Калі выспявалі чарніцы…

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

Нататкі з этнаэкспедыцыі: ганцавіцкія песні ды тэкстыль
У Ганцавіцкім раёне праходзіць экспедыцыя Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Удзельнікі начуюць у вёсцы Боркі, а працаваць раз’язджаюцца па раёне на роварах і машынах. Цікава распытваць, жыхары якіх вёсак лічаць сябе палешукамі, а якія — “палянамі”. Цікава назіраць, як у раёне спалучаюцца рысы, характэрныя для Заходняга і Усходняга Палесся. Пасля тыдня экспедыцыйнай працы ўжо можна сцвярджаць, што Ганцавіцкі рэгіён багаты на песні і тэкстыль.

/i/content/pi/cult/541/11811/12-3.jpgЧаста ў экспедыцыі праз раз’езды няма калі добра раззнаёміцца з жыхарамі вёскі, у якой знаходзіцца база. Але гэтым разам атрымалася інакш. Наша хата стаяла насупраць крамы, таму аб экспедыцыі хутка даведаўся бадай кожны жыхар Борак.

Цяпер —  час выспявання чарніц. 


Ранкам усе, хто можа, і старыя, і малыя, ідуць у ягады, а вяртаюцца па абедзе. Перакупшчыкі набываюць “чорныя ягады”, як тут кажуць, па 20 — 25 тысяч за кілаграм. Потым, напрыклад, на мінскім “Экспабеле”, можна сустрэць чарніцы па 50 — 70 тысяч. Гэта прыбытковы бізнэс і для гандляроў, і для вяскоўцаў. Далучаюцца да “ягаднай эпапеі” і клубныя работнікі: працоўны дзень у шмат якіх вясковых установах культуры афіцыйна пачынаецца блізу 15-й дня і заканчваецца апоўначы, разам з дыскатэкамі.

А вось у Борках, дзе мы жылі, нам пашанцавала: амаль кожная бабуля, з якой давялося размаўляць, казала пра работніцу клуба: “Вы ж толькі звяжыцеся з нашай Валянцінай Масееўнай!”.

Першая, з кім мы пазнаёміліся — Ульяна Віннік. Сфатаграфавала яе з двума каларытнымі кошыкамі, акурат ля прыёмнага пункту, дзе бабуля здавала чарніцы. Аказалася, што перада мной — народны майстар Беларусі па ткацтве, спявачка і кухарка. 3-га ліпеня Ульяну Пятроўну запрасілі ў Ганцавічы паўдзельнічаць у выстаўцы рамёстваў на дзень горада, бывала яна ў Мінску на “Вясновым букеце”, на абласных святах. Паспела і пабыць тэлезоркай: у яе ў гасцях здымала, як гатаваць пернікі з макам, праграма “Беларуская кухня” з Ларысай Мятлеўскай.

За гаспадаркай і ягадамі Ульяна Пятроўна мела не дужа шмат вольнага часу, таму ў першы ж дзень адвяла мяне да сваёй сяброўкі, Марыі Кот. Тая выканала некалькі каляндарных песень, перанятых ад маці, паказала свае запасы тэкстылю. Захаваліся

абрусы і “наметкі”,


як тут кажуць, работы яе маці, а таксама вырабы самой Марыі Іванаўны. У Ганцавіцкім раёне яшчэ да 1970-х гадоў гаспадыні ткалі ручнікі з ромба-геаметрычным арнаментам і ўпрыгожвалі такімі ж узорамі кашулі ды торбачкі. Ганцавіцкія торбачкі з паясамі замест ручак выкарыстоўвалі, калі пасвілі кароў, хадзілі з імі ў школу і краму, у госці. Калі ў жанчыны замест пояса торбачка вісела на вяроўцы, яе абгаворвала ўся вёска: “Не ўмее паяска саткаці”. Паясамі перавязаныя ў куфрах андаракі і сувоі даматкані, на іх дзе-нідзе да сёння мацуюцца фіранкі. Тэхналогію ткацтва паясоў на ніту ў раёне гатовая прадэманстраваць амаль кожная бабуля, старэйшая за 70 гадоў.

Улічваючы такую распаўсюджанасць паясоў, здзіўляе, што ў жаночым строі на памяці бабуль, з якімі давялося размаўляць, іх не завязвалі на пояс. Выкарыстоўвалі як спавівач, павязвалі на бутэльку з гарэлкай сватам, раздорвалі на вяселлі, шырэйшыя вырабы насілі мужчыны, але каб жанчыны — не. Паясы ўзгадваюцца ў фальклорных творах з Ганцавіцкага раёна. Напрыклад, калыханка ад Марыі Кот:

Пайшоў коцік у лясок,

Нашоў коцік паясок.

Трэба коціка дагнаць,

Паясочак адабраць.


Часта на смерць бабулі захоўваюць “наметкі” даўжынёй каля трох метраў. Наконт назвы гэтага вырабу: ад спецыяліста па тэкстылю Марыі Віннікавай даводзілася чуць, што прынятае ў беларускай літаратурнай мове азначэнне “намітка” — гэта украінізм. Для нас больш арганічныя варыянты “намётка” ці, як у Ганцавіцкім раёне, “наметка”.

Марыя Кот апавядае, што яе маці падчас вяселля наметку навівалі на галаву. Аднак на яе памяці наметкі як галаўны ўбор ужо не насілі. Цяпер іх захоўваюць, каб апусціць у магілу труну (тут кажуць “дом”). Ёсць нават такі праклён: “Каб цябе на вяроўках апускалі!”. Некаторыя захоўваюць “на смерць” элементы свайго вясельнага строя, акрамя ўласна “смярцёнай” вопраткі рыхтуюць падарункі памерлым родным і сваякам. Такія “падарункі” потым пакладуць разам з гаспадыняй у труну.

Ужо добра раззнаёміўшыся з бабулямі, сустракаемся з загадчыкам

сельскага клуба ў Борках


Валянцінай Шпакавай. Яна ўжо некалькі гадоў на пенсіі, але пакуль не пакідае працу. Збірае бабуль на рэпетыцыі, ладзіць свята вёскі і шчадраванне. У клубе — цікавы этнаграфічны куток, добра аформленыя і змястоўныя метадычныя матэрыялы: сцэнарыі святаў, слоўнік мясцовай гаворкі, выразкі з газет. Мяркуючы па апошніх, Боркі не мінаюць нават супрацоўнікі сталічных медыя. Гэта ўсцешвае, улічваючы, што ў раёне ёсць нашмат больш “раскручаныя” вёскі, кшталту Раздзялавічаў, Хатынічаў, Малькавічаў. Прыемна, што іх ведаюць не толькі ў сталіцы: адмаўляючыся спяваць, некаторыя ганцавіцкія бабулі скіроўвалі нас туды.

У Борках амаль няма моладзі (усяго адно дзіця), якое школьны аўтобус возіць у раённы цэнтр. Таму клуб — фактычна манапольная “рэпетыцыйная кропка” для бабуль. Іх у фальклорным гурце сёння тры: ужо знаёмая нам Марыя Кот, родныя сёстры Антаніна і Галіна Шушко. Падводзіць у гурце маладзейшая ўдзельніца, Галіна Купрыянік. Спявае з усімі разам і падыгрывае на гармоніку ды баяне Валянціна Шпакава. Удзельнікі экспедыцыі зладзілі сумесную спеўна-танцавальную вечарыну і пераканаліся: боркаўскія бабулі перапяюць і ператаньчаць маладых! Уражанні — найлепшыя.

Фота аўтара 

Мінск — Ганцавіцкі раён — Мінск

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"