Пераможныя фуэтэ

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

Дыпламантамі V Міжнароднага балетнага конкурсу імя Р.Нурыева ў Будапешце, які сабраў 66 удзельнікаў з 21 краіны свету, сталі нядаўнія выпускнікі Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа, артысты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Беларусі Кацярына Алейнік і Ягор Азаркевіч. Кацярына атрымала таксама спецыяльны прыз старшыні журы Маі Плісецкай “За інтэрпрэтацыю Адыліі”.

 /i/content/pi/cult/154/1181/Fuete.jpg
Калі для Ягора Азаркевіча спаборніцтва такога ўзроўню было ўсяго другім у жыцці, дык за худзенькімі плячыма Кацярыны Алейнік былі ўжо тры міжнародныя перамогі: яна лаўрэат двух міжнародных конкурсаў — у Харкаве і Варне (пра апошні “К” пісала ў № 32 за 2006 г.), а таксама дыпламант Міжнароднага конкурсу ў Шанхаі (“К” № 36 за 2007 г.).

Яшчэ падчас навучання ў классе Вольгі Лапо яна была прынята ў нашу балетную трупу стажоркай, заўзята танчыла Ману ў “Баядэрцы”, у тым ліку на прэм’еры, а скончыўшы летась каледж, адразу стала салісткай тэатра. Аматары балета бачылі яе ў такіх спектаклях, як “Дон Кіхот”, “Эсмеральда”, “Спячая прыгажуня”, Шчаўкунок”, “Лебядзінае возера”, “Карміна Бурана”, “Бахчысарайскі фантан”. Невялікія сольныя партыі ёсць і ў рэпертуары Ягора. На конкурсе ж у Венгрыі яны выступалі дуэтам, паказаўшы на трох турах тры розныя па-дэ-дэ: з “Эсмеральды”, “Шчаўкунка” і “Лебядзінага возера”.

— Усіх вельмі ўразіла, — расказала Каця, — наша па-дэ-дэ з балета “Шчаўкунок”. Мы ўжо неяк прызвычаіліся і да гэтай, і да іншых пастановак Валянціна Елізар’ева, таму ўспрымаем іх як дадзенасць і не ўяўляем, ці можа быць іначай. У тых жа, хто ўбачыў гэтае па-дэ-дэ ўпершыню, не хапала слоў, каб выказаць сваё шчырае захапленне адметнасцю, складанасцю і прыгажосцю яго харэаграфіі. Усе пыталіся: “Як вы робіце такія складаныя падтрымкі? Няўжо гэта магчыма?” Асабіста ж для мяне самым цяжкім стаўся трэці тур. Яшчэ са студзеня ў мяне штосьці пабольвала нага, але ўсё не было часу яе падлячыць: думала, вось вярнуся з конкурсу — тады. А там зразумела: усё, пракруціць на ёй знакамітыя 32 фуэтэ не змагу. На рэпетыцыі вырашыла паспрабаваць зрабіць гэтыя вярчэнні і некаторыя іншыя рухі на другой назе і, адпаведна, у іншы бок. Мабыць, атрымалася… Мяне ўвогуле скарыла надзвычай зацікаўленае, нават памацярынску клапатлівае стаўленне да ўсіх нас Маі Плісецкай. Звычайна журы не падтрымлівае з канкурсантамі ніякіх стасункаў — адно паведамляе вынікі. Наколькі ж я была здзіўлена, калі пасля выступлення Мая Міхайлаўна падышла да мяне, пачала распытваць, што з нагой, назвала мой учынак гераічным подзвігам, а перад заключным канцэртам, дзе я была вымушана той “подзвіг” паўтарыць, яна давала мне наконт маёй Адыліі парады.

Будзем спадзявацца, што пасля выздараўлення мы ўбачым Адылію Кацярыны Алейнік (разам, вядома, з Адэтай) і на сцэне ў Мінску. Вы не бачылі, дарэчы, як яна круціць не звычайныя, а падвойныя фуэтэ? Значыць, шмат страцілі.


Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: Кацярына Алейнік.
Фота Васіля МАЙСЯЁНКА