Маларытчына, Пружаншчына, Бярозаўшчына...

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г


Маларытчына / Чароўная нітка канзашы

У чытальнай зале раённай бібліятэкі Маларыцкай ЦБС працавала выстаўка работ Таццяны Ефлаковай. “Чароўная нітка канзашы” працягвае арт-праект “Свет запапленняў”, які распачаты ўстановай культуры яшчэ тры гады таму.

За гэты час у ім змаглі прыняць удзел многія таленавітыя жыхары горада і раёна розных прафесій і ўзростаў, прадэманстраваўшы ўласнае майстэрства. Цяпер чарга за маларыцкай паэтэсай Таццянай Ефлаковай. 125 работ-упрыгожванняў для валасоў: заколкі, абручы, біжутэрыя ў выглядзе кветак…

— Гэта маё новае хобі, — кажа Таццяна Мікалаеўна. — Захапілася канзашы 5 месяцаў таму. Захацелася нечага новага і незвычайнага. А яшчэ — здзівіць і парадаваць маіх дачушак. Менавіта яны і натхнілі на на тое, што стала займацца канзашы.

Каб стварыць нейкі аксэсуар, Таццяна Ефлакова затрачвае ад 40 хвілін да 4-5 гадзін: усё залежыць ад складанасці работы і натхнення.

— Я імкнуся ў жыцці рабіць тое, што люблю, а не тое, што модна, прэстыжна. Вольны час цяпер у мяне раздзялены на дзве справы. Яны, напэўна, аднолькава захапляюць мяне. Калі ёсць магчымасць засяродзіцца на сваіх думках, пачуццях і перажываннях, пішу вершы. Калі ж не — спрабую стварыць маленькі падарунак для сваёй старэйшай дачушкі. Яна замаўляе яго мне ранкам, калі накіроўваецца ў дзіцячы садок. Вечарам жа бяжыць правяраць, ці выкананы ён.

Таццяна Ефлакова майстэрству канзашы навучылася сама. Прагледзела мноства майстар-класаў у Інтэрнэце, і ўласная фантазія дапамагла ёй стварыць маленькую калекцыю ўпрыгожванняў ручной работы, якія напоўнены энергіяй шчырай любові. Яна магла б быць і большай. Аднак многае Таццяна Мікалаеўна ўжо падарыла блізкім, родным, сябрам.

Мікалай НАВУМЧЫК

На здымку: Таццяна Ефлакова на сваёй выстаўцы “Чароўная нітка канзашы” ў раённай бібліятэцы.

Фота аўтара

 

Пружаншчына / Тэхнікі і тэхналогіі

Метадыстамі Раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Пружаншчыны быў праведзены семінар для кіраўнікоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і кіраўнікоў класаў школы народнай творчасці па тэме “Захаванне традыцый і развіццё новых відаў народных промыслаў (рамёстваў) у сучасных умовах фарміравання нацыянальнай культуры”.

Не выпадкова мы далі семінару такую назву, бо на пружанскай зямлі захавалася аўтэнтыка, жывуць у народзе традыцыі продкаў, развіваюцца народныя промыслы і рамёствы. Што ні вёсачка — то свая адметная і невычэрпная крыніца народнай мудрасці, што ні чалавек — то прадаўжальнік старажытных традыцый. Развіваюцца на Пружаншчыне разьба па дрэве, пляценне паясоў, саломкапляценне, роспіс па шклу, аплікацыя і інкрустацыя з саломкі, ручная вышыўка, карункапляценне, пляценне з раслінных матэрыялаў і іншыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Не так даўно адрадзіліся на Пружаншчыне бондарства і кавальства. Можна пабачыць і сучасныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: бісерапляценне, арыгамі, аплікацыю з цеста, мяккую цацку, вышыўку лентамі, таксідэрмію… Усяго ў раёне працуюць 187 майстроў народнай творчасці.

Спачатку дзея семінара разгарнулася ў Пружанскім раённым доме рамёстваў. На ганку гэтай клубнай установы з песняй вітаў работнікаў культуры народны фальклорны гурт “Бабіна лета” Аранчыцкага сельскага дома фальклора. Затым дырэктар Дома рамёстваў Алена Бяляўская пазнаёміла нас з асноўнымі мэтамі і задачамі клубнай установы, правяла экскурсію па этнаграфічным кутку і пакоях гурткоў.

У семінары ўдзельнічала Марыя Кулецкая, народны майстар Беларусі. На працягу сваёй творчай дзейнасці яна неаднаразова праводзіла майстар-класы ў дзіцячых садках і школах раёна, музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”, у рэгіёнах краіны, а таксама за мяжой. Вядучае месца ў яе творчасці займае роспіс па шкле. Менавіта яна першай у Беларусі пачала адраджаць амаль забытае традыцыйнае народнае мастацтва “маляванак”. Марыя Кулецкая звярнулася да работнікаў культуры і падкрэсліла, што для сучаснага жыцця вельмі важным з’яўляецца захаванне багацця нашай традыцыйнай культуры, якое робіць нас, беларусаў, цікавымі, адметнымі для іншых краін свету.

