Замовім слова аб культуры

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Кажуць, там, дзе дзеляць грошы, аб культуры забываюць. Але ж без грошай і культура не можа існаваць. У сувязі з гэтым уяўляецца важным больш пільна зірнуць на сітуацыю з падтрымкай сферы культуры і яе работнікаў фінансавымі органамі краіны.

/i/content/pi/cult/109/118/st5_1.jpgСкажу адразу, за стан сферы культуры дэпутаты парламента ўвогуле спакойныя. І сапраўды, калі ў 2001 годзе толькі з бюджэту рэспублікі на падтрымку культуры, мастацтва і кінематаграфіі накіроўвалася крыху болей за 20 млрд. руб., дык на 2006 год было запланавана выдаткаваць ужо амаль 107 млрд. руб. За 5 гадоў рост у пяць разоў! Пры рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла за студзень — жнівень 2006 года на культуру патрачана 93,75 млрд. рублёў. Сродкі былі накіраваны на забеспячэнне дзейнасці ўстаноў культуры, адкрыццё новых тыпаў устаноў культуры, камп’ютэрызацыю бібліятэк, фарміраванне сеткі мабільных устаноў культуры для абслугоўвання жыхароў маланаселеных пунктаў. Ніхто не стане адмаўляць, што гэта вельмі вялікае і важкае дасягненне. Таму можна і патрэбна гаварыць аб значнай дзяржаўнай падтрымцы беларускай культуры, у першую чаргу, з боку кіраўніцтва краіны, усіх органаў выканаўчай улады, якая прывяла да яе новага якаснага стану. У выніку ў Рэспубліцы Беларусь не толькі захаваліся даўно вядомыя культурна-гістарычныя каштоўнасці, традыцыі беларускага народа, але адбылося іх прымнажэнне і абагачэнне новымі, раней невядомымі каштоўнасцямі. І за доказам хадзіць далёка не трэба. Успомнім набыткі, прычым не толькі рэспубліканскага, але і сусветнага маштабу, якія сталі гонарам і адметнай асаблівасцю нашай краіны, такія, як будаўніцтва велічнай Нацыянальнай бібліятэкі, рэканструкцыя філармоніі, будаўніцтва дадатковых залаў Нацыянальнага мастацкага музея, перамогі нашых артыстаў на міжнародных спаборніцтвах, кінафестывалі, фестывалі “Белая вежа”, “Мінская вясна”, “Беларуская музыкальная восень”, Славянскі базар у Віцебску”, Дзень пісьменства і многае-многае іншае. У маім родным Іванаўскім раёне будуецца музей Напалеона Орды, утрымліваюцца за кошт сродкаў бюджэту дзесяткі музеяў і помнікаў, працуюць бібліятэкі і Дамы культуры, функцыянуюць кінатэатры, шматлікія самадзейныя калектывы.

Ёсць чым ганарыцца, ёсць чаму радавацца беларускім людзям, а іншаземцам ёсць чаму па-добраму пазайздросціць і павучыцца. І ўсё ж поўнага заспакаення наступаць не павінна. Лічыць дастатковым фінансаванне нейкай галіне народнай гаспадаркі можна толькі ў тым выпадку, калі кожны яе старанна працуючы прадстаўнік атрымлівае годны заробак. Мы чуем аб звышганарарах асобных спевакоў, кінаартыстаў, мастакоў. Аднак рэальны стан справы вызначаецца не іх даходамі, а сярэдняй заработнай платай у галіне. Кажучы прасцей, тым заробкам, які прыносяць у сем’і загадчыкі вясковых клубаў, бібліятэкары, супрацоўнікі музеяў. Зразумела, што радавыя працаўнікі галіны “культура і мастацтва”, якія знаходзяцца на бюджэтных стаўках, тыя, хто непасрэдна захоўвае і прымнажае цудоўнае, прывівае да яго цікавасць і любоў іншых людзей, не павінны заставацца ў ценю і крыўдаваць з-за недастатковай матэрыяльнай падтрымкі. Бо ў іх жа няма іншых крыніц і спосабаў прыработку.

