Фестываліць лёгка, калі…

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Сяргей САДОЎСКІ, прадпрымальнік, музыкант, арганізатар фестывалю “Жывое небе Браслава”
Думка арганізаваць фэст у Браславе з’явілася ў мяне даўно. Справа ў тым, што я прыхільнік рок-н-ролу, і не лічу, што сёння гэты музычны кірунак не запатрабаваны…

/i/content/pi/cult/543/11853/5-3.jpgНаадварот, я ведаў і ведаю дзясяткі беларускіх калектываў, якія граюць стары добры рок-н-рол, збіраюць сотні сваіх прыхільнікаў пад час разнастайных канцэртаў і нават дыскатэчных вечароў у раённых ці гарадскіх Дамах культуры… Да таго ж я сам музыкант, і граю ў адным з браслаўскіх калектываў, так што музыка для мяне — гэта нешта вельмі неабходнае для душы…

Вось таму і захацеў паказаць цікавыя рок-н-рольныя калектывы Беларусі ў Браславе, арганізаваць для іх, так бы мовіць, сталую пляцоўку для выступленняў: маладым гуртам заўсёды цяжка прабівацца, знаходзіць месцы для канцэртаў… А падтрымка гледачоў, “абкатка” песень жыўцом — справа істотная.

Таму, пажадаўшы зладзіць свой першы рок-н-рольны фестываль у Браславе, у 2012 годзе я завітаў з гэтай прапановай у тагачасны аддзел культуры мясцовага райвыканкама. І там мяне ўсяляк падтрымалі!.. Знайшлі пляцоўку на Замкавай гары, якую, з дапамогай валанцёраў, мы крыху падрамантавалі, далі “дабро” на арганізацыю свята… Пасля ўжо пайшлі тэхнічныя дэталі: мы зладзілі кастынг, адабралі ўдзельнікаў, вырашылі пытанні з харчаваннем і начлегам прыезджых — і вось, два гады таму, у 2013-м “Жывое неба Браслава” ўпершыню прагучала на поўную моц… І, як на мой нясціплы погляд, прагучала досыць няблага: тады ў імпрэзе прыняло ўдзел, калі я не памыляюся, дзевяць гуртоў з Браслава, Наваполацка, Паставаў і Мінска…

Гэтак жа, у супрацоўніцтве з цяпер ужо аддзелам па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама, быў зладжаны і наступны фэст, на якім дадаліся ўдзельнікі з Брэста, Гродна і Магілёва... А ўжо сёлетняе музычнае мерапрыемства я вырашыў зрабіць самастойна, падключыўшы усе свае, ужо добра адладжаныя сувязі з музыкантамі Беларусі, уклаўшы ў арганізацыю як свае грошы, так і сродкі некаторых партнёраў ды спонсараў.

Рызыка, канешне, існавала, але дадзены падыход, як на мой погляд, цалкам сябе апраўдаў, бо я вельмі хацеў паспрабаваць зладзіць фэст самастойна, а не з дапамогай іншых арганізацый… Матэрыяльнай карысці мне гэтага не прынясе ды я за тым не ганюся: для мяне галоўнае, каб у Браславе было цікава, каб у горадзе віравала культурнае, у тым ліку і музычнае, жыццё…

Але ж гэта не значыць, што з райвыканкамам я кантактаў больш не маю — зусім наадварот. Справа ў тым, што мясцовыя ўлады цалкам падтрымліваюць маю дзейнасць, зважаючы на тое, што “Жывое неба Браслава” карыстаецца вялікім поспехам у моладзі ўсяго наваколля ды гучыць, лічы, на ўсю Беларусь, дзякуючы, у тым ліку, і журналістам… Да слова, па ўзгадненні з кіраўніцтвам райвыканкама, пад час канцэрту ў нас працаваў кірмаш народных майстроў, атракцыёны для дзяцей, кропкі гандлю і харчавання... Пагадзіцеся, без дапамогі з боку названых структур я сам такое ніколі б не зладзіў…

Сёлета прыняць удзел у канцэрце пажадалі каля 80 рок-гуртоў! Лічба, пагадзіцеся, досыць вялікая. Прычым, ахвотныя былі не толькі з Беларусі: заяўкі паступалі з Расіі, Украіны, Літвы і Латвіі. Але ж, на жаль, на сёлетнім фестывалі выступалі толькі 14 беларускіх калектываў, сярод якіх былі як упадабаныя гледачамі летась, так і новыя выканаўцы. Уся справа ў тым, што мы вымушаны былі адмаўляць многім, бо ў сувязі з недахопам спонсараў і ўласных сродкаў, не змаглі, што называецца, “разгарнуцца” напоўніцу… Спадзяюся, налета імпрэза стане больш маштабнай.

На мой погляд, зладзіць фэст у Беларусі не так ужо і складана. Для гэтага трэба мець пэўныя кантакты як з адпаведным аддзеламі райвыканкама, так і з айчыннымі музыкантамі. Плюс — абавязковая “раскрутка” сваёй імпрэзы ў Інтэрнэце, у сацыяльных сетках і сродках масавай інфармацыі. А таксама, натуральна, неабходна весці вялікую працу са спонсарамі і партнёрамі. Тут трэба грукацца літаральна ва ўсе магчымыя дзверы, заахвочваць да супрацоўніцтва буйныя фірмы ды арганізацыі, рассылаць ім свае прапановы і праекты... Але больш за ўсё трэба хадзіць да дырэктараў ці кіраўнікоў на прыём самастойна, бо, як я пераканаўся са свайго досведу, вельмі часта толькі асабістыя кантакты могуць дапамагчы ў атрыманні спонсарскіх сродкаў.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"