Дырэктар Раённага дома рамёстваў Алена Пятроўка правяла майстар-клас па пляценні традыцыйных беларускіх паясоў. У гэты ж дзень удзельнікі семінара наведалі Мураўскі СДК. У ім таксама прайшоў мастар-клас гуртка па вырабе беларускіх сувеніраў з выкарыстаннем бросавага матэрыялу.

Адным з самых яркіх момантаў стала наведванне музея народнага побыту і старадаўніх тэхналогій у Белавежскай пушчы. На тэрыторыі запаведніка быў паказаны абрад “Купалле” ў выкананні гурта “Бабіна лета”. Хочацца забегчы крыху наперад і паведаміць чытачам, што напрыканцы ліпеня калектыў наведае тэлеканал “Беларусь 2” для запісу праекта тэлепраграмы “Наперад у мінулае”.

Вольга ШЭПЕЛЬ, дырэктар Пружанскага раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі

Бярозаўшчына / Прачыталі Кнігу памяці

Вёска Здзітава Спораўскага краю ў раёне і вобласці вядомая сваёй гераічнай Здзітаўскай абаронай, мужнасцю і стойкасцю партызан. Фашыстамі былі растраляны 64 яе мірныя жыхары, 45 чалавек апынуліся ў фашысцкай няволі, 78 вяскоўцаў не вярнуліся з бою падчас Вялікай Айчыннай вайны. І праз 70 гадоў, калі змянілася ўжо не адно пакаленне горкая памяць не сціраецца.

Бібліятэкар Здзітаўскай сельскай бібліятэкі Алена Жуковіч — апантаны краязнаўца. Яна сабрала па сем’ях аднавяскоўцаў фотаздымкі і ўспаміны аб салдатах-франтавіках, партызанах і стварыла рукапісную “Кнігу памяці і славы”, дзе змешчана каля 80 імён загінулых салдат-землякоў і выжыўшых у кровапралітнай вайне. Пакаленне праўнукаў прачытала яе са сцэны Сельскага дома культуры разам з прысутнымі ў зале на вечары памяці. Дзеці падрыхтавалі эмацыйныя паведамленні аб сваіх дзедах, прадзедах і прапрадзедах, якія былі салдатамі і загінулі падчас вайны або вярнуліся ў родную вёску пераможцамі. Адным з герояў паведамленняў быў прапрадзед Аляксандра Чайчыца Андрэй Емяльянавіч Міхнюк, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, які даў жыццё адзінаццаці дзецям. Яшчэ два прапрадзеды Аляксандра — Міхаіл Антонавіч Чайчыц і Васіль Масеевіч Цэрковіч — загінулі напрыканцы вайны. У іх засталіся жонкі і дзеці, на чыю долю выпаў цяжар пасляваеннага часу.

Усхвалявана распавядала аб сваёй прабабулі Алене Канстанцінаўне дзесяцікласніца Крысціна Гладкоўская. Яе муж — Міхаіл Мікалаевіч Гладкоўскі — прапаў без вестак у 1944-м. Крысціна падкрэсліла, што жыццёвы подзвіг жанчын-удоў таксама заслугоўвае ўслаўлення. На вечары прысутнічалі і падзяліліся ўспамінамі дзеці вайны. Зала ўшанавала хвілінамі маўчання кожнага з салдат-землякоў, якія не вярнуліся з вайны.

Чуллівую ноту сцэнарнага дзеяння ўзмацнілі вершаваныя радкі аб вайне і Перамозе паэтаў-землякоў, фрагменты тэатралізацыі — расставанне байца і каханай, маналог маці-удавы, салдацкі вальс, пранізлівыя франтавыя песні ў выкананні ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці, кіруючай справамі Спораўскага сельвыканкама Наталлі Чайчыц. Музычнае ж суправаджэнне выступлення забяспечыў дырэктар Здзітаўскага СДК Аляксандр Чайчыц.

Прапанаванае жыхарам вёскі бібліятэчнае мерапрыемства стала абаронай конкурснага праекта сельскай кніжніцы і яе чытальніцкага актыву ў рамках раённага конкурса на лепшы краязнаўчы праект “Гераічную зямлю наследую я”, у які дзеці і дарослыя, нашчадкі салдат Перамогі, уклалі і вечную памяць, і годнасць грамадзянскага абавязку, і боль сваіх сэрцаў.

Ала ДРАГАН, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі