Кругі на вадзе: пакаленні акварэлістаў

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г

Феномен школы Сталярова
У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь праходзіць выстаўка “Настаўнік і вучні”, прысвечаная заслужанаму дзеячу мастацтваў краіны, прызнанаму майстру віцебскай школы акварэлі, педагогу, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны Івану Сталярову.

/i/content/pi/cult/542/11823/8-3.jpgКалі заходзіць гаворка пра такую мастацкую з’яву, як віцебская акварэль, у памяці ўзнікаюць дзясяткі імёнаў таленавітых творцаў. Фелікс Гумен, Валянціна Ляховіч, Мікалай Лук’янаў, Фёдар Кісялёў, Уладзімір Рынкевіч, Аляксандр Карпан, Мікалай Аўчыннікаў, Аляксандр Шыёнак — і гэта далёка не поўны спіс яркіх мастацкіх індывідуальнасцей з кагорты школы віцебскай акварэлі. Горад на Заходняй Дзвіне па праве можна назваць “акварэльнай сталіцай” нашай краіны.

Але як жа здарылася, што пераважная большасць мастакоў-акварэлістаў — прадстаўнікі віцебскага мастацкага асяроддзя або выпускнікі “мастграфа”? У чым прычына такой незгасальнай цікавасці да гэтай складанай тэхнікі, якая амаль не дазваляе пераробак і выпраўленняў? Прычым акварэль — адна з недаацэненых тэхнік, якую наогул не прызнавалі ў нашай краіне як сур’ёзную і, быць можа, не прызналі б, калі б не мастак, здольны наноў раскрыць магчымасці акварэлі і павысіць яе статус, і педагог, які валодае талентам выяўляць і развіваць індывідуальныя рысы сваіх вучняў. Такой знакавай постаццю для віцебскай мастацкай школы стаў Іван Сталяроў.

Нібы ад кінутага ў ваду каменя, што ўтварае кругі, ад Івана Сталярова паўстаў магутны імпульс у спасціжэнні асаблівасцей мовы акварэлі. Сам таго не падазраючы, творца стварыў прэцэдэнт: па яго ініцыятыве ўпершыню на ўсёй постсавецкай прасторы на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута акварэльны жывапіс быў вылучаны ў самастойны курс, і студэнты атрымалі магчымасць пісаць і абараняць свае дыпломы ў гэтай тэхніцы. Дзякуючы Сталярову былі створаны аўдыторыі для акварэльнага жывапісу, яго даследчыя напрацоўкі сталі падмуркам для спецыяльных навучальных праграм, дапаможнікаў, манаграфій.

Вынікі такой плённай выкладчыцкай дзейнасці не прымусілі сябе чакаць. Сёння каля 70 віцебскіх мастакоў называюць Івана Міхайлавіча сваім настаўнікам, а больш за 90 яго вучняў сталі членамі Беларускага саюза мастакоў. Многія з іх займаюцца выключна акварэльным жывапісам, укладаючы ў яго нешта ўласнае, залежнае ад індывідуальнага ўспрымання натуры, ад выпрацаваных прыёмаў пісьма.

Тым больш цікавай стала выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі, дзе прадстаўлены творы 24 вучняў розных пакаленняў, якія дэманструюць шырокую разнастайнасць манер, стыляў і почыркаў, быццам спаборнічаюць у сваёй непаўторнасці: ад падкрэсленай матэрыяльнасці ў выяўленні прадметаў у творчасці Фелікса Гумена да абстрагавання ад зямных форм у эксперыментальнай акварэлі Валянціны Ляховіч. У гэтым і заключаецца феномен школы Сталярова — у непадобнасці яе мастакоў.

Большую частку экспазіцыі прадстаўляюць творы самога майстра. Ён з’яўляецца прадаўжальнікам традыцыі вонкава камернага, “ціхага”, сузіральнага жывапісу, які мае сваю яркую праяву ў беларускім выяўленчым мастацтве. Іван Сталяроў выпрацаваў сваю вельмі складаную і вытанчаную выканальніцкую тэхніку, якая спалучае шматпластавасць прапрацоўкі асновы, спецыфічную “размытасць” фігуратыўных вобразных наплываў, вытанчанае каларыстычнае рашэнне, заснаванае на разнастайнасці нюансаў зялёных, карычневата-цёплых, срэбрыстых тонаў.

Сярод усёй разнастайнасці тэм, асабліва цікавым прадстаўляецца працяглы цыкл пейзажаў, дакладней — своеасаблівых ландшафтных фантазій мастака, дзе самыя звычайныя матывы — неба, лес або водная роўнядзь — бачацца прыроднымі адкрыццямі, пераданымі майстарскай рукой. З пранікнёнасцю і трымценнем творца адлюстроўвае куткі Віцебшчыны. У экспазіцыі таксама прадстаўлены больш раннія акварэльныя аркушы, прысвечаныя індустрыяльнай тэме.

Выстаўка ў Нацыянальным мастацкім сведчыць пра тое, што акварэль — гэта тэхніка жывапісных адкрыццяў, перманентнага пошуку новых каляровых і светлавых рашэнняў. Варта толькі паглядзець экспазіцыю, каб адчуць, як “на адзіным подыху” адбываецца працэс “нараджэння” пейзажа або нацюрморта. І пераканацца ў тым, што вядзяныя фарбы адначасова і маляўнічыя, і празрыстыя, нібы кругі на вадзе, што прапускаюць светлавыя промні.

Кацярына ІЗАФАТАВА, загадчык аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь