Дык ці каціцца з горкі?

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г

Колькі было шчасця малым чытачам пракаціцца з горкі пасярод... бібліятэчнай залы! Мяркую, жыхары сталічных Малінаўкі і Паўднёвага Захаду адразу згадалі пра гасцінную залу для малодшага ўзросту Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя Мікалая Астроўскага. Ключавое слова ў выразе “згадалі”: справа ў тым, што адну з інтэрактыўных пляцовак зачынілі...

/i/content/pi/cult/542/11825/4-3.jpgЯ аб’ездзіла многія рэгіёны рэспублікі, і бібліятэкі амаль паўсюль былі абавязковым пунктам маіх камандзіровак. Таму магу заявіць: адукацыйны праект сталічнай кніжніцы быў унікальным! Такога ўзроўню інтэрактыўнай працы з наведвальнікамі, такой гульнёвай уключанасці няма і ў суседняй Расіі, шматлікія вобласці якой я таксама наведвала.

Сталічнай ЦДБ надзвычай пашанцавала: шведскі музей па казках Астрыд Ліндгрэн “Юнібакен” да 100-годдзя знакамітай казачніцы вырашыў ажыццявіць за мяжой адукацыйны праект. Разглядалі розныя краіны. Але выйграла айчынная бібліятэчная ўстанова. Пры падтрымцы Шведскага інстытута і пасольства Швецыі ў Беларусі ў 2008 годзе праект “У Карлсана на даху” стаў рэальнасцю.

У выніку, прыйшоўшы ў абанемент па кнігі, дзіця трапляла да дамкоў Малыша і Карлсана, дзе можна ўсё памацаць, паперасоўваць, павыглядаць праз розныя ваканіцы… І галоўны шык — праз вакно хлапчуковага “жытла” пералезці на суседні “дах”, каб зайсці ў домік Карлсана ды пабачыць знакамітага чырвонага пеўня. А побач — вялікая зала, у якой адсутнічалі звыклыя для бібліятэчнай установы сталы. Дзецям можна было паляжаць на падлозе ці на канапцы з кніжкай, пасядзець з альбомам на “даху” ці праехацца па горцы.

Тая інтэрактыўная пляцоўка карысталася попытам, асабліва ў халодную пару года. Слава аб ёй не сыходзіла з прафесійных і дзіцячых інтэрнэт-форумаў. У бібліятэку едуць і з бліжэйшых мікрараёнаў, і нават госці сталіцы. Прынамсі, мае сяброўкі з Польшчы і Германіі абавязковым пунктам культурнай праграмы ўключалі наведванне ЦДБ. Адпаведна, думаецца, расла і колькасць запісаных на абанеменце.

І вось кніжніца вырашыла пазбавіцца ад папулярнай інтэрактыўнай пляцоўкі. Як мне патлумачыла адна з маладых бібліятэкарак, меліся скаргі на шум. Маўляў, старэйшыя дзеці насіліся з такой "падгучкай", што перашкаджалі іншым наведвальнікам. Дапускаю. Але чаму патрэбна вырашаць пытанне так радыкальна? Можна ж паставіць на горцы абмежаванне для тых, каму не больш за 8-10 гадоў. Ды і праходзячы да паліцы з кнігамі, зрабіць дзецям заўвагу — не праблема. Дзеці гуляюць, не дурэючы, калі іх аб гэтым папрасіць.

Павесіўшы на горку не зусім зразумелую выстаўку, дзецям фактычна перакрылі па-дыход да “дахаў”, прыступак і падзорнай трубы. Прыбралі і канапу, а пасярод паставілі стол. Як запэўніла тая ж бібліятэкарка, на ім можна паспаборнічаць у настольных гульнях, калі ў супрацоўнікаў знойдзецца вольны час, каб падысці да дзятвы. Але разгарнуць кардоннае поле можна было і раней на той жа падлозе, аднак цяпер там не паляжыш з часопісам праз той жа стол. Паступова ўнікальны праект ператвараецца ў варыянт звыклай бібліятэчнай установы...

Колькі на галіновых сходах гаворыцца пра пошукі формаў узаемадзеяння з чытачамі, распрацоўку праектаў, якія будуць карэляваць з часам і вернуць дзяцей ды моладзь да друкаваных старонак. Колькі карэспандэнты “К” чуюць ад бібліятэкараў, што пад многія ідэі банальна не хапае фінансавання. Таму я ніяк не магу зразумець: чаму тыя, у каго ўжо ёсць на руках адмысловае абсталяванне, напрацаваны магчымасці яго выкарыстоўвання, пазбаўляюцца таго ўнікальнага, што вылучае іх з шэрагу калег?

Дык што далей? Ведаю: ужо фарміруецца ініцыятыўная група бацькоў, якія збіраюць подпісы для вяртання інтэрактыўнай пляцоўкі да ранейшага выгляду. Маці і таты хвалююцца, што пад маркай клопату пра бяспеку дзяцей і пра нервы дарослых, домікі Малыша і Карлсана могуць проста зачыніць. Дык давайце шукаць варыянты ўзаемадзеяння!..

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"