Пяць гадоў “Пятровіцы”

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Сяргей ВЫСКВАРКА, этнахарэограф, мастацкі кіраўнік узорнага фальклорнага ансамблю “Верабейкі”, загадчык арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага РДК
Сёлета ў нашым раёне прайшоў ужо пяты па ліку рэгіянальны фэст традыцыйнай культуры “Пятровіца”, які распачынаўся ў 2011 годзе як танцавальны летнік.

/i/content/pi/cult/543/11852/5-2.jpgГалоўны вынік за гэтыя гады — тое, што Любаншчыну ўся Беларусь і трохі бліжэйшае замежжа ведаюць як цэнтр танцавальнай культуры, ды і традыцыйнай культуры ўвогуле. Нашы аўтэнтычныя гурты цешацца ўвагай, іх удзельніцам — дадатковы стымул збірацца, нягледзячы на сталы ўзрост ды хваробы. Як жа, моладзь прыязджае, цікавіцца, хоча спяваць і танчыць разам! Завязваецца сяброўства, некаторыя ўдзельнікі “Пятровіцы” прыязджаюць на працягу года на святы ды канцэрты.

Лічу, што менавіта з “Пятровіцы” распачаліся некаторыя танцавальныя ініцыятывы ў розных гарадах Беларусі: Наталля Родзькіна вядзе гурток па танцах у Магілёве, Наста і Антось Янкоўскія ладзяць танцавальныя вечарыны ў Гродне. І варта заўважыць, што ніхто з іх не мае спецыяльнай харэаграфічнай адукацыі! Але людзі штогод адмыслова дзеля “Пятровіцы” бяруць адпачынкі і прыязджаюць у Любанскі раён. Некаторыя госці не прапусцілі ніводнага года! Такія вось “танцавальныя ветэраны”.

Нават школа традыцыйнага танцу гурта “Гуда”, што, дарэчы, ужо два разы зладзіла ў Мінску рэспубліканскі конкурс “Мяцеліца”, на мой погляд, у некаторай ступені інспіраваная “Пятровіцай”. Прынамсі, удзельнікі школы — сталыя і вельмі актыўныя наведвальнікі любанскага фэсту, выкарыстоўваюць нашы матэрыялы для развучвання, папулярызуюць любанскія танцы. Гэта вельмі істотна — дзяліцца набыткамі, не “хаваць іх у “скрыню”. Культурная спадчына належыць усім, тут не можа быць манапаліста.

“Пятровіца” — вялікая падзея для раёна. У яе арганізацыі вельмі дапамагае райвыканкам: сёлета выдзеліў транспарт, сродкі на сувенірную прадукцыю з лагатыпам фэсту. Лагатып распрацавала дызайнерка Настасся Янкоўская, яго нанеслі на значкі і штандары. Дзякуючы падтрымцы райвыканкама ўдзельнікаў прымаюць ва ўсіх сельскіх клубах раёна. Моладзь жыве ў вёсцы Шыпілавічы, а ў госці ездзіць да розных гуртоў. Работнікі культуры за гэтыя пяць год навучыліся прымаць гасцей на вельмі высокім узроўні: умеюць паказаць свой калектыў, песні, танцы, прадметы побыту, распавесці пра іх. Фактычна эксперыментальным шляхам склалася методыка працы з зацікаўленымі наведвальнікамі. Такім чынам, Любаншчына гатова прымаць і этнатурыстаў на камерцыйнай аснове, пытанне толькі за інфраструктурай. Патрэбны гатэлі і кропкі грамадскага харчавання. Усяго гэтага ў вёсках Любанскага раёна не стае.

Адметнасцю сёлетняга фэста стала аднаўленне пасляваеннай тэхналогіі ўпрыгожання жытла. У вёсцы Баянічы, не маючы сродкаў на шпалеры, людзі малявалі на газетах кветкі і ляпілі іх на сцяну. Па баяніцкай тэхналогіі падчас “Пятровіцы” аздобілі хату адной з ініцыятараў фэсту — Насты Кухарэнкі ў Жораўцы. Атрымалася надзвычай прыгожа! У мастацтвазнаўчых эксперыментах нас падтрымала супрацоўніца Акадэміі навук Ірына Смірнова.

Канешне, плануем працягваць ладзіць “Пятровіцу”. Хацелася б пашырыць геаграфію ўдзельнікаў. Сёлета, акрамя беларусаў, былі госці з Расіі і Літвы. Палякі які год збіраюцца, але нешта пакуль не даехалі. Усіх ахвочых сардэчна запрашаем!

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"