З’едуцца фалькларысты

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

З розных куткоў Беларусі (і не толькі) з’едуцца спецыялісты па фальклоры і носьбіты аўтэнтыкі на ІІ Рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю “Аўтэнтычны фальклор: праблемы бытавання, вывучэння, пераймання”, якую 27 — 28 сакавіка ладзіць Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў.

На пленарным пасяджэнні чакаюцца праграмныя выступленні вядомых у краіне культуролагаў і фалькларыстаў. Тэмы збірання, захавання і аховы аўтэнтычнага фальклору беларусаў, вывучэння і працягу яго традыцый, захавання народнага музычнага інструментарыя, асваення фальклорнай спадчыны дзецьмі і моладдзю ва урбаністычных умовах будуць разгледжаны падчас работы секцый. Увечары першага дня канферэнцыі пройдзе мерапрыемства з ліку тых, на якіх пастаянна бывае аншлаг, — ІІІ этнаграфічны канцэрт “Фальклор беларускай глыбінкі”. Гледачоў чакае сустрэча з традыцыйным мастацтвам Заходняга Палесся: удзел у канцэрце возьмуць аўтэнтычныя калектывы з Пінскага і Іванаўскага раёнаў.

28 сакавіка арганізатары канферэнцыі запрашаюць усіх ахвотных у Маладзёжны тэатр эстрады на канцэрт гуртоў — пераемнікаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны: “EF-суполка”, “Кроса”, “Кудзьмень”. Удзел у канцэрце возьмуць ансамбль старадаўняй музыкі “Гуда” і госці з Прыбалтыкі — ансамбль архаічных спеваў “Салсауцэяс” Акадэміі культуры Латвіі. Завершыцца канферэнцыя майстар-класамі па даследаванні і перайманні рэгіянальнага фальклору.

 Наталля РУСАК