“Мы былі моцныя духам...”

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г

Партызанская адысея Леаніда Дробава
Дробаў згадвае: “Як партызанскі сувязны я пакуль працягваў жыць у родных Пятровічах. Камандаванне партызанскай брыгады палічыла важным тое, што для сувязі варта мець сваіх надзейных людзей усюды. Сувязь з партызанамі была глыбока заканспіравана. “Лясныя салдаты” заглядвалі да мяне толькі ноччу на кароткі час. Аднойчы мне даручылі адправіцца ў Бабруйск і здабыць там акупацыйную прэсу — газету “Новы шлях”, якую выпускалі немцы на беларускай мове для мясцовага насельніцтва. У ёй час ад часу фашысты друкавалі артыкулы пра свае поспехі ў барацьбе з партызанамі, з якіх няцяжка было ўстанавіць тыя кропкі, дзе дзейнічалі карнікі. Там жа вызначалася і колькасць страт паліцаяў і немцаў, якія ўдзельнічалі ў карных аперацыях. Такая “адкрытая” інфармацыя ў нейкай ступені была вельмі карыснай для партызанскага камандавання.

/i/content/pi/cult/542/11817/15-1.jpg(Працяг. Пачатак у №№ 26 — 27.)

Сабраўшы сёе-тое з сямейных пажыткаў, я з бацькам рушыў у дарогу. Спачатку ўсё ішло добра. “Дабрачынцы” досыць удала прамянялі пажыткі на харчовыя прадукты, дабылі неабходную прэсу і рушылі дадому. Па дарозе я зазірнуў у разбураны дашчэнту магазін культтавараў. Там мне ўдалося знайсці амаль не пашкоджаны фотаапарат, які хутка знайшоў сваё месца ў нашым мяшку. Пры выхадзе з горада нечакана наткнуліся на нямецкі кантрольны пост. Фашысты сталі правяраць мяшкі. І тут фотаапарат выклікаў падазронасць. Старшы афіцэр каравула махнуў рукой — маўляў, ідзіце! Але не паспелі мы прайсці і сотню метраў, як нас дагнаў на веласіпедзе фрыц, які западозрыў, што ў фотаапараце магла быць плёнка з кадрамі важных нямецкіх “вайсковых аб’ектаў”. Немец зноў палез у мяшок, выцягнуў фотаапарат і распатрашыў яго дашчэнту. Але нічога падазронага ў ім не знайшоў...

Праўда, калі бяда згушчалася над галавой, мне даводзілася пакідаць вёску і начаваць у лясных глухіх месцах. Фашысты нярэдка рабілі аблавы на партызанаў і іхніх сувязных, для чаго нечакана наляталі на вёску, як правіла, з самай раніцы.

Аднойчы я ледзь не трапіў у лапы фашыстаў. Непадалёк ад вёскі раскінулася балота з назвай Пратва. Тут пад хвоямі ў гушчары я кватараваў разам з баявым таварышам Мікалаем Дзятлавым. Немцы наляцелі, як каршакі, нечакана, абкружылі мясціну, паставілі мінамёты і пачалі прачосваць лес, абстралялі прылеглае балота. У ваду сунуцца не адважыліся, а шукалі ўздоўж канавы, якая ў свой час была пракладзена меліяратарамі для асушкі балота. Мы паспелі скокнуць у ваду, нырнуць і дыхаць праз чароцінку. А па гравійцы, літаральна ў дваццаці-трыццаці метрах, шасталі карнікі з сабакамі на павадку. Мы чулі, як яны нешта гучна гаргакалі паміж сабой. А суправаджаўшыя іх паліцаі крычалі на ўвесь лес, каб людзі, якія там хаваліся, выходзілі і здаваліся. Паліцаі абяцалі, што ўцекачы не будуць пакараны. Але ніводзін чалавек не выйшаў з лесу. Хаця, хто ведае, ці былі тут яшчэ людзі, акрамя нас..."

Леаніду Дробаву даводзілася выконваць і іншыя партызанскія даручэнні. Але вяскоўцы ўжо сталі заўважаць, што “чужыя людзі” часта заглядвалі да Лёнькі і яго бацькоў. А гэта ўжо было нейкім доказам іх сувязі з партызанамі. Адзін паклёп — і сям’і Дробавых канец. Словам, заставацца ў вёсцы стала немагчыма. Камандаванне партызанскай брыгады прапанавала Лёньку хутка ісці ў атрад.

