Адпачынак з асветай: працяг, відаць, будзе

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Немузычны складнік віцебскага фэсту: за што гатовы плаціць гледачы?
На сёлетнім “Славянскім базары ў Віцебску” нечакана ўзмацніўся такі добра вядомы фестывальнаму свету кірунак, як асветніцтва, што рэалізавалася праз надзвычай багатую (і, як высветлілася, даволі прыбытковую) выставачную праграму: працы Далі і Пікасо (раней гэту выстаўку маглі паглядзець мінчане), Аляксандра Ісачова, “Пашана вялікім майстрам” славацкага мастака Паўла Попа ў Віцебскім мастацкім музеі, “Жывапіс Паднябеснай” (Кітай) і Рэспубліканская выстаўка мастацкага тэкстылю “Знітаванне” ў краязнаўчым (з працягам экспазіцыі ў фестывальным Горадзе майстроў). Ці захаваецца такі падыход надалей?

/i/content/pi/cult/543/11835/4-1.jpgФестываль, каб… адукоўваць

Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” нараджаўся на руінах былога Саюза як сімвал адзінства трох рэспублік, што сталі самастойнымі краінамі: Беларусі, Расіі, Украіны. Да палітычнага складніка, які перарос у ідэі мірнага сяброўства ўсіх народаў, хутка далучыўся святочна-адпачывальны акцэнт, як яго разумелі ў 1990-я: гараджане прыходзілі да амфітэатра, шукалі сабе ўтульнае месца ў парку паблізу ці проста на плошчы, раскладалі на газонах няхітрую ежу (абавязкова з пітвом, часцей “сугравальным”) — і адпачывалі пад музыку, што даносілася з амфітэатра і адначасова транслявалася на вялізны экран. На досвітку ж, пакуль не возьмуцца за справу прыбіральшчыкі, прайсці па цэнтры горада было праблематычна, бо пластыкавыя бутэлькі ды смецце літаральна храбусцелі пад нагамі, ступіць няма куды было.

Яшчэ праз час, падключыўшы міліцыю і расставіўшы паўсюль “кантрольна-прапускныя пункты”, з “хатнім рэстаранам” было скончана. Ягонае месца занялі так званыя “падворкі”, на кожным з якіх можна было “адпачыць культурна” — з шашлыкамі пад гармонік ці іншыя забаўляльныя праграмы псеўдафальклорнага ўхілу.

З уласна мастацкім складнікам на фэсце было… па-рознаму. Здаралася, менавіта гэты складнік, як ні дзіва, не атрымліваў таго “народнага розгаласу”, якім карысталіся некаторыя эстрадныя зоркі сумнеўнага гатунку: добра памятаю, да прыкладу, напаўпустую залу Коласаўскага тэатра ў час “Атэла” Эймунтаса Някрошуса (немагчыма паверыць, але гэта так!) у 2002-м.

Ды ўсё ж мастацкі складнік фестывалю, як бы тое ні было на практыцы, заўсёды лічыўся адным з найбольш перспектыўных і актуальных: маўляў, “фестываль фестываляў”, як сталі называць гэты форум, павінен быць лепшым з лепшых. Пагоня за колькасцю пачынала супернічаць з пошукамі якасці. Але якім бы ні быў вынік, ён ніколі не асацыяваўся з асветніцкім кірункам фестывалю.

А між тым, сёлета гэты кірунак нечакана пачаў лідзіраваць — падкрэслім, непасрэдна ў Віцебску, на фестывалі “жыўцом”, а не ў яго тэлевізійным адлюстраванні. Фестывальнае “закуліссе”, як гэта здаралася на “Славянскім базары…” і раней, аказалася больш цікавым, чым даволі прадказальныя падзеі ў Амфітэатры, куды штогод прыязджаюць усё тыя ж усім вядомыя салісты — улюбёнцы публікі, за шчасце бачыць якіх яна гатова аддаць немалыя грошы.

Асветніцкі характар выставак выяўляўся не толькі ў разнастайных суправаджальных матэрыялах накшталт звестак пра аўтараў і аповеду пра самі працы, але і, уласна, у самой тэматыцы. Выстаўка Паўла Попа “Пашана вялікім майстрам” была прысвечана постмадэрнісцкаму асэнсаванню творчасці Рэмбрандта, Мікеланджэла, Гоі, Ван Дэйка, Босха, Дзюрэра, Шагала, Кандзінскага і іншых сусветна прызнаных мастакоў. Кожнае з палотнаў — гэта збор найбольш яскравых тэм-вобразаў іх творчасці, выбудоўванне паміж імі ўзаемасувязяў, у выніку чаго нараджаецца новы абагульнены “партрэт”, але не саміх жывапісцаў, а іх твораў. Таму цыклы прац славацкага аўтара “паводле” тых жа Далі і Пікасо станавіліся яшчэ і своеасаблівым “працягам” іх выставачных экспазіцый.

Для недасведчаных такая “Пашана…” — дайджэст класічных шэдэўраў. Для знаўцаў — падстава для выяўлення новых паралеляў і мерыдыянаў сусветнага жывапісу.

Выстаўка-продаж работ сям’і Рудэнкаў таксама была скіравана не толькі на “гімн прыгажосці”, што заўсёды ўласціва гэтаму дуэту мастакоў, але і на асветніцтва. У цэнтры экспазіцыі аказалася серыя “Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь”, карціны якой суправаджаліся аповедам пра яе прадстаўнікоў.

Асвета плюс/мінус камерцыя

У адрозненне ад ранейшых выставак у рамках фестывалю, сёлетнія былі не “ў мінус”, а “ў плюс”. Як жа была дасягнута гэта гармонія з камерцыйнасцю?

— Сёлета ў Віцебскім мастацкім музеі, — гаворыць яго дырэктар Вольга Акуневіч, — сапраўдны бум па колькасці наведвальнікаў. Штодзень па 300 і болей чалавек — для нас гэта практычна рэкордныя лічбы. У рамках фестывалю дэманстраваліся тры выстаўкі, але прыйшоўшы ў музей хаця б на адну з іх, наведвальнікі цікавіліся і іншымі, быццам наноў адкрываючы для сябе музейную прастору. Гэта вельмі важна, бо апошнія гады выставачная праграма фестывалю была больш чым сціплая, а сёлета нас падтрымалі — і аблвыканкам, і дырэкцыя “Славянскага базару…”. Мы вельмі ўдзячны расійскаму калекцыянеру Аляксандру Шадрыну, які нягледзячы на працаёмкасць, на дзесяць дзён прывёз свой збор прац Далі і Пікасо з Мінска, дзе яны дэманстраваліся раней. Гэтак жа ўдзячны беларускаму калекцыянеру Алегу Арлову за магчымасць паглядзець яго збор прац Аляксандра Ісачова. З работ славацкага мастака Паўла Попа (а ён прыязджаў і сам) для нас асабліва важныя тыя, што прысвечаны Марку Шагалу. Дадам, што калекцыянеры супрацоўнічалі з намі на бязвыплатнай аснове, за што мы ім вельмі ўдзячны. Праз уласна фестывальныя выстаўкі ўзнялася цікавасць і да іншых музейных экспазіцый, у якіх мы хацелі адлюстраваць найперш нашу гісторыю і культуру — Беларусі і Віцебска. Так, адкрылася выстаўка сусветна вядомага авангарднага скульптара Осіпа Цадкіна, якая суправаджаецца дакументальнай стужкай пра яго, знятай Алегам Лукашэвічам. Цадкін — наш зямляк, аднакласнік Шагала па Віцебскім гарадскім вучылішчы, яшчэ адзін вучань Іегуды Пэна. На нашай выставе можна ўбачыць працы Цадкіна з некалькіх прыватных калекцый і збору Белгазпрамбанка. Сёлета ўвесь свет адзначае 100-годдзе “Чорнага квадрата” Казіміра Малевіча. У нас, на жаль, няма ягоных прац, але ў Дзяржархіве Віцебскай вобласці і нашым краязнаўчым музеі захоўваюцца ўнікальныя дакументы: першы Статут і пячатка УНОВІСа, рахункі з подпісам мастака за прачытаныя ім лекцыі, арыгінальныя выданні яго літаратурных прац, іншыя экспанаты, якія яшчэ ніколі не выстаўляліся для шырокага агляду, але могуць зацікавіць увесь свет. Усё гэта і склала яшчэ адну выстаўку. Нарэшце, дзвюма персанальнымі выстаўкамі прадстаўлена сучаснае мастацтва. Сяргей Бандарэнка — аўтар помніка Альгерду, усталяванага ў цэнтры Віцебска. А імёны Таццяны і Юрыя Рудэнкаў даўно і непарыўна звязаны з гісторыяй фестывалю. Працуюць і пастаянныя экспазіцыі: твораў Пэна і беларускага мастацтва ХVІІІ — ХІХ стагоддзяў. Праўда, каб годна размясціць выстаўку Далі і Пікасо, давялося ахвяраваць рускім жывапісам. І раптам прыходзіць знакаміты расійскі акцёр Сяргей Бязрукаў: маўляў, хацеў бы паглядзець мастакоў-перасоўнікаў, мне казалі, што ў вас ёсць іх працы. І мы пайшлі яму насустрач, дасталі з запаснікаў усё, што было. Ён узгадаў гэты выпадак на сваім “Зорным часе”, які трансляваўся па віцебскім тэлебачанні, — і паток наведвальнікаў музея яшчэ больш узрос.

Пацікавілася коштам. Білет на Далі з Пікасо “цягнуў” на 100 тысяч рублёў, каталог з падрабязнымі каментарыямі літаральна пра кожную выстаўленую іх працу — 112 (у выставачных залах гэту кнігу можна было глядзець і чытаць бясплатна), аўдыядыск з экскурсіяй па згаданай выстаўцы — 56 (у музеі яго таксама можна было паглядзець бясплатна). Наведванне выстаўкі Ісачова каштавала 50 тысяч, альбом яго прац — мільён, за 40 тысяч можна было паглядзець усю астатнюю экспазіцыю разам з іншымі выстаўкамі. Для пенсіянераў, школьнікаў і студэнтаў, як заўсёды, меліся зніжкі. А працяглую стужку пра Далі можна было паглядзець і не зазіраючы на яго выстаўку.

Не шкадуючы “на памяць”

Як жа выкарысталі гэты асветніцкі струмень фестывалю жыхары і госці Віцебска? Шчыра кажучы, па-рознаму. Заўважыўшы бэйдж журналісцкай акрэдытацыі, гледачы пачыналі “працаваць на мікрафон”, выдаючы выключна “правільныя” выказванні. Больш цікавымі былі меркаванні, не прызначаныя “для публікацыі”. Супрацоўніца краязнаўчага музея Ксенія Дружкова пераказала мне падслуханую ў натоўпе размову дзвюх бабулек: “Вось, паглядзела на Далі”. — “І як, вельмі брыдка?” — “Ды не, нічога”. Гуляючы па Горадзе майстроў, я пачула іншы пункт гледжання: “Хочацца, канешне, “акультурыцца”. Але ж выкіні 100 тысяч на музей — і што? “Походи, поглазей”. Лепей тут паходзім ды паглядзім — бясплатна”.

Апошні фактар — суадносін цаны і якасці — спрацоўваў неяк выбарачна. І ў Горадзе майстроў, і на вуліцы побач з музеямі сувенірная прадукцыя набывалася дастаткова актыўна. Тыя ж самыя сувеніры ў касе музея каштавалі ўтрая менш, але купляліся радзей. Можа, не па тое народ у музей ішоў?

Экспазіцыя “Знітаванне” ў Горадзе майстроў, дзе дэманстраваліся габелены, батыкі, іншыя аўтарскія “жывапісы” тэкстыльнага паходжання, каштавала ўсяго 6 тысяч. Але ў той час, калі я туды завітала, наведвальнікаў не было ўвогуле. Раптам хлынуў лівень, і народ пабег пад дах. Пачуўшы, што прагляд платны, так і шчыміліся ля ўвахода, не заходзячы ўнутр. Найбольш цікаўныя выцягвалі шыю, каб “зірнуць адным вочкам”, ды лезці ў кішэню не спяшаліся. Рэкламы не было — якой-небудзь “скандальнай”? Бо ўсё ж цікавая атрымліваецца арыфметыка: 6 тысяч за беларускую выстаўку — шкада, а больш за мільён за расійскую папсу — не. Скажаце, непараўнальныя рэчы?

Ды ўсё ж агульны вынік сёлетняй выставачнай праграмы “Славянскага базару…” пакідае надзею, што з асветніцтвам на фестывалі не “скончана” — наадварот, чакаем працягу. У тым ліку, у перыяд “паміж фестывалямі”, калі ўвага да музейнай падзеі можа быць прыцягнута і з дапамогай фестывальнай эмблемы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"