Фестывальная “перазагрузка”

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

ХХІV Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, мерапрыемствы якога пачаліся з 7-га ліпеня, афіцыйна быў адкрыты 9-га — на гэты раз, з “віртуальным” удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, які ў гэты час знаходзіўся ва Уфе, але даслаў сваё відэапрывітанне.

/i/content/pi/cult/541/11793/2-1.jpgНа традыцыйнай прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю форуму, дырэктар “Славянскага базара…” Аляксандр Сідарэнка паўстаў яшчэ ў адной сваёй іпастасі — прэзідэнта Сусветнай асацыяцыі фестываляў, савет дырэктараў якой адбыўся напярэдадні. Міжнароднай федэрацыяй фестывальных арганізацый, куды наш фэст уваходзіў раней, “Славянскі базар…” таксама прызнаваўся лепшым у свеце — ажно двойчы. Тое, што Віцебск становіцца цэнтрам суветнага фестывальнага руху, адзначыў і міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. Былі агучаны некаторыя фестывальныя лічбы. Калі ў 1992 годзе ў фэсце бралі ўдзел прадстаўнікі ўсяго васьмі краін, дык зараз іх колькасць дасягнула рэкорднага ўзроўню — 41 (дарэчы, планавалася яшчэ адна, але артыст захварэў і не змог прыехаць). Каштарыс фестывалю — каля 3,5 мільёнаў долараў, з іх каля 25 мільёнаў расійскіх рублёў — з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Але форум імкнецца да самаакупнасці, і сёлета яна павысілася яшчэ больш, хаця канчатковыя вынікі можна будзе падвесці толькі пасля закрыцця фестывалю.

На свята акрэдытавана больш за 350 журналістаў з 14-ці краін. У час урачыстага адкрыцця Міжнароднага прэс-цэнтра некаторыя з іх (І аўтар гэтых радкоў таксама. — Рэд.) былі адзначаны ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама Дырэкцыі фестывалю. Спецыяльным прызам “Залатое пяро” быў уганараваны вядучы фотакарэспандэнт БелТА Аляксандр Хітроў.

Адкрываючы прэс-цэнтр, першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга падкрэсліла, што такога азначэння, як фармат, на “Славянскім базары ў Віцебску” не існуе: “фармат” можна разумець хіба ў сэнсе майстэрства, добрага густу, высокага прафесіяналізму. Але змены ў праграме форуму заўважны, іх сталі называць больш “маладзёжна” — перазагрузкай.

Сапраўды, новаўвядзеннем стаўся фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”, але згубіўся прапанаваны Валерыем Анісенкам “Тэатр на пленэры”, здзейснены летась у Здраўнёве. Працягнуўся леташні праект “Лялечны квартал”, да ранейшага шырокага разгорту вярнуліся выстаўкі. А вось кінапраграма з удзелам артыстаў і рэжысёраў, якія прадстаўлялі свае стужкі, была цалкам скасавана: маўляў, у Беларусі на сёння багата іншых кінафорумаў.

Свае цікавосткі былі і на гала-канцэрце адкрыцця, што ў цэлым прайшоў ва ўласцівым беларусам “памяркоўным” тэмпарытме. На адсутнасць у праграме нашых суайчыннікаў, як гэта часам здаралася раней, скардіцца было нельга. Прэм’еру песні Аляксандры Пахмутавай на словы Мікалая Дабранравава “З першага погляду” прэзентавалі Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. У “квартэт” сабраліся ўдзельнікі “Еўрабачання” — усе родам з Беларусі: Алёна Ланская, Тэа, Руслан Аляхно, Аляксандр Рыбак. Бліскучая Анжаліка Агурбаш, чаргуючы чырвоную і белую сукенкі, двойчы выступала ў дуэце, выклікаючы ўяўную рэўнасць партнёраў: з Вадзімам Галыгіным — у якасці вядучай, з Дзмітрыем Малікавым — як спявачка. Менавіта Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі стаў разыначкай выступлення Руслана Аляхно. Гэты ж калектыў цудоўна “расквеціў” нашу песенную класіку — “Майскі вальс” Ігара Лучанка на словы Міхаіла Ясеня ў выкананні Анатоля Ярмоленкі.

Фестываль працягваецца! Ягонай кульмінацыяй стане панядзелак, калі будуць аб’яўлены пераможцы конкурсаў і Палад Бюльбюль-аглы атрымае спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Беларусі “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"