Маладзечаншчына, Бабруйшчына, Аршаншчына...

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

На людным месцы: аглядавая пляцоўка

/i/content/pi/cult/543/11857/10-3.jpgМаладзечыншчына / Услед за Агінскім

Выстаўка “Шляхамі Міхала Клеафаса Агінскага” працуе ў Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы.

Падзея з’яўляецца вынікам працы дзевяцідзённага пленэру, які ўпершыню аб’яднаў навучэнцаў трох устаноў адукацыі: Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, згаданага Каледжа імя Агінскага і гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна. Па словах арганізатараў і ўдзельнікаў, эксперымент атрымаўся і паспрыяў абмену досведам, даў магчымасць пазнаёміцца са стылямі і тэхнікамі калег, ацаніць свае работы ў параўнанні з працамі іншых.

Выстаўка ж прысвечана мясцінам, у якіх жыў і тварыў Міхал Клеафас Агінскі, а таксама іншым гістарычным куточкам Маладзечаншчыны. Юныя мастакі шукалі натхненне ў краявідах Залесся, Вязынкі, Краснага і Плябані.

— Упершыню пабывала там, дзе калісьці жыў Агінскі. Я скончыла музычную школу і лічу яго музыку цудоўнай: яна натхняе на ўласную творчасць, — падзялілася ўражаннямі навучэнка мінскай Гімназіі-каледжа мастацтваў Юлія Паўлюць, якая намалявала маёнтак вялікага кампазітара.

А вось Настасся Асіповіч, навучэнка гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна, абрала для сваёй работы пейзаж вёскі Вязынка, таму што любіць творчасць Янкі Купалы.

Наогул, юныя мастакі адзначылі, што ім падабаецца маляваць з натуры, таму што прырода і свежае паветра ствараюць пэўную атмасферу. Але часам надвор’е можа ўнесці свае карэктывы, як гэта здарылася з работай “Вясковы пейзаж” Ангеліны Вашчанка. Патрапіўшы на акварэль, выпадковыя кроплі дажджу надалі карціне своеасаблівасць.

Выстаўка будзе доўжыцца некалькі месяцаў і ўсе ахвотныя змогуць убачыць яе нават у верасні.

Дар’я СВІРЫДА, школа журналістыкі “Маладзік”

Фота аўтара

 

Бабруйшчына / Фестывальны паслясмак

Традыцыйна ў рамках XIII Міжнароднага фестывалю народнай творчасці “Вянок дружбы” ў Бабруйску адбылася выстаўка-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вянок як сімвал фестывалю — у падарунак фестывалю”. Гэтым разам свае творы прадставілі 25 калектываў-удзельнікаў. Кожная праца — не проста прыгожы выраб, выкананы ў пэўнай тэхніцы, а яшчэ сімвал культуры той ці іншай краіны.

Па выніках конкурсу дыпломамі 3-й ступені ўзнагароджаны народны ансамбль песні “Раздолле” (Расія) і калектыў Цэнтра культуры, мастацтва і адукацыі “Орак” (Паўночны Кіпр). Расійскі вянок з парнымі фігуркамі народных лялек-абярэгаў у беларускіх і рускіх нацыянальных строях сімвалізуе сувязь братэрскіх народаў. Вянок Кіпра з назвай “Мір — Кіпру, мір — свету!” выкананы са сцяблін пшаніцы, у цэнтры — карта Кіпра з кветкамі з коканаў шаўкапрада і аліўкавымі галінамі, якія сімвалізуюць свет без войнаў і пакут.

Дыпломамі 2-й ступені ўзнагародзілі фальклорны ансамбль “Залаты Дабруджы” (Балгарыя) з вянком “Няхай заўсёды будзе сонца!”, выкананым у тэхніцы разьбы па дрэве. Дыплом атрымаў і Тэатр для дзяцей і юнацтва (Казахстан), чый вянок выглядаў як арка, прыбраная з бакоў стужкамі ў колерах дзяржаўных сцягоў Беларусі і Казахстана. У цэнтры аркі голуб — сімвал міру — і сонца — сімвал жыцця.

Дыплом 1-й ступені ўзяла група “Мерыта ла Пенья” (Канарскія астравы, Іспанія). Вянок выкананы з галінак дзікай вярбы, у цэнтры — выразаная з дрэва цімпле (традыцыйная аўтэнтычная міні-гітара), уверсе — імітацыя кветкі стрэліцыі (райскай кветкі), трохкаляровыя стужкі вакол вянка — нацыянальны сцяг, які сімвалізуе яркае жоўтае сонца, глыбокае сіняе мора і белыя аблокі над гарамі.

Адмысловымі прызамі за захаванне нацыянальных традыцый адзначаны аматарскі фальклорны калектыў “Берагіня” Цэнтральнага Дома культуры горада Ірпень (Украіна) з вянком “Пісанкавае дзіва Украіны”. З даўніх часоў яйка, як і дрэва, лічылася сімвалам вясновага абуджэння прыроды, зараджэння жыцця, працягу роду. Пісанка выконвала ролю абярэга. У народзе кажуць: “У свеце будзе існаваць любоў, пакуль людзі будуць пісаць пісанкі”. Вянок з маляванак — пажаданне дабрабыту, шчасця і працвітання фестывалю і гораду Бабруйску. Таксама прыз атрымаў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі і песні “Палешукі” Іванаўскага раённага Цэнтра культуры і народных традыцый Брэсцкай вобласці. Назва работы — “Палескі сувенір”. Выкананы вянок з традыцыйнай беларускай саломкі, васількоў, фрагментаў ручніка, вырабаў з дрэва, якія характарызуюць беларускую народную культуру.

Палітра конкурсу вянкоў яркая і шматстайная, усе яны розныя, але сэнс у іх заўсёды адзін: аб’яднанне народаў праз мастацтва. Конкурс вянкоў, як і сам фестываль, даказвае, што найбольш трывалыя масты дружбы паміж народамі ўзводзяцца праз культурнае супрацоўніцтва. І хоць фестываль скончыўся, пра яго будзе нагадваць унікальная калекцыя фестывальных вянкоў і нацыянальных сувеніраў, захавальнікам якой з’яўляецца Бабруйскі краязнаўчы музей. Стацыянарная выстаўка ў экспазіцыі музея, а таксама шматлікія перасоўныя, якія супрацоўнікі музея пастаянна ладзяць да значных гарадскіх мерапрыемстваў, даюць магчымасць бабруйчанам і гасцям горада прыгадаць фарбы фестывалю, пазнаёміцца з самабытнай культурай розных краін.

Да прыкладу, Бабруйск нядаўна наведалі гандлёвыя прадстаўнікі дыпмісій больш чым 30 краін свету. Дэлегацыі з усіх пяці кантынентаў пазнаёміліся з эканамічным патэнцыялам Бабруйска, наведалі Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, дзе адбылася прэзентацыя Міжнароднага фестывалю народнай творчасці “Вянок дружбы”. Госці даведаліся пра гісторыю і традыцыі фестывалю, пазнаёміліся з фотавыстаўкай, якая распавядае пра этапы станаўлення гэтага творчага форуму, і выстаўкай дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Ларыса ЦІМАШЭНКА, навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея

 

Аршаншчына / Дыпломы сола і дуэтам

Кірыл Атрошчанка і Дзіяна Рудакова з Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 атрымалі высокія ўзнагароды VI Міжнароднага конкурсу юнацкага выканальніцкага мастацтва імя Георгія Свірыдава, які штогод ладзіцца ў паўночнай сталіцы Расіі.

Сёлетні творчы форум быў прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння вялікага рускага кампазітара і 10-годдзю правядзення конкурсу названага, у яго гонар названага Праслухоўванні праходзілі ў канцэртных залах санкт-пецярбургскай Дзіцячай школы мастацтваў імя Свірыдава па намінацыях фартэпіяна, скрыпка, віяланчэль, фартэпіянны дуэт, камерны ансамбль з удзелам фартэпіяна (дуэты, трыа, квартэты, квінтэты). Праграма мерапрыемства цалкам рэгламентавана, а гэта, хаця і стварае дадатковыя складанасці, дае магчымасць удзельнікам праявіць сябе рознабакова. У двух турах (намінацыя “фартэпіяна”) патрабавалася выконваць музыку абсалютна розных стыляў і жанраў. Тут — і класічная саната, і найскладаны эцюд, і разгорнутая рамантычная кампазіцыя, і кантыленная п’еса, і твор сучаснага аўтара (XX — XXI стагоддзяў). Праграма намінацыі “фартэпіянны дуэт”, разам з іншымі творамі, павінна была абавязкова змяшчаць цыклічны твор любой эпохі.

У складзе журы, якое ўзначальваў заслужаны артыст Расіі, прафесар Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі імя Мікалая Рымскага-Корсакава Алег Малаў, былі прафесары і выкладчыкі вышэйшых і сярэдніх музычных навучальных устаноў Расіі і Францыі. Паводле рашэння суддзяў Кірыл Атрошчанка быў узнагароджаны дыпломам лаўрэата II Прэміі (намінацыя “фартэпіяна”), Кірыл Атрошчанка і Дзіяна Рудакова (намінацыя “фартэпіянны дуэт”) — дыпломам лаўрэата I Прэміі. Настаўнік школы Галіна Высоцкая атрымала дыплом “За падрыхтоўку лаўрэата конкурсу”.

Урачыстае закрыццё VI Міжнароднага конкурсу юнацкага выканальніцкага мастацтва імя Георгія Свірыдава, узнагароджанне і канцэрт лаўрэатаў праходзіў у Малой зале імя Міхаіла Глінкі Санкт-Пецярбургскай акадэмічнай філармоніі імя Дзмітрыя Шастаковіча.

Наталля ЛАТЫШАВА, настаўнік Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3