Ножкі не тыя...

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Валерый ДАЙНЭКА, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь
Крытэрыямі для праходжання ўсемагчымых кастынгаў у наш час нярэдка становіцца зусім не вакальная падрыхтоўка маладога артыста.

/i/content/pi/cult/543/11838/5-13.jpgМая студэнтка пайшла на праслухоўванне ў адну з нашых канцэртных устаноў. За яе падрыхтоўку я быў спакойны, і нават сам даў параду пайсці менавіта па гэтым адрасе. На заўтра вучаніца прыходзіць на заняткі ў слязах. Яе выкананне дзвюх песень ніхто асабліва не слухаў, затое пасля гэтага папрасілі прыпадняць спаднічку вышэй, пасля яшчэ вышэй, а калі папрасілі яшчэ раз — яна адмовілася. Вердыкт “дасведчанай камісіі” быў такім: “Ножкі таўставатыя, не пойдзе…”

Я хацеў бы, каб па такіх крытэрыях паспрабавалі б праслухаць якую-небудзь негрыцянскую спявачку. Яна будзе апранута ў сукенку “ў падлогу”, а людзі ў зале акажуцца ў захапленні ад яе голасу. Прычым тут ножкі? Якраз з магутнага цела і ідзе іх неверагоднай моцы голас. Кажу пра тое з упэўненасцю: у калекцыі маю шмат відэазапісаў падобных канцэртаў. У нас жа ацэньваюць так, каб ты танцаваў, рухаўся, а яшчэ меў прывабную знешнасць. Ну і голас недзе там, на апошнім месцы. Для мяне ж голас — першасны. Канешне, ідэальна, каб голас і знешнасць ды іншыя фактары спалучаліся ў аптымальнай прапорцыі. Нават не прыгажуня мае шанц: быў бы шарм, што ў абліччы, што ў голасе. І заўважце: нічога не мае дамінаваць.

А выбар рэпертуару — ужо не крытэрый, а тонкая праца артыста і прадзюсара. Як прыклад магу прывесці Аню Шаркунову, якая дзесяць гадоў на сцэне працуе ў пэўным стылі, на канкрэтную аўдыторыю. Пры гэтым яе не бывае зашмат. Мілая абліччам, яна валодае голасам, робіць многія рэчы, якім не трэба навучаць, нешта тлумачыць. Далей шлях павінен бы пралегчы на Маскву, але хапае там у гэтым сегменце сваіх артыстак. І крытэрыяў, дарэчы.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах