Дык давайце даносіць да публікі!

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г

Сярод тых праектаў, якіх няма ў праграме “Славянскага базару ў Віцебску”, але якія маглі б там быць, — харавая сімфонія “Вясна” маладога, але ўжо знанага кампазітара Канстанціна Яськова ў выкананні зводнага хору студэнцкіх калектываў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яна была прэзентавана ў Канцэртнай зале сталічнай філармоніі ў рамках штогадовага фестывалю гэтай навучальнай установы — як справаздачны канцэрт кафедры беларускай народна-песеннай творчасці. І сабрала аншлаг, падобны хіба таму, што меў леташні праект кафедры эстрады гэтага ж універсітэта — мюзікл “Дуброўскі”, які пабываў-такі на “Славянскім базары...”.

/i/content/pi/cult/542/11821/8-1.jpg

 

Падчас канцэрта ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Ідэя твора належала вядомаму прафесару, харавому і фальклорнаму дзеячу Станіславу Дробышу і выспявала некалькі гадоў, ажыццявіўшыся ўжо пасля яго смерці. У сімфоніі былі сабраны і апрацаваны вясновыя песні розных рэгіёнаў Беларусі. Кампазітар зрабіў дзве рэдакцыі твора: з эстрадна-сімфанічны аркестрам і, пры яго адсутнасці, з камп’ютарнай аранжыроўкай. У ідэале, вядома, павінна быць цалкам жывое спеўна-інструментальна-танцавальнае дзеянне. На прэм’еры ж твор выконваўся без аркестра. Тым не менш, у такім спалучэнні “жывога” і “нежывога”, камп’ютарна-“віртуальнага”, таксама быў свой шарм, а галоўнае — філасофская думка, наўпрост звязаная з вясновым “ажываннем” усяго жывога, што ўзімку магло ўяўляцца памерлым.

Сімфонія рэкламавалася як унікальны зварот да стылю фольк-ф’южн. Пэўна, для прыцягнення публікі такі ракурс падачы твора быў цалкам апраўданым і ледзь не адзіна магчымым. Ды ўсё ж, на маю думку, больш важным у партытуры з’яўляецца ахоп розных вясновых святаў і абрадаў, падкрэслены самім аўтарам: закліканне, Юр’еў дзень, Вялікдзень, вясновыя карагоды, Троіца.

Адчуваецца, што кампазітар добра ведае спецыфіку хору, цудоўна валодае ўсімі яго магчымасцямі, выкарыстоўвае стэрэаэфекты (у тым ліку, праходы выканаўцаў па глядзельнай зале), а таксама ансамблі, сола (не толькі вакальныя, але і, да прыкладу, акарыны). Да фальклорнага матэрыялу далучаецца аўтарскі на народныя словы, у адным нумары спалучаецца па некалькі народных тэм, дзесьці фальклор яднаецца з гарадской танцавальнай культурай эпохі барока, дзесьці — з эстраднымі павевамі. Ды ўсё ж часцей фальклорныя інтанацыі становяцца натуральнай асновай для мінімалісцкіх кампазіцый, пакідаючы месца тэатралізацыі: тут і карагоды, і танец з галінкай вярбы, і валачобнікі з мехам прысмакаў, і пастаянныя прытанцоўванні, прытопванні-прыхлопванні, іншыя рухі спевакоў, наўпрост звязаныя з абрадавай дзейнасцю, выкананнем вясновага цыклу народных песень ва ўлонні прыроды.

Ды ўсё ж жанравае акрэсленне твора як сімфоніі здалося яшчэ адной рэкламнай “прыманкай”. Вядома, кампазітар не мог не клапаціцца пра драматургію, але непарыўная лінія развіцця адчувалася хіба ў пачатку. Праўда, у фінале кампазітар зноў “намякае” на лінію бетховенскага сімфанізму — амаль бетховенскім працяглым кадансаваннем. Можа, справа яшчэ ў працягласці цыклу — больш за гадзіну? Бо калі на такім часавым адрэзку кожная наступная тэма не менш важная за папярэднюю, дык іх чаргаванне, што называецца, мільгаціць у вачах. І ў выніку зліваецца ў адну “карцінку”. Нягледзячы на разнастайныя спосабы арганізацыі матэрыялу, уключаючы лейтматывы, музычная форма ў пэўны момант пачынае ўспрымацца як кантрасна-састаўная, а не заснаваная на сімфанічным развіцці.

Ды ўсё ж прычына гэтага — у жаданні ахапіць неабсяжнае, выкарыстаць “адразу і разам” усё фальклорнае багацце. З гэтай задачай кампазітар, балетмайстар, хормайстры, іншыя педагогі БДУКіМ і ўласна выканаўцы справіліся не толькі “на ўсе сто”, але і на трыста адсоткаў. Дык давайце шырэй даносіць гэта да публікі! На наступны канцэртны сезон, наколькі вядома, прапрацоўваюцца магчымыя варыянты далейшых выкананняў “Вясны”. І гэта правільна! Бо калі ўжо хор спявае: “Вясна-красна на ўвесь свет”, дык давайце і паказваць гэта ўсяму свету!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"