Дробаў пісаў: “Асабліва запомніўся мне момант расставання з бацькамі. Калі ноччу партызаны прыйшлі па мяне і бацькі даведаліся, што я прыняты ў атрад, маці заплакала: “Куды ты ідзеш, мой даражэнькі! Цябе ж там могуць забіць!” А бацька сядзеў панурыўшы галаву і сказаў: “Ну, Лёня, калі ты так вырашыў, дык ідзі. Толькі без патрэбы не лезь абы куды, бо беражонага і Бог беражэ...”

Так Леанід Дробаў — шаснаццацігадовы юнак — стаў байцом партызанскага атрада № 752 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады. Пачалося баявое партызанскае жыццё — штодзённыя начныя пераходы па 30 — 35 кіламетраў, знішчэнне фашысцкай сувязі, мініраванне дарог, дзе праязджалі ці праходзілі фашысты, удзел у партызанскіх засадах і ў іншых баявых аперацыях, у тым ліку і ў “рэйкавай вайне”, якую партызаны вялі ўвосень 1943 года. З’явіліся новыя сябры — баявыя таварышы. Камандаванне брыгады цаніла хлопца за вясёлы і дасціпны нораў і безадмоўнае выкананне баявых даручэнняў. Асабліва цёплыя адносіны склаліся ў Дробава летам 1943 года з камісарам брыгады Дзмітрыем Ляпёшкіным на партызанскай базе каля вёскі Зелянковічы Калінкавіцкага раёна былой Палескай вобласці.

Леанід Дробаў: “Трапіў я туды ў складзе групы дальняй разведкі. Канешне, майму паступленню ў партызаны папярэднічалі шматлікія праверкі і даручэнні, якія я выконваў досыць удала. Даручэнні былі вельмі розныя. Ведаючы, што я нядрэнна валодаю іголкай, партызаны час ад часу заглядвалі да мяне і як сапраўднаму краўцу заказвалі буркі, галіфэ і гімнасцёркі. Аднойчы нават прынеслі старэнькае цёмна-блакітнае жаночае паліто і папрасілі, каб я пашыў з яго дзевятнаццаць пілотак, такіх, якія перад вайной насілі нашы лётчыкі. А для ўзору далі сапраўдную вайсковую пілотку з блакітным кантам, якую я тут жа распатрашыў і зрабіў выкрайку. Калі “заказ” быў выкананы і партызаны надзелі пілоткі, я аж пачырванеў ад задавальнення: так прыемна было глядзець на хлопцаў у “маіх” пілотках! Сапраўднае рэгулярнае войска!..

Памятаю, як пасля гэтага выклікаў мяне камісар.

— Ну што, Лёня? Чуў, чуў пра твае кравецкія здольнасці! Кажуць, сапраўдны інтэндант з цябе атрымаўся? — і ён ласкава пагладзіў мяне па галаве.— А чаму ж ты такі худы? Адны косці ды скура!..

Ад гэтых слоў я ажно пачырванеў. І сапраўды, у сваім старэнькім пінжачку і гімнасцёрцы, якую я выкраіў з нейкай плашч-палаткі, я нагадваў абшчыпанага маладога вераб’я з доўгай худой шыяй і вострым кадыком, які ніяк не хацеў хавацца за каўнер гімнасцёркі.

Тут жа камісар паклікаў нашага камандзіра роты Клімашонка.

— Фёдар Іванавіч! Ці не варта крыху падкарміць хлапца, га? Бачыш, які ён худы, у чым толькі душа трымаецца!..

Пасля той размовы я заўважыў, што наша паварыха Аня Рымашэўская, па прозвішчы Салавей (так яе празвалі партызаны за прыгожы голас, якім яна выконвала частушкі), стала неяк асабліва прыхільна ставіцца да мяне. І я не аднойчы знаходзіў у сваім кацялку кавалак мяса.

Ішлі дні за днямі. Сярод партызанскіх будняў, шматлікіх паходаў і баявых аперацый я неяк забыў пра свае кравецкія справы. Але вось аднойчы выклікаў мяне Дзмітрый Аляксандравіч.

— Паслухай, Лёня, ты ж ведаеш, абарваліся нашы хлопцы — адны лахманы вісяць на плячах. Ці не мог бы ты выканаць яшчэ адно “баявое” заданне — крыху прыадзець нашых байцоў?

І сапраўды, у час баявых паходаў нашы лясныя байцы вельмі паабнасіліся. З падраных штаноў і ватовак ледзь не прасвечвала голае цела.

— Можна, Дзмітрый Аляксандравіч! — адказаў я. — Толькі ў мяне няма швейнай машыны, а без яе — што ж я магу зрабіць?.."

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"