт-дэ-Мары праляцелі амаль імгненна… На памяць аб паездцы засталіся станоўчыя ўражанні, шмат новых знаёмстваў і… запрашэнне прыехаць у Іспанію налета… Як адзначыла Таццяна Ярошка, над запрашэннем артысты яшчэ падумаюць, але, шчыра кажучы, “Вербніцы” хочацца асвойваць новыя краіны і фестывалі… І нездарма: пружанскі калектыў пабываў ужо са сваімі выступленнямі не толькі ў розных кутках Беларусі, але і щ Польшчы ды на Украіне. Напрыклад, з Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Слабажанскі Спас-2012” артысты з Беларусі прывезлі гран-пры, а саліст Віктар Лаўрэнаў заняў там другое месца сярод салістаў-вакалістаў…

І апошняе. Не сакрэт, што сёння ў многіх айчынных калектываў таксама, як у “Вербніцы”, зазвычай не стае грошай на выступленні ў іншых краінах свету. Але, дзякуючы, як кажа Таццяна Ярошка, “вялікай сіле” Інтэрнэту можна, як вынікае, і знайсці пляцоўку для выступленняў, і заахвоціць сваёй паездкай кіраўніцтва райвыканкама, і нават самім назбіраць грошы на выезд за мяжу…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"