Формула перамогі: у пошуках “пятага элемента”

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г

Што засведчылі конкурсы “Славянскага базару ў Віцебску-2015”
На ХХІV Міжнародным фестывалі мастацтваў, што гэтым тыднем завяршыўся ў Віцебску, на ўсе сто спраўдзілася наступная формула: гаворым пра “Славянскі базар…”, а маем на ўвазе Конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні, што праходзіць у яго рамках. І садзейнічала такому падыходу сама драматургія форуму.

/i/content/pi/cult/542/11830/3-1.jpg

Вам якую мадэль?

Конкурс у цэнтры музычнага свята — адна з найбольш распаўсюджаных мадэляў фестывальнага руху ў свеце. З такога ўзору калісьці пачынаўся і “Славянскі базар у Віцебску”. Але потым беларускія спевакі некалькі гадоў запар відавочна прайгравалі. Форум жа ўсё пашыраўся, далучаючы іншыя віды мастацтваў (узгадаю, былі часы, калі на “Славянскім базары…” і дэманстрацыі мод ладзілі, і “каралеў прыгажосці” шукалі). І музычнае спаборніцтва перамясцілася ў іншае рэчышча — гэткі негалосны “конкурс” паміж музычна-культурнымі дасягненнямі, гэткімі “выставачнымі экспазіцыямі” трох краін, кожная з якіх ладзіла на фэсце свой Дзень: Беларусі, Украіны, Расіі. Цяпер той “троіцы дзён” няма, афіцыйныя тэрміны форуму скараціліся, і спеўны конкурс (дакладней, конкурсы, бо ёсць і дарослы і дзіцячы) — зноў у цэнтры ўвагі. Прычым такой, якой не было яшчэ ніколі.

Упершыню пераможцы, уключаючы дыпламантаў конкурсу (пакуль толькі дарослага), узнагароджваліся на гала-канцэрце закрыцця фестывалю, дзе прысутнічаў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка. Упершыню адну з конкурсных узнагарод уручаў сам Лідар дзяржавы — спецыяльны прыз за яркае выкананне песень славянскіх народаў. Упершыню лёсаванне “дарослых” канкурсантаў праходзіла на Алеі зорак, дзе раней адбываліся толькі ўрачыстасці па ўшанаванні прызнаных знакамітасцяў. Дый у гала-канцэрце адкрыцця форуму на сцэну Амфітэатра выходзілі ўдзельнікі абодвух конкурсаў — дарослага і дзіцячага разам. Узрасла і ўвага да спаборніцтва з боку тэлеканалаў, што змяніла сцэнаграфію дзіцячага конкурсу. Паводле “касмічнага” па тэматыцы сцэнарыя, цягам конкурсных дзён там шукалі “пяты элемент” — на фоне дарослага мільгацення шматлікіх экранаў, што стваралі яркую тэлекарцінку.

Усё гэта (разам з павелічэннем некалькі гадоў таму прызавога фонду) надае конкурснай праграме фестывалю выключнае значэнне. І ўскладае на маладых і юных спевакоў (а яшчэ больш — на тых, хто іх адбірае, рыхтуе і ацэньвае) дадатковую адказнасць. Як жа гэтая “конкурсная мадэль” фестывалю была сёлета рэалізавана на практыцы?

Навучанасць, прырода, унутранае “я”

Узровень дзіцячага конкурсу радуе ўжо шмат гадоў запар. Сёлета дзеці-канкурсанты пасталелі (пры магчымым узросце ад 7-мі да 12-ці гадоў роўна палова ўдзельнікаў былі 11-гадовымі). Таму мы ўбачылі не толькі добра навучаных дзяўчынак і, крыху радзей, хлопчыкаў, але і эстэтычна сфарміраваных асоб — з уласным светапоглядам і мастацкімі арыенцірамі, што не адно перадаліся ад настаўнікаў, але і былі выпрацаваны свядома і мэтанакіравана.

На дзіцячым конкурсе сёлета вастрэй, чым калі, адчулася несумяшчальнасць конкурсна-“спартыўнай” скіраванасці характару і тонкіх душэўных летуценняў, уласцівых творчай асобе. Гран-пры атрымала 10-гадовая Луіза Нуркуатава з Казахстана, якая ўпэўнена і бездакорна выступала абодва конкурсныя дні. Гэта абсалютна справядліва, бо конкурс ёсць конкурс, і на ім ацэньваецца сітуацыя не ўвогуле, на перспектыву, а “на гэты момант”. У выніку перамагла не столькі юная спявачка, колькі яе настаўнікі, якія так добра яе падрыхтавалі. Цягам некалькіх гадоў яна мела індывідуальныя заняткі па сцэнічнай мове, сцэнічным руху, харэаграфіі, не гаворачы пра вакал, прычым менавіта эстрадны і з яркімі народнымі адценнямі. Але што чакае юную зорачку, калі Луіза з разраду вундэркіндаў трапіць у дарослае жыццё, сёння сказаць цяжка. Бо добрая навучанасць, пры ўсёй яе несумненнай неабходнасці, яшчэ не з’яўляецца залогам творчай самастойнасці.

А вось у некаторых іншых удзельнікаў “прадбачыць будучыню” аказалася прасцей, хаця яны і не былі, на жаль, адзначаны лаўрэацкімі званнямі. Эмілі з Малдовы і Прыэлі Рубін з Ізраіля вылучаліся музычнасцю, запамінальнымі вакальнымі тэмбрамі, разнастайнасцю іх фарбаў, што дасягаецца праз багацце абертонаў. Але абедзве дзяўчынкі лепш выступілі ў першы конкурсны дзень і крыху разгубіліся ў другі. Эмілі ўвогуле давялося адкрываць другі конкурсны дзень, выступаючы першай, таму яна, магчыма, і “стушавалася”. А між тым, напярэдадні ў песні “Бязмежная любоў” яна так выкладалася эмацыйна, так суперажывала песеннаму зместу, што ў яе ажно слёзы ў вачах стаялі...

...У падобнае становішча патрапіла і наша 9-гадовая Стэфанія Сакалова (другая прэмія). “Васільковае неба” Яўгена Алейніка на словы Аляксандра Вавілава прагучала ў яе нават лепш, чым у Алёны Ланской: з новымі музычнымі і сэнсавымі адценнямі, вельмі шчыра, з глыбокім пранікненнем у змест. А вось сусветны рэпертуар атрымаўся не такім пераканаўчым. Тым не менш, відавочная таленавітасць дзяўчынкі, яе неардынарная ўнутраная душэўная арганізацыя былі падтрыманы.

Не засталася незаўважанай і наша другая маленькая канкурсантка — вельмі артыстычная 11-гадовая Элеці (Алёна Цітова), адзначаная спецыяльным прызам Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

У дарослым конкурсе разабрацца, хто ёсць хто, павінна быць крыху прасцей. Бо там, калі ўлічваць неабходны спіс ранейшых дасягненняў і ўзнагарод удзельнікаў, збіраюцца не проста “патэнцыйныя”, а ўжо рэальныя артысты — гэта значыць, спеўныя індывідуальнасці, якія цалкам склаліся як непаўторныя творчыя асобы. Іншая справа, што расстаўляць іх “па палічках” павінны быць куды больш складана: калі ўсе яны такія непадобныя, непаўторныя, дык як параўноўваць, хто лепшы? Але ўсё гэта — у тэорыі. На прыктыцы — калі на ўвесь конкурс ёсць хаця б некалькі такіх індывідуальнасцей, гэта ўжо дасягненне. Бо навучанасць апошнім часам ідзе ўгару, індывідуальнасці ж нівелююцца.

Апошняе часткова пацвердзілі і вынікі конкурсу. Адметнасць уладальніка Гран-пры Дзімаша Кудайбергена (Казахстан) — найперш у прыродзе ягонага голасу. Літаральна бязмежны дыяпазон атрымліваецца не толькі за кошт валодання фальцэтам. Спевы ў высокім рэгістры, быццам гэта жаночае сапрана, сведчаць пра контртэнар (ці, як яшчэ называюць гэты рэдкі голас, альціна). Але 21-гадоваму хлопцу, які вучыцца эстрадным спевам у Казахскім нацыянальным універсітэце мастацтваў, трэба яшчэ вельмі многа працаваць, каб з каштоўнага каменьчыка атрымалася не проста заўважнае, адметнае, але і папраўдзе мастацкае ўпрыгожванне, дзе арыгінальнасць падачы не перашкаджае зместу. Лепш за ўсё атрымаўся ў спевака нацыянальны хіт, якім ён скарыў журы і публіку ў паўфінале (невыпадкова менавіта гэтая песня гучала і ў канцэрце закрыцця). У астатнім жа рэпертуары (і асабліва пры выкананні славянскага хіта) Дзімаш хіба працягваў дэманстраваць магчымыя вакальныя перспектывы — пры ўмовах добрай далейшай “агранкі”, “шліфоўкі” голасу і працы над кожным творам.

Наша Валерыя Грыбусава набрала ўсяго на чатыры балы менш, што прынесла ёй першую прэмію і спецыяльны прыз Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы.

Пэўна, з трох яе конкурсных выхадаў самым яркім быў першы, у паўфінале. Калыханку Рамана Козырава на верш Янкі Лучыны “Спі, малы сакол” яна выконвае ўжо не першы год. Але конкурсны дубль аказаўся лепшым за ўсе ранейшыя, якія мне даводзілася чуць. Раманс “Ноч” Давіда Тухманава паводле Уладзіміра Маякоўскага прыцягнуў тымі ж якасцямі: добрай энергетыкай, філіроўкай гуку, распрацаванай драматургіяй, дзе непарыўнае развіццё скіравана да фіналу. А вось рок-балада Фрэдзі Мерк’юры відавочна саступала арыгіналу. Можа, проста патрапіў “не той дзень”? Бо раней у спявачкі здараліся і больш удалыя выкананні гэтага твора.

На дарослым конкурсе крыўдна было адразу за некалькіх цікавых выканаўцаў. У фінал не прайшла даволі стыльная італьянка Джульета. Дыплом і спецпрыз кампаніі “МТС” атрымаў Ян Чахоўскы з Чэхіі, хаця слухачы з нецярплівасцю чакалі б і яго далейшых выступленняў, і, яшчэ больш, мюзікл з яго ўдзелам.

Ніжэйшыя конкурсныя прыступкі звычайна займаюць кубінскія ўдзельнікі. Сёлетняя Зуле Гера значна пераўзыходзіла сваіх папярэднікаў, конкурс жа быў не такім моцным па агульным узроўні, але вынік застаўся тым жа. Можа, сказалася ўздзеянне нейкай незразумелай “традыцыі”?

Па колькасці балаў на другім месцы… з канца апынуўся Марцінас Каваляўскас з Літвы. А між тым, гэта быў ледзь не адзіны з усіх спевакоў, ад якога слухачы з нецярплівасцю чакалі б суцэльнага сольніка, настолькі разнастайным, яркім, па-еўрапейску стыльным ён паўстаў за тры конкурсныя выхады. Яго індывідуальнасць выяўлялася не толькі ў тэмбравай каларыстыцы, але і ў валоданні рознымі відамі мастацтваў, ва ўменні своеасабліва прачытаць нават вядомыя песні, а галоўнае — у той унутранай энергетыцы, якая “не адпускае” слухачоў не толькі на працягу выступлення, але і праз доўгі час пасля яго.

Дык што, урэшце рэшт, цэніцца на “Славянскім базары ў Віцебску”? Няўжо ўменне “крычаць”, чым грашылі ледзь не ўсе канкурсанты, асабліва дзяўчаты? На думку некаторых замежных прадзюсараў, якія возяць да нас канкурсантаў і з якімі мне давялося пагутарыць у закуліссі, наша спаборніцтва становіцца падобным да “Еўрабачання” — сваёй… непрадказальнасцю: маўляў, год за годам уважліва сочым за працай журы і не можам зразумець логіку. Дык што ўсё ж такі на гэтым конкурсе галоўнае?..

І напрыканцы…

Колькі ні абвінавачвалі б згаданае “Еўрабачанне” ў пэўных падыходах да галасавання, але ў нечым падобным можна год за годам назіраць і на “Славянскім базары…”. Добра, калі музычны і астатнія складнікі супадаюць, як гэта адбылося з казахскімі ўдзельнікамі: у гэту краіну, нагадаем, паехалі абодва Гран-пры. Але па колькасці атрыманых узнагарод на першым месцы аказалася Украіна. Ганна Цвердаступ (Аніта) атрымала трэцюю прэмію, вышэйзгаданы спецыяльны прыз з рук Прэзідэнта Беларусі, а таксама спецпрыз расійскай прэсы. Лаўрэатамі сталі абедзе юныя ўкраінскія спявачкі: Дарына Галіцкая (першая прэмія) і Дар’я Пышняя (трэцяя прэмія). Хаця менавіта сёлета ва ўкраінцаў было надта многа ўласна музычных недапрацовак. І адна з іх, прычым вельмі прынцыповая, тычылася чамусьці ўсіх удзельнікаў з гэтай краіны. Верхнія ноты яны бралі звычайна “адкрытым” народным гукам, у ніжнія — спявалі акадэмічна. Сярэдні ж рэгістр — самы складаны, бо з’яўляецца “пераходным” — часам увогуле прападаў.

Не пашчасціла Маё Карнеё з Мексікі. Яна спявала ўсё той жа хіт “Бесамэ Муча”, які спяваў і яе леташні папярэднік Радрыга дэ ля Кадэна. Але той стаў уладальнікам Гран-пры — за добры тэнар, але абсалютна традыцыйную, нічым не прыкметную інтрэпрэтацыю. А яна — усяго толькі атрымала дыплом за… адметнае ўласнае прачытанне. Справа ў тым, што Радрыга быў першым канкурсантам з Мексікі — і яго ўзнагарода магла значна павысіць (і павысіла-такі!) цікавасць да фестывалю на ўсім лацінаамерыканскім кантыненце. А яшчэ — паспрыяла павелічэнню так званай “цыганшчыны” (у дрэнным сэнсе слова) у многіх сёлетніх канкурсантак, якія па-свойму інтэрпрэтавалі леташнія прыярытэты журы.

Ды ўсё ж на абодвух конкурсах, хацелася б у гэта верыць, намеціўся шлях да падкрэслівання і адзначэння індывідуальнасці — не абавязкова ўласнай, але хаця б нацыянальнай. Гарманічна сумясціць эстрадныя і нацыянальныя асаблівасці вакалу ў поўнай меры атрымалася ў прадстаўнікоў Казахстану. Гэтак жа выяўляць нацыянальныя асаблівасці прачытання ў змесце песень — пэўна, справа будучыні.

Фота Ігара ЗАДАРОЖНАГА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"