Доля, воля і адвечнасць

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

Сёння, у Дзень Саюзнай дзяржавы на “Славянскім базары ў Віцебску”, публіка і госці фестывалю змогуць убачыць спектакль “Адвечная песня” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Пастаўлены ў ліпені 2002-га, ён сабраў безліч узнагарод на самых прэстыжных тэатральных фестывалях. Сёлета ж быў адноўлены і абноўлены — і адразу ж пачаў новыя падарожжы: спачатку трапіў у Малую залу Палаца Рэспублікі, потым — у Беласток (Польшча), на Дзень Незалежнасці — на тэлеэкран, цяпер — у праграму згаданага ХХІV Міжнароднага фестывалю мастацтваў.

/i/content/pi/cult/541/11791/8-2.jpgАднаўленне спектакля — справа тонкая. Здараецца, навядуць знешні лоск, а сутнасць пры гэтым знікае. Ці наадварот: бачна, што спектакль, колькі яго ні “ўпрыгожвай” новымі строямі, ужо маральна састарэў, хаця і карыстаецца неверагоднай папулярнасцю — часам адно з-за сваёй прыцягальнай назвы. З “Адвечнай песняй” усё іначай. У адноўленым выглядзе яна стала яшчэ больш актуальнай — па музыцы (фольк-опера, як ні як), пластыцы, ігры акцёраў. Спектакль не толькі не “стаміўся”, але і заззяў новымі фарбамі.

Гэта заўважна хаця б па тым, як заўзята, з якой самааддачай спяваюць-танчаць артысты, многія з якіх пад час спектакля пераўвасабляюцца па некалькі разоў ва ўсё новых персанажаў. На роўных працуюць і тыя, хто калісьці ўдзельнічаў у ранейшым спектаклі, і тыя, хто ў тэатры ўсяго першы сезон. Каманда, дый толькі! Бачна, што ім самім падабаецца іграць-гуляць то ў каровак на лугу, то ў гасцей на вяселлі, а часам і ўвогуле выступаць “у ролі” ледзь не салістаў Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі ці, у масавых спеўных сцэнах, хору нашага Вялікага тэатра (і, заўважце, без дырыжора, які паказваў бы ўступ). А вось у драматычных сцэнах яны не іграюць — жывуць. Пачуццё ансамбля — выключнае.

Але ўсё гэта не мела б сэнсу без добрай музычнай драматургіі. Жанравае азначэнне — фольк-опера — можна аспрэчыць. Бо дзеянне развіваецца па законах так званай оперы-песні, якая ў 1930 — 1950-я лічылася ідэалам опернага жанру: ніякіх мелодыка-гарманічных складанасцей, поліфанічных ансамбляў, скразнога развіцця — адно чаргаванне простых песень ды хораў, цытаванне і стылізацыя фальклору, народ у якасці галоўнай дзеючай асобы. У “Адвечнай песні” ўсё быццам так, але адначасова і... зусім не так. І справа нават не ў эстрадна-рокавых элементах, хаця менавіта яны рэзка пераводзяць стылістыку ад азначанай першай паловы ХХ стагоддзя да сучаснасці. Новыя аранжыроўкі музыкі Цімура Каліноўскага, зробленыя Алегам Хаменкам і гуртом “Палац”, надалі спектаклю яркасць, стыльнасць, а галоўнае — еднасць, якая не пераходзіць у аднастайнасць.

Новае музычнае “адзенне” раптам вылучыла на першы план зусім іншую драматургію — стыхію народнай варыяцыйнасці, заснаваную на лейтінтанацыях і таму блізкай сучаснаму музычнаму мінімалізму. І гэта пераадолела, “зацьміла” закладзены ў музыцы прынцып чаргавання асобных завершаных нумароў, якія пры адсутнасці асаблівых меладычных кантрастаў маглі злівацца ў “адну бясконцую песню”. Праўда, пры такой у добрым сэнсе слова “татальнай” музычнасці спектакля ў ім аказалася, на жаль, драматургічная “дзірка” — на пачатку вяселля. Цішыня, асабліва ў музычным спектаклі, — надзвычай моцны выразны сродак. І калі ўжо такая фарба з’яўляецца, дык яна павінна несці нейкую канцэпцыйную нагрузку, а не служыць “паўзай” для сцэнічных змен.

У астатнім музычнае развіццё падпарадкавана наступнай логіцы. Усё “падобнае” стала яшчэ больш блізкім, забяспечваючы непарыўнасць развіцця беларускасці, народнага характару. Паступенныя сыходзячыя ходы, інтанацыі квінты, уласцівыя нашай нацыянальнай песеннасці позняга (з канца ХVI стагоддзя) стылёвага пласта, спалучаюцца з пастаяннымі паўторамі аднаго інтанацыйнага зерня, што закладалася на самых ранніх этапах з’яўлення каляндарна-абрадавага цыкла і “адрадзілася” ў прынцыпах сучаснага музычнага мінімалізму.

Затое ўсё кантраснае (накшталт з’яўлення салдат, штораз на новым музычным матэрыяле, які разам з іх сцэнічным абліччам падкрэслівае іх “паходжанне”) стала яшчэ больш кантрасным, як гэткія “чужынскія” ўстаўкі-ўкрапванні ва ўласна беларускае. Гэта ўзмацніла і гістарычны складнік. Маршыраванне салдатаў у выглядзе гэткага зменлівага (штораз на новым музычным матэрыяле) лейтматыву падкрэсліла тое, што гісторыкі называюць “перманентнай акупацыяй”.

Пры новай харэаграфіі (а ў гэтым відзе мастацтва змена часоў адчувальная, як нідзе) яшчэ больш узмацніўся сімвалізм паэмы і творчасці Янкі Купалы ўвогуле. Аповед, цалкам знітаваны з “месцам і часам дзеяння”, на пэўным этапе выходзіць за акрэсленыя межы, звяртаючыся не толькі да беларусаў, але і да ўсяго чалавецтва, бо закранае агульначалавечыя тэмы. Сярод апошніх не толькі доля, але і воля. Доля — гэта лёс аднаго асобна ўзятага Мужыка, прасочаны ад нараджэння да смерці, лёс усяго пакалення і, шырэй, увогуле кожнага чалавека, кожнай жывой істоты. Воля — лёс усяго народа, ягоная незалежнасць, права самастойна будаваць мірнае жыццё на сваёй зямлі. Гэта тычыцца не адно Беларусі. Нагадаем, што ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя такая праблема стаяла перад многімі еўрапейскімі нацыянальнымі культурамі.

Спалучэнне ў спектаклі нацыянальнай тэмы з агульначалавечай праблематыкай, глыбінных ментальных рыс з сучаснымі сродкамі іх увасаблення, скіраванасць на вечныя каштоўнасці мірнага жыцця, у якім і без вайны “праблем хапае”, робіць пастаноўку ідэальнай для паказу на “Славянскім базары ў Віцебску”, які спавядае тыя ж ідэі.

Шкада толькі, што да гэтага фестывалю, не гаворачы ўжо пра нейкія іншыя, так і “не даехала” адроджаная ў 2013-м “Песня пра долю” Уладзіміра Мулявіна — таксама паводле купалаўскай “Адвечнай песні”: з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Беларусі імя Іосіфа Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца, з рэжысурай і харэаграфіяй Ларысы Сімаковіч. Можа, надта “густанаселенай” аказалася па колькасці ўдзельнікаў? Ці менш рэкламаванай, а таму і не “прабіўной”?

Дарэчы, з апошнім у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ўсё ў парадку. Тая ж “Адвечная песня”, як і некаторыя іншыя спектаклі, апошнім часам неаднаразова станавілася цэнтрам разнастайных акцый і больш шырокіх творчых праектаў. 6 ліпеня, да прыкладу, тэатр святкаваў яе 13-годдзе спевамі, карагодамі, паэтычнымі чытаннямі, прызамі, запрашэннем гуртоў “Палац” і “Guda”, адкрыццём дзвюх выставак — ілюстрацый да паэмы з фондаў Дзяржаўнага музея Янкі Купалы і мастацкіх эскізаў да спектакля. Такая “калятэатральная” дзейнасць РТБД — таксама прыклад для пераймання, у тым ліку ў фестывальнай прасторы.

Надзея БУНЦЭВІЧ


Гэта пастаноўка жыве ўжо 13 гадоў, але здаецца, што будзе сучаснай заўсёды. Асабліва ў цяперашняй версіі, дзе былі абноўлены дэкарацыі, касцюмы, танцавальныя нумары, а таксама і аранжыроўкі.

Глядзіш спектакль — і робіцца крыху жудасна, што ўсё жыццё чалавека, ад яго нараджэння да смерці, можа ўмясціцца ў менш за дзве гадзіны сцэнічнай дзеі. Здаецца, толькі ўчора ты пераварочваў вядзёркі ў пясочніцы: будаваў, разбураў, будаваў нанова. А пясочны гадзіннічак дзінькаў — і ўсё сыходзіла ў той самы пясок... Гэта і ёсць адвечная песня чалавецтва — хуткасць і складанасць жыцця. Але дзеля чаго? Які сэнс ва ўсім гэтым?

Нездарма першая драматычная паэма Янкі Купалы, напісаная ў 1908 годзе, мае азначэнне “адвечная”. Колькі пакаленняў ужо сышлі ў нябыт, загінулі, цяпер жывем мы, пасля нас яшчэ будзе шмат такіх вось “адвечных песень”. У вайну нашы продкі зрабілі ўсё магчымае, засталіся сапраўднымі людзьмі, змаглі даць будучыню нам і нашым дзецям. І жыццё Мужыка ў творы беларускага класіка таксама падобна на вайну сваімі фізічнымі і маральнымі бітвамі з Бядой, Зімой, Доляй... Але дзеля чаго ўсё гэта?

На спектаклі я раