Эльвіра Пятроўна Герасімовіч

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь глыбока смуткуе ў сувязі са смерцю ГЕРАСІМОВІЧ Эльвіры Пятроўны — заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесара, рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (1968 — 1984), выдатнага беларускага тэатразнаўцы, актрысы, педагога і выказвае спачуванні яе родным і блізкім. Светлая памяць аб ГЕРАСІМОВІЧ Эльвіры Пятроўне назаўсёды застанецца ў сэрцах яе калег і сяброў.

/i/content/pi/cult/543/11848/3-1.jpg

22 ліпеня 2015 года пасля цяжкай працяглай хваробы на 91-м годзе пайшла з жыцця Эльвіра Пятроўна ГЕРАСІМОВІЧ — вядомы тэатральны і грамадскі дзеяч, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі — адна з тых, хто быў сярод студэнтаў і выпускнікоў першага набору ў Беларускі тэатральны інстытут.

Нарадзілася Эльвіра Пятроўна Герасімовіч 5 чэрвеня 1925 года ў г. Мінску ў сям’і служачых. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася ў эвакуацыі ў Чэлябінску. Там яна пачала сваю працоўную дзейнасць на заводзе і адначасова скончыла дзесяцігодку. У 1944 годзе разам з маці вярнулася на радзіму ў Мінск і паступіла на факультэт замежных моў у Мінскі педінстытут. У 1945 годзе перавялася на акцёрскае аддзяленне ў толькі што адкрыты Беларускі тэатральны інстытут, з якім і звязала далейшае творчае і педагагічнае жыццё.

Лёсам кожнага чалавека жыццё распараджаецца па сваіх законах. Займаючыся на курсе Еўсцігнея Афінагенавіча Міровіча, Эльвіра Пятроўна Герасімовіч разам са сваімі сакурснікамі рыхтавала сябе да акцёрскай дзейнасці, а жыццё вывела яе на іншы шлях. Былі на гэтым шляху і работа ў якасці першага сакратара Ленінскага райкама камсамола г.Мінска, і аспірантура ў Маскве (ГИТИС імя А.В. Луначарскага), і аддзел культуры ЦК КПБ. Актыўная грамадская і навуковая дзейнасць надалі прафесійнага вопыту і сталасці, вывелі Эльвіру Герасімовіч у шэраг вядучых дзеячаў культуры рэспублікі. Аднак ніколі — з 1945 года і аж да апошняга дня — Эльвіра Пятроўна не парывала сваёй кроўнай сувязі з alma mater як выкладчык і выхавацель. І, пэўна, менавіта таму ў 1968 годзе ёй было наканавана стаць рэктарам тады ўжо Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута і кіраваць ім на працягу 16 гадоў.

Наўрад ці ўсе рэктарскія справы паддаюцца ўліку і аналізу, бо складаюцца яны з мноства арганізацыйных дробязей, паўсядзённага клопату, асабістага ўздзеяння, педагагічнага ўплыву. Аднак буйныя падзеі застаюцца не толькі ў памяці паплечнікаў, але і фарміруюць будучыню. Так, падчас рэктарства Э.П. Герасімовіч у інстытуце значна пашырыліся межы мастацкай адукацыі. Былі адкрытыя мастацка-прамысловы факультэт і некалькі новых кафедр — малюнку, манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, выставак і рэкламы; распачата падрыхтоўка рэжысёраў тэлебачання; адбылася рэканструкцыя галоўнага корпуса і памяшкання Студэнцкага тэатра. А колькі таленавітых выпускнікоў інстытута пры ёй распачалі і плённа працягваюць зараз сваю педагагічную працу ў Акадэміі!

У 1984 годзе перад заслужаным адпачынкам яна аддала перавагу творча-педагагічнай дзейнасці. І больш за 30 гадоў прафесар Эльвіра Пятроўна Герасімовіч плённа працягвала працаваць на кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў нашай Акадэміі.

Як дзяржаўны дзеяч у галіне культуры і мастацтва Э.П. Герасімовіч звыш 20 гадоў з’яўлялася членам Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР, з 1959 па 1986 гг. — членам Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO, шмат гадоў — членам Усесаюзнага Савета па каардынацыі навукова-даследчых работ у галіне мастацтвазнаўства і праблем кіравання развіццём мастацкай культуры пры Міністэрстве культуры СССР. Яе пяру належыць больш за 200 публікацый па розных пытаннях культуры і мастацтва. Яна адзін з сааўтараў 3-х томнай “Гісторыі беларускага тэатра”, шэрагу інсцэніровак для радыё і тэлебачання твораў майстроў беларускай літаратуры — І.Мележа, І.Шамякіна, С.Грахоўскага, М.Лынькова, В.Быкава, Л.Арабей і інш. Трохсерыйны тэлеспектакль па яе сцэнарыі (у сааўтарстве) паводле рамана І.Мележа “Людзі на балоце” быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР.

За плённую творчую, педагагічную, выхаваўчую і навуковую дзейнасць Э.П. Герасімовіч узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі “За доблесную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941 — 1945 гг.”, “За працоўную доблесць”, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, ёй нададзена ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.

Магчыма, некаму можа падацца, што лёс быў надта прыхільны да гэтай жанчыны, падараваўшы ёй прывабную знешнасць, талент, арганізатарскія здольнасці і столькі важкіх тытулаў. Але мала каму вядома, што яна ўступала ў жыццё дачкой “ворага народа”, расстралянага ў 1937-м. І можна толькі ўяўляць, колькі перашкод давялося ёй пераадолець на шляху да ведаў, прызнання, павагі... І перш за ўсё захаваць у сабе чалавека. У адным з інтэрв’ю Э.П.  Герасімовіч, разважаючы аб сапраўдных маральных каштоўнасцях, прыгадала выпадак са свайго жыцця: “Як дачку “ворага народа” мяне доўга не хацелі прымаць у камсамол, і гэта несправядлівасць здавалася больш жорсткай, чым сапраўдныя нястачы, якіх нямала давялося перажыць нам з мамай. У час вайны я згубіла яе, трапіла ў дзіцячы дом у далёкім уральскім горадзе. І тут знайшоўся чалавек, які напісаў рэкамендацыю, паручыўся за мяне, хоць і ведаў, з чым гэта звязана. Учынак нашага піянерважатага дапамог мне захаваць веру ў справядлівасць, у тое, што чалавек заўсёды можа застацца чалавекам”.

Светлая памяць аб Эльвіры Пятроўне Герасімовіч назаўсёды застанецца ў сэрцах яе калегаў і шматлікіх вучняў.

Ад імя калектыву Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў М.Р. Баразна, Р.Б. Смольскі, А.С. Бохан, С.П. Вінакурава, В.С. Іваноўскі, М.Л. Карпянкова, У.А. Мішчанчук, Л.А. Манакова, У.В. Катавіцкі, В.П. Паўлюць, І.І. Кабанава і іншыя

Цэнтральны камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў культуры шчыра смуткуе ў сувязі з сыходам з жыцця сапраўднага прафесіянала — Эльвіры 
Пятроўны ГЕРАСІМОВІЧ — вядомага тэатральнага і грамадскага дзеяча, кандыдата мастацтвазнаўства, прафесара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі і выказвае глыбокія спачуванні яе родным, блізкім, сябрам і калегам.