Фестываль — першы, месца — другое

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

У расійскім Іжэўску пад патранатам прэзідэнта Удмурцкай Рэспублікі Аляксандра Волкава адбыўся І Міжнародны фестываль цыркавога мастацтва. Як паведамілі ў Беларускім дзяржаўным цырку, наладжаны ён быў у межах аб’яўленага ААН і ЮНЕСКО Міжнароднага дзесяцігоддзя (2001 — 2010 гг.) культуры свету і негвалтоўных адносін у інтарэсах дзяцей планеты.

Сярод удзельнікаў былі самыя прэстыжныя і захапляльныя нумары не толькі з Расіі, але і з Бельгіі, Францыі, Украіны, Малдовы, Казахстана і Беларусі.

Нашу краіну ў конкурснай праграме прадстаўлялі артысты Белдзяржцырка — акрабаты на падкідной дошцы Віктар Наркевіч, Андрэй Мікітчанка, Юрый Уюн, Андрэй Бутор, Максім Каласевіч і Андрэй Нарановіч. Яны, дарэчы, у свой час сталі бронзавымі прызёрамі ІІІ Сусветнага фестывалю цыркавога мастацтва (2007 г.) і срэбранымі прызёрамі Міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва ў Будапешце (2008 г.).

З Іжэўска беларускія акрабаты прывезлі “Срэбранага Мядзведзя” і ганаровае другое месца. А яшчэ — упершыню за ўсю гісторыю беларускага цырка — запрашэнне да ўдзелу ў самым прэстыжным Сусветным фестывалі цыркавога мастацтва ў Монтэ-Карла.

 

Ул. інф.