Дык вялікі ці вельмі малы заробак у працаўнікоў на ніве культуры і мастацтва? Павялічваецца ён ці зніжаецца ў адносінах да іншых працоўных краіны? Адказ можа даць толькі непрадузяты аналіз канцэртных лічбаў, якія штогод прадастаўляюцца айчыннай статыстыкай. У 2005 годзе з усіх крыніц на культуру было выдзелена 359,7 млрд. руб. У тым ліку ў рэспубліканскім бюджэце былі запланаваны асігнаванні на ўтрыманне 43 устаноў культуры ў памеры 71,5 млрд. руб. (рост на 27,3%). У галіне захоўвалася сетка ўстаноў, якая склалася раней, але пры гэтым пастаянна праводзілася (як праводзіцца і зараз) праца па яе аптымізацыі. Сярэдняя намінальная налічаная заработная плата работнікаў культуры ў мінулагоднім верасні складала 369,0 тыс. руб., работнікаў мастацтва — 397,3 тыс. руб., бібліятэкараў — 301,2 тыс. руб. (рост на 43,9%, самы вялікі пасля работнікаў судовых органаў). Як быццам, заробкі не малыя. Аднак усё пазнаецца ў параўнанні. Па заробку работнікі культуры і мастацтва займалі толькі другое і трэцяе месцы знізу сярод працаўнікоў бюджэтнай сферы, а бібліятэкары — чацвёртае месца знізу сярод усіх работнікаў па галінах эканомікі і самае нізкае сярод бюджэтнікаў. У той час сярэдні па краіне заробак складаў 485,2 тыс. руб. Такім чынам, калі работнікі культуры да сярэднерэспубліканскай мяжы не дабіралі восенню 2005 года 116,2 тыс. руб., работнікі мастацтва — 87,9 тыс. руб, то бібліятэкары — ажно 184 тыс. руб. (прыкладна 86 долараў ЗША). Дарэчы, нельга скідваць з рахунку і тое, што нават гэты памер у асноўным “наганяецца” заробкамі супрацоўнікаў буйных бібліятэк і музеяў. А ў раённых цэнтрах ён значна меншы, і справы трымаюцца амаль на голым энтузіязме.

Чакаемае выкананне кансалідаванага бюджэту ў 2006 годзе плануецца на ўзроўні 416,9 млрд. руб. (рост на 16%). Выдаткі рэспубліканскага бюджэту на культуру, мастацтва і кінематаграфію былі запланаваны ўжо ў памеры 106,9 млрд. руб. (рост на
44,4%). Значны рост дзяржаўнай падтрымкі (амаль у паўтара разы!) быў выкліканы тым, што ў бюджэце прадугледжваліся дадатковыя выдаткі ў сувязі з уводам у дзеянне новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, а таксама пачаткам работ па рэканструкцыі будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ўтрымліваліся 23 арганізацыі культуры, атрымалі субсідыі на пакрыццё страт ад творчавытворчай дзейнасці 16 тэатральна-відовішчных арганізацый. Былі запланаваны расходы на правядзенне капітальнага рамонту ўстаноў культуры ў памеры 15,1 млрд. руб. Заканамерна было б чакаць і істотнага росту заробку непасрэдных работнікаў гэтай сферы. Тым больш, што ўсё адбывалася і адбываецца на фоне стабілізацыі і нават некаторага падзення курса долара ў адносінах да беларускага рубля. Сапраўды, сярэдняя намінальная налічаная заработная плата работнікаў культуры ў верасні склала ўжо 463,5 тыс. руб. з ростам на 25,6 %, работнікаў мастацтва — 508,5 тыс. руб. з ростам на 27,9 % (але гэта, па-ранейшаму, другое і трэцяе месцы знізу сярод работнікаў бюджэтнай сферы), бібліятэкараў — 374,6 тыс. руб. (таксама значнае павелічэнне — рост на 24,4 %, але ўжо толькі другое месца знізу сярод усіх работнікаў па галінах эканомікі і, паранейшаму, самае нізкае месца сярод бюджэтнікаў). Між тым, сярэдняя па краіне заработная плата ў верасні гэтага года склала 606,4 тыс руб. Бачна, што да памеру сярэднерэспубліканскага заробак работнікаў культуры “не дацягвае” ўжо 142,9 тыс. руб., работнікаў мастацтва — 97,9 тыс. руб., а бібліятэкараў — 221,8 тыс. руб. (прыкладна 103 долары ЗША).

Складваецца ўражанне, што наогул бібліятэкара, як і супрацоўніка музея, прыраўнялі да вартаўніка, які ахоўвае давераныя яму матэрыяльныя культурныя і гістарычныя каштоўнасці і выцірае з іх пыл, забыўшыся аб сапраўднай ролі і прызначэнні гэтых людзей ў нашым грамадстве. Інакш чым растлумачыць не толькі малы прырост заробку, але і працэнтнага яго выражэння сярод занятых у галіне культуры і мастацтва?.. Дарэчы, такіх людзей не так ужо і многа. Бібліятэкараў — прыблізна дзесяць тысяч, а супрацоўнікаў музеяў — каля трох тысяч. Асабліва вострай была і пакуль застаецца праблема аплаты працы маладых спецыялістаў, якія толькі скончылі вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову культуры. Канечне, гэтая праблема была, ёсць і будзе ва ўсе часы і ва ўсіх дзяржавах. Не можа малады чалавек адразу мець узровень даходаў такі ж,
як вопытны спецыяліст з вялікім стажам працы і высокай кваліфікацыяй. Але нас радуе тое, што ўжо пастаўлена дакладная задача, якая без сумнення, і мы на гэта вельмі спадзяёмся, будзе выканана: забяспечыць годны памер заробку маладым спецыялістам ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі, але менавіта заробленай платы, а не платы за тое, што малады.

На наступны фінансавы 2007 год праектам рэспубліканскага бюджэту асігнаванні на культуру ўстаноўлены ў памеры 124,5 млрд. руб. (рост да плана 2006 г. складае 16,5 %). Кансалідаваны бюджэт зацверджаны ў памеры 480,5 млрд. руб. (рост на 15 %). Запланаваныя выдаткі па правядзенні капітальнага рамонту ўстаноў культуры ў аб’ёме 11,8 млрд. руб. Прыцягненне пазабюджэтных сродкаў на культуру чакаецца ў памеры 35,1 млрд. руб. Сродкаў павінна хапіць на ўсе накірункі дзейнасці сферы культуры: утрыманне Нацыянальнай бібліятэкі як соцыякультурнага цэнтра (24,2 млрд. руб.), дзейнасць тэатральнавідовішчных арганізацый і стварэнне новых пастановак (33,1 млрд. руб), вытворчасць фільмаў (10,3 млрд. руб), правядзенне міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў (4,9 млрд. руб), рэстаўрацыю і аднаўленне гісторыка-культурных помнікаў (700 млн. руб.) і тэхнічнае пераабсталяванне дзяржаўных тэатраў (2,2 млрд. руб.). Дзяржава і далей будзе праводзіць мэтанакіраваную палітыку ў галіне культуры, асновай якой з’яўляецца захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей і далейшае развіццё нацыянальнай культуры, стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіццця асобы, росту яе творчай ініцыятывы, духоўных і эстэтычных патрэбнасцей.

Намаганні будуць накіраваны на забеспячэнне даступнасці культурных набыткаў і паслуг усім слаям насельніцтва, паляпшэнне культурнага абслугоўвання жыхароў вёскі ў мэтах набліжэння яго да ўзроўню гарадскога насельніцтва. Будуць забяспечанымі і абароненыя артыкулы выдаткаў: на заробак, надбаўкі, стыпендыі і інш. А ці хопіць грошай не проста на заробак, а на годную заработную плату работнікам культуры і мастацтва?..

На жаль, у праекце кансалідаванага бюджэту не вызначыш параметры паняцця “годная заработная плата”. Там нават не ўказваецца, якім будзе заробак асобных катэгорый сярод занятага насельніцтва. Аднак прадугледжаны на 16,2 % рост бюджэтных асігнаванняў на яго выплату (на 8% у рэальным выражэнні для работнікаў бюджэтнай сферы). Таму, нягледзячы на тое, што інфляцыя таксама запланавана на ўзроўні 8%, некаторае фінансавае паляпшэнне жыцця работнікаў культуры і мастацтва, якія атрымліваюць грошы з бюджэту, як і самой галіны, усё ж павінна адбыцца. Пагаршацца яна дык пэўна што не будзе. А ў бліжэйшай перспектыве магчыма нават яе значнае паляпшэнне.

Згодна з Праграмай дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь на 2006 — 2010 гады адным з яе асноўных накірункаў з’яўляецца скарачэнне слабазабяспечаных слаёў насельніцтва ў два разы на аснове росту даходаў насельніцтва на 49-56 %. Прычым, запланаваны прыярытэтны рост заробку ў галінах і арганізацыях з нізкім узроўнем аплаты працы. Акрамя таго, у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь” мы паступова са штогодным павелічэннем на 0,1 %, як і было задумана раней, набліжаемся да запаветнага агульнага нарматыву фінансавання выдаткаў на культуру і мастацтва ў памеры 1% ад унутранага валавога прадукту, дасягненне якога запланавана ў 2009 годзе. Можа, для кагосьці гэтыя лічбы здадуцца смешнымі, але ж за імі стаяць сотні мільярдаў рублёў, зусім не лішніх для нашай культуры. А ўсе мы ведаем, што ад большага агульнага фінансавага “пірага” будзе прасцей адшчыкнуць кавалачак і на большую заработную плату стваральнікам і захавальнікам цудоўнага, што, безумоўна, надасць ім значна лепшы настрой. Вось толькі ці варта чакаць? Можа выканаўчай уладзе варта зараз падумаць аб тэрміновай падрыхтоўцы спецыяльнага нарматыўна-прававога акта аб фінансавай падтрымцы слаба аплачваемых працаўнікоў, занятых у сферы культуры і мастацтва?.. Такі дакумент дэпутатамі Парламента будзе безумоўна падтрыманы.

Уладзімір ЗДАНОВІЧ,
старшыня Пастаяннай камісіі
Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Рэспублікі
Беларусь па адукацыі, культуры,
навуцы і навукова-тэхнічным
прагрэсе