Класы, “лабы”, а галоўнае — аналіз

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г

Спецыфіка навучання музыцы за акіянам
Беларус Андрэй КАЦІКАЎ — першы сярод нашых суайчыннікаў, хто праз год скончыць амерыканскі Музычны каледж Бэрклі. Скарыстаўшыся яго прысутнасцю ў Мінску, “К” папрасіла Андрэя распавесці пра падабенствы і адрозненні навучання музыцы ў Беларусі і Злучаных Штатах Амерыкі. Дзелімся з вамі яго маналогамі.

/i/content/pi/cult/542/11815/13-1.jpgНе было б Бэрклі, ды Нью-Ёрк дапамог

— Мой музычны базіс трымаўся на музычнай школе па класе фартэпіяна і на занятках бальнымі танцамі, дзе я падаваў надзеі. Але падлеткам махнуў на ўсё рукой: стала нецікава. Гадоў у пятнаццаць зацікавіўся гітарай. Бацькі мне набылі акустычы інструмент, які, праўда, яшчэ з год прастаяў у куце. А пасля я ўпадабаў рок-музыку і захацеў навучыцца граць яе сам. Для гэтага пайшоў да Сяргея Трухановіча — не толькі гітарыста гуртоў “Крама” і “Палац”, але і выкладчыка. Для паступлення выбраў эстраднае аддзяленне Інстытута сучасных ведаў, дзе таксама выкладаў Трухановіч.

Так мінулі яшчэ два гады да таго часу, пакуль у маёй паштовай скрынцы не апынулася брашурка нью-ёркскай школы джазу. Як яна да мяне трапіла? Мо я дзесьці ў Інтэрнэце на яе падпісаўся? Не памятаю. Ды гэты момант прымусіў мяне задумацца наконт працягу адукацыі. На другім курсе стала зразумела: навучальная ўстанова не змагла мне прывіць любоў да музыкі, да ансамблевай творчасці. “Пары”, апроч заняткаў уласна гітарай, я прагульваў толькі так! Хоць вучыўся ўвогуле няблага. А яшчэ граў у гурце “FeedBack”...

Але тады я меркаваў, што замежныя навучальныя ўстановы пры маім узроўні — гэта нерэальна. Урэшце, паказаў тую брашуру бацьку, бас-гітарысту ансамбля “Беларускія песняры” Аляксандру Кацікаву, які здзівіў мяне рэакцыяй: “А давай паспрабуем Бэрклі?” Я здзівіўся, пагадзіўся і пачаў працаваць за траіх, бо было відавочна: ведаў недастаткова, каб спадзявацца на прыём у сусветна вядомы музычны каледж у амерыканскім Бостане. Тым не менш, я з’ездзіў у турэцкую Анкару на штогадовае праслухоўванне Бэрклі, якое, як высветлілася праз месяц, прайшоў. Таму наспеў час дадатковых заняткаў у беларускіх адмыслоўцаў і самастойнай працы. І вось тры гады я студэнт бостанскага каледжа. Дарэчы, нават самыя блізкія сябры дазналіся пра такую змену амаль перад маім ад’ездам у Штаты.

Розніца ў сістэмах

— На жаль, у Беларусі я не здолеў бы атрымаць такія веды ў галіне сучаснай музыкі. Наогул, бачу некалькі істотных адрозненняў у сістэмах вышэйшай музычнай адукацыі. Па-першае, у ЗША, на Захадзе наогул, навучанне адбываецца куды хутчэй, чым у нас. Па-другое, істотную ролю адыгрывае канкурэнцыя: у Бостане ў прыватнасці і ў Амерыцы ў прынцыпе сярод музыкантаў яна неверагодная. Нават на занятках, калі хтосьці са студэнтаў ці выкладчыкаў жадае зрабіць аднаразовы праект, знаходзіцца процьма ахвотных паўдзельнічаць. Па-трэцяе, магчымасць выбару пэўнага кірунку ў навучанні. Разам з тым ніхто не адмяняе базавыя класы (курсы), якія трэба здаваць абавязкова — так званае ядро музыкі, яе аснова: па чатыры курсы сальфеджыа і гармоніі, па два курсы аранжыроўкі, класічнай гармоніі, а таксама поліфанія і ансамбль.

Істотная ўмова — магчымасці для заняткаў. Ты можаш заўжды ўзяць ключ ад вольнай аўдыторыі і дзве гадзіны ў ёй займацца. Пасля яшчэ тры разы цягам дня працягвай тэрмін пры патрэбе. А можна і зранку праз сайт каледжа забраніраваць гэты пакой на ўвесь дзень. Памятаю, як патрабавалася правесці рэпетыцыю ў беларускім інстытуце… То ключа не мелася, то нехта за яго адказны з’ехаў, то комбік зламаны… У ЗША сістэма выбудавана ад адваротнага: нешта не працуе — пачыняць альбо заменяць.

Урэшце, прычыны мне зразумелыя: у Беларусі вымушана арыентуюцца на бюджэтныя сродкі, за акіянам жа магчымасці іншага парадку. Таму і штат супрацоўнікаў у нас абмежаваны, а ў Бэрклі адных толькі выкладчыкаў гітары пад 80 чалавек. А колькі выкшталцоных саксафаністаў, трубачоў, барабаншчыкаў! Розніца ў беларускай і амерыканскай сістэмах адукацыі яшчэ і ў тым, што там студэнты ідуць да пэўнага выкладчыка. Такім чынам, нават узнікае конкурс сярод педагогаў. І чым далей па лесвіцы навучання праходзіш, тым раней можаш выбраць педагога і пэўныя курсы. А ведаючы дату пачатку рэгістрацыі, ужо загадзя збіраеш звесткі пра настаўнікаў, каб вылучыць найбольш цікавы прадмет і яго носьбіта. Усё гэта робіцца праз Сеціва.

Дарэчы, карыстаюцца ўсе і сайтам, назва якога перакладаецца “Ацані майго прафесара”. Там можна прачытаць каментарыі навучэнцаў адносна кваліфікаванасці, станоўчых і адмоўных рыс выкладання пэўным педагогам. У выніку рэйтынг складаецца з наступных крытэрыяў: лёгкасць/складанасць, нагрузка, хатнія заданні, “перчык” — пачуццё гумару. Праз выбар курсаў пакрысе выходзіш і на фінальны праект, дыплом.

Ну і выдатная рэч — “лабы”, падобныя ў нечым да нашых лабараторных гадзін. У выпадку з Бэрклі, у час іх разам з іншымі студэнтамі (у маім выпадку — гітарыстамі) сядаеш з выкладчыкам у аўдыторыі і ён паказвае табе ўсялякія цікавыя штукі, раіць, як іх скарыстоўваць у практыцы. Урэшце, “лабы” можна браць нават не па тым кірунку, па якім ты, уласна, навучаешся. Напрыклад, як круціць ды-джэйскія вяртушкі, па праграмным забеспячэнні, па вакале, клавішах. У нас падобная сістэма, відаць, немагчымая якраз праз згаданы фінансавы складнік, праз не самую высокую аплату працы выкладчыкаў. Хаця, падавалася б, той, хто вучыць, павінен і зарабляць адпаведна…

Нельга без аналізу

— Мэта для мяне стаяла адна — навучыцца, паспрабаваць максімальна раскрыць уласны патэнцыял. Я ж чуў тую музыку, што падабае мой бацька, а гэта, сярод іншага, і джаз. (Яго любоў да згаданага кірунку мне часам падаецца апантанасцю!) Урэшце, музыканты слухаюць музыку зусім інакш, чым астатнія людзі. Скажам, я цяпер у любым запісе выслухоўваю, што і якім чынам “разведзена”, якія акорды ўзятыя. Вось такія разгадкі я і пачынаў шукаць у джазе.

Але рэальныя змены як музыкант адчуў прыблізна праз два гады навучання. Стала зразумела, што рабіць стаўку на адну гітару — немэтазгодна. Ад доўгай ігры пачынаюць балець рукі, да ўсяго — высокая канкурэнцыя ў прафесіі. А кантакты з больш сталымі навучэнцамі каледжа пераканалі: варта заняцца чымсьці яшчэ, і я захапіўся спачатку джазавым вакалам, а пасля праслухоўвання трапіў у хор (спяваю там больш за год) да аднаго з праслаўленых тамтэйшых джазавых аранжыроўшчыкаў. На пачатку я браў у яго “лабы”, а калі магчымасці на тое не меў, ён дазволіў іх наведваць бясплатна. Было вельмі прыемна.

Пасля я захапіўся сачыненнем музыкі, міксінгам, джазавым фартэпіяна. Мне апошняе прыйшлося даспадобы таму, што гэта не проста праца на ўзроўні памяці цягліц, але ўсвядомленая, канцэптуальная музыка. І я кінуўся ў джазавую гармонію. Праўда, цягам семестра гэты клас мяне напружваў, бо справа — складаная. Але як толькі ён завяршыўся, я вырашыў, тым не менш, не пакідаць пачатую справу: стаў вывучаць рэгарманізацыю і джазавыя канцэпты — класічныя і сучасныя.

У выніку завяршэння ўсіх гэтых курсаў я падыходжу да апошняга года навучання. Атрыманая спецыяльнасць будзе называцца “Прафесійная музыка”, а дадатковая, па якой пішу дыплом, — “Сучасная джазавая музычная аналітыка”. У рамках заняткаў па апошняй мы разбіраем тыя ці іншыя творы, вылічваем, чаму яны з’яўляюцца альбо не з’яўляюцца хітамі. Бо калі ты ведаеш такія нюансы, іх можна скарыстаць у прафесійнай дзейнасці.

Дарэчы, з паўгода таму разам з сябрам мы стварылі рэкламную кампанію. Пачалі з джынглаў для радыё, а далей заняліся гукавым дызайнам, саўндтрэкамі. Паспелі зрабіць, напрыклад, рэкламу для самага вялікага цырку ў Злучаных Штатах напярэдадні яго гастроляў па 40 штатах. Дарэчы, акурат за паўгода да згаданых падзей я браў клас па камерцыйнай музыцы. І тут такі прарыў!..

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах