Няма нейкага адзінага правіла...

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

На сутыкненні ручнікоў і вайны
“Бывай, Радзіма!” — новая фотакніга Андрэя Лянкевіча, якая мусіць убачыць свет налета. Альбом, прысвечаны даследаванню памяці Другой сусветнай вайны, яе канструяванню ў сучасным беларускім грамадстве, складаецца з 15 серый фатографа, што нараджаліся цягам апошніх чатырох гадоў. Гэты праект “выйшаў” з вялікай працы Андрэя “Паганства” і, урэшце, з пытання “Што ёсць Беларусь?”. Абапіраючыся на гісторыю сваёй сям’і, аўтар спрабуе прапанаваць уласны погляд на асэнсаванне траўмы глабальнага ваеннага канфлікту.

/i/content/pi/cult/543/11839/14-1.jpgНекаторыя работы з праекта, дарэчы, паспелі выклікаць рэзананс. Да прыкладу, “Двайныя героі”, дзе супастаўляюцца партрэты рэканструктара Другой сусветнай вайны ў формах галоўных праціўнікаў, была паказана тры гады таму ў галерэі “Ў” і выклікала палярныя меркаванні.

Аднайменны з кнігай праект “Бывай, Радзіма!” — гэта серыя пазбаўленых рэзкасці, расфакусаваных партрэтаў герояў Вялікай Айчыннай  — падпольшчыкаў і ўдзельнікаў партызанскага руху — быў прыняты ўжо больш спакойна. Выявы герояў, што экспанаваліся ў рамках выстаўкі “Радыус нуля”, дапаўнялі выразаныя з Google maps спадарожнікавыя здымкі мінскіх вуліц, названых у гонар слынных у савецкія часы патрыётаў. “Наколькі вядомыя сучаснікам гэтыя людзі, імёнамі якіх яшчэ ў недалёкім мінулым называліся вуліцы, школы, клубы?.." — гэта выказванне, якое спрабавала зазірнуць у “структуру” нашай памяці і зразумець, як яна фарміруецца, якіх ведаў ёй не стае, а чаго, наадварот, зашмат? На гэтым прыкладзе пэўная правакацыя ўжо спалучалася з чымсьці большым, са слушным пытаннем: а што сапраўды сучаснае пакаленне ведае пра абаронцаў Вялікай Айчыннай?

Зараз кніга “Бывай, Радзіма!” — работа, у якой знаходзіцца месца разнапланавым серыям, — складваецца ў больш аб’ёмнае выказванне. Тая самая правакатыўнасць, адна з галоўных рыс Андрэя Лянкевіча — рыфмуецца з роздумам і выразнай візуальнай мовай. Ад рэпартажу — да арт-фатаграфіі, ад арт-фатаграфіі — да канцэптуальнага мастацтва, дзе фатаграфія выступае як пластычны медыум для дасягнення мастацкай мэты. Невыпадкова падчас апошняй прэзентацыі сваёй будучай кнігі аўтар прызнаецца, што новы прадукт — гэта не чыстая фатаграфія. “Гаворка ідзе пра пошук новай візуальнай мовы”, — кажа ён, нават пазначаючы сваю “здраду” фатаграфіі. Мо гэта і так, бо яго кніга  — паўнавартасны праект сучаснага мастацтва, дзе фатаграфія дэманструе сваю палімернасць. З іншага боку, а чаму фатаграфія не можа быць такой?

Як і адзначалася, у праекце 15 серый, дзе выкарыстоўваюцца розныя тэхнікі: палароіды, згаданае вышэй выкарыстанне Google maps, піксілізацыя вядомых ваенных фота, паштоўкі як прыклад адмысловай візуальнай мовы, калажы, дзе ў архіўную фатаграфію ўводзяцца выявы ручнікоў. Менавіта апошняя серыя, што падалася адной з самых удалых, і стала падставай для размовы аб выданні і цяперашнім асэнсаванні тэмы і праекта, што, нягледзячы на сваю неадназначнасць, безумоўна выклікае цікавасць.

Калажы

“Пакуль назвы гэтай серыі няма, — распавядае Андрэй пра праект, дзе сутыкненне выяў каляровых ручнікоў і чорна-белай ваеннай фатаграфіі нараджае моцны візуальны эфект. — Пазначаю яе як “Калажы”. Гэта серыя для мяне — лагічны працяг буйнога праекта “Паганства”, дзе я імкнуўся паказаць культуру беларусаў, моцна звязаную з паганскімі традыцыямі. Вядома, “Бывай, Радзіма!” — пра памяць аб Другой сусветнай, стаўленне да яе зараз. Але ў дачыненні да той серыі, пра якую мы гутарым, зачапіла тое, што беларусы ў часы ліхалеццяў увесь час пачыналі з нуля. Гублялі свае дамы, гаспадарку, літаральна ўсё — і зноў адраджаліся. І стваралі такую прыгажосць, як ручнікі. Ідэя гэтай работы такая: аб’яднаць цяжкі досвед і старажытную паганскую традыцыю”.

Андрэй распавядае, што выявы ручнікоў для праекта ён узяў са свайго выдання “Паганства”. І выбіраў зробленыя менавіта пасля вайны.

Чаму для людзей было так важна працягваць выраб ручнікоў, захоўваць прыгожыя рэчы, нягледзячы на голад і галечу, — пытаюся ў Андрэя. “Мне падаецца, што тое — ахоўны механізм памяці: не ўспрымаць цяжкія моманты, а скіравацца ў пазітыўны бок. У ХХ стагоддзі ў беларусаў, па сутнасці, тройчы руйнавалі іх дамы, побыт, жыццё, змянялі сістэму каштоўнасцей, а яны захавалі такі цуд. Выраб ручнікоў — як самазахаванне: памятаеш — вяртаеш”.

У гэтай серыі мяне і зачапіла менавіта спалучэнне грамадскага і прыватнага. Ваенныя фатаграфіі — як ужо правераны “дакументальны” летапіс ваенных ліхалеццяў, у які “ўрываецца” сполах каляровых кодаў, што дасылаюць да асабістага, да ўмення, якое пазначала здольнасць захоўваць род. Ткацтва як супрацьпастаўленне забойству. Рэч, знітаваная з домам, прытулкам, — супраць абсурду вайны.

“Ці былі пэўныя правілы, якімі ты кіраваўся, працуючы з гэтымі калажамі?  — пытаюся я.  — Што закрываюць, хаваюць ручнікі на ваенных фатаграфіях?”

Фатограф не спяшаецца з адказам. “Няма нейкага адзінага правіла… Я браў вядомыя ваенныя фота і далей працаваў з імі. Але, умоўна, калажы можна разбіць на дзве групы. Першая — калі ручнік закрывае нейкую факталагічную дэталь на фатаграфіі. Да прыкладу, у адным са здымкаў я “схаваў” за каляровай выявай калону нямецкіх палонных. У іншым адбітку — за каляровым трохкутнікам ужо савецкі салдат. Другі ж прынцып  — калі ручнік проста “выкрэслівае” выпадковы кавалак жыцця. Гэта была такая доўгая інтуітыўная праца. І тут, бадай, і не трэба прымяняць логіку”.

Адзначаю, што атрыманы вынік дасылае да рытмікі работ Аляксандра Родчанкі, да супрыматычных формаў…

“Заход у “рускі авангард” быў некантраляваны, — трошкі засмучаецца Андрэй. — Але калі тое заўважна — мне вельмі прыемна. Супрэматычны кірунак віцебскай школы лічу адным з самых важных. Магчыма, гэта тое, што ўжо сядзіць ува мне і праяўляецца падсвядома. Ды, вядома, шмат пачарпнуў для сябе ад мастака і дызайнера Родчанкі”.

Права на ўласную гісторыю

Падчас апошняй прэзентацыі фатограф узгадаў сваё двухгадовае навучанне ў Мюнхенскай акадэміі мастацтваў, дзе таксама ішла праца над кнігай. Гэты досвед Андрэй, вядома, цэніць. Увогуле, цікава адзначыць, што калі фатограф з’язджаў на навучанне — акурат і з’явілася серыя з героямі і вуліцамі, можна сказаць, развітальная работа. Але вяртанне ўсё ж адбылося. Як паўплывала навучанне на развіццё праекта?

“Мюнхенская акадэмія знаходзіцца ў абсалютна іншай прасторы, — адказвае фатограф, настойваючы на тым, што яго работа ўсё ж вялася самастойна. — Але былі дапамога і развіццё іншага кшталту. Сама атмасфера разняволенасці надала другое дыханне праекту. Гэта можна назваць галоўным. Два гады я быў у зусім іншым асяродку, чым працаваў дагэтуль. Увогуле, навучанне тое можна параўнаць хутчэй з досведам рэзідэнцыі: няма абавязковых лекцый, але ўсе магчымасці засваення разнастайных мастацкіх тэхнік — ад пластыкі да літаграфіі — у дваццацічатырохгадзіннай даступнасці. Плюс, вядома, размовы з калегамі, дыскусіі, крытычныя заўвагі мастакоў. Усё гэта дапамагае, ствараючы адпаведную, спрыяльную для роздуму і эксперыментаў атмасферу”.

Андрэй заўважыў, што Мюнхен гэтаксама прысутнічае ў яго праекце аб Другой сусветнай — як горад, дзе пачаў прыход да ўлады ў Германіі ў 1923 годзе нацызм. Побач з Мюнхенам фашыстамі заснаваны і першы канцэнтрацыйны лагер Дахау. Таму ў праекце ёсць здымкі Мюнхена, гэтаксама, як і фатаграфіі Берліна, у прыватнасці Рэйхстага, на сцянах якога да гэтай пары захаваліся надпісы савецкіх салдат. Фатографа ўразіла, як ставіцца да асэнсавання свайго мінулага нямецкае грамадства, прызнаючы яго і працуючы з ім:

— Праект скіраваны на тое, каб мы больш крытычна паставіліся да “агульнай на ўсіх” гісторыі, звярнулі ўвагу на яе глыбокае асэнсаванне.

“Адзін мой прадзед, да прыкладу, не прымаў удзел у вайне, не быў у Савецкай Арміі з той простай прычыны, што быў палякам на далучанай да Савецкай Беларусі тэрыторыі, — распавядае пра сваю сям’ю фатограф. — Другі прадзед — святар, скончыў сваё жыццё ў Сібіры. Гісторыя маёй сям’і не ўпісваецца ў мадэль “вялікай гісторыі”. І мяркую, што мой прыклад не адзінкавы. Калі казаць пра Заходнюю Беларусь, то лёсы многіх тут былі падобнымі да мінулага маіх продкаў. І я мяркую, што нашы гісторыі маюць права на тое, каб быць агучанымі”, — кажа аўтар, не адмаўляючы Подзвігу тых, хто ваяваў і гінуў на франтах.

Шчыра кажучы, праект Андрэя Лянкевіча нагадвае па пасыле вядомую стужку Андрэя Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі”, дзе паказваюцца лёсы беларусаў, людзей на памежжы культур, у “мясарубцы” глабальнай катастрофы. Адштурхнуўшыся ад “вялікага савецкага наратыву”, фатограф гэтаксама спрабуе выйсці на іншы пласт асэнсавання радзімы, якая можа мець розныя вымярэнні. Радзіма як тое, за што аддавалі жыцці савецкія салдаты, пакідаючы на мурах перадсмяротныя надпісы, радзіма як тое, што зручна паўтараць бы пустую мантру, як апошні аргумент, як тое, ад чаго хочацца збегчы, і тое, без чаго не можаш, урэшце, жыць…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"