Па словы… на матацыкле

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

Алесь ЗАЙКА, дыялектолаг, краязнаўца
Цікавіцца словамі я пачаў яшчэ са школьнай парты. Мне заўсёды было цікава даведацца, чаму ў адным сяле кажуць так, а ў іншым — інакш. Пасля вяртання са службы ў арміі ў Заполле, я пачаў працаваць там вясковым настаўнікам. І ўвесь час займаўся справай, якая мяне захапіла: ездзіў на сваім матацыкле па родных ваколіцах ды гутарыў з мясцовымі жыхарамі. Трыццаць пяць гадоў рабіў запісы.

/i/content/pi/cult/541/11806/5-3.jpgНапрыклад, мая кніга “Дым з коміна” — пра нашыя мясціны. Яна з маіх назіранняў за запалянцамі, пра цікавыя сустрэчы з гэтымі людзьмі. Напрыклад, косаўцы пра нашых запалянцаў кажуць так: “Ім не дай зарабіць, дай нарабіцца”. Такія тут жывуць працаўнікі!..

А, напрыклад, мае “Дыялектны слоўнік Косаўшчыны” ці “Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны” для мяне сапраўды гучаць, поўняцца галасамі людзей, што збераглі такое багацце. Вялікі ім дзякуй! На жаль, многія з іх адышлі ў іншы свет. Няма ўжо і маіх бацькоў, Тамаша Якаўлевіча і Аляксандры Пятроўны, шчырых маіх памочнікаў і апекуноў. Колькі адметных, непаўторных слоў пачуў я ад іх! Кожнае новае, прывезенае з вандровак, слоўца абмяркоўвалася і толькі з іх згоды ўхвалялася, папаўняла картатэку.

Дарэчы, штуршком для збірання дыялектных слоў стала простая жыццёвая сітуацыя, выпадак, здарэнне. Я назіраў за лыжнымі спаборніцтвамі ў райцэнтры. У Івацэвічы тады з’ехаліся дзеці з усяго раёна. Сучасны Івацэвіцкі раён, так склалася здаўна, дзеліцца на тры рэгіёны: Косаўшчыну, Быценшчыну і Целяханшчыну. Калі Быценшчына ды Косаўшчына знаходзяцца ў арэале гродзенска-баранавіцкай дыялектнай групы гаворак, то Целяханшчына — заходнепалескай. Целяханшчына — гэта ўжо палешукі, пачатак Палесся, а Быценшчына ды Косаўшчына — ліцвіны, ліцвінская зямля. Вось тады я і пачуў, што адны дзеці лыжныя палкі называлі кіямі, калкамі, вожагамі, а нашы дзеці — апірачкамі. І я вельмі здзівіўся, калі гэта слова не знайшоў у тлумачальным слоўніку беларускай мовы. Так і пачалася мая праца, якая доўжыцца і сёння.

Што да новай маёй кнігі, прэзентацыя якой адбылася яшчэ напрыканцы чэрвеня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, дык гэтае выданне выдавецтва “Тэхналогія” мае досыць вялікую назву. А менавіта: “Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны”. Збіраць матэрыялы да кнігі я пачаў яшчэ ў далёкім 1966 годзе, калі вучыўся ў адзінаццатым класе Косаўскай школы. Да маёй бабулі Марылі прыходзілі яе таварышкі. Ад іх яшчэ тады я запісаў шмат прыказак, прымавак, песень, жартаў, пажаданняў на вяселлі. Гэтая кніга цікавая тым, што ў ёй даецца поўная пашпартызацыя: прозвішча і ініцыялы інфарманта, звесткі пра год яго нараджэння, час запісу, месца жыхарства і адміністрацыйная прыналежнасць сялібы.

Скажу і пра тое, што ў працы побач са мной была мая жонка Антаніна. Часта, пакідаючы тэрміновыя гаспадарчыя справы, я ездзіў па навакольных вёсках у пошуках самабытнага слова, песні, легенды і ніколі не чуў ад яе папрокаў, нараканняў. А яшчэ яна дапамагала мне набіраць мае запісы, рэдагавала іх… Так што гэтая кніга — таксама і плён яе працы.

У маіх далейшых планах — выданне кнігі па мікратапаніміі Косаўшчыны. А апошняе, чым я зараз займаюся, — крыніцамі ў родным краі. Хачу запісаць, дзе яны выбіваюцца ў нашым раёне. Такіх мясцін у нас даволі многа. Таксама цікаўлюся курганамі. Вось, да прыкладу, у Бялавічах курганы — унікальная з’ява! А яшчэ я даследую свой радавод — ведаю яго ажно з 1795 года, але хачу заглыбіцца яшчэ далей… Так што працы мне, як бачыце, хопіць яшчэ надоўга…

Фота Сяргея ЧЫГРЫНА з Інтэрнэту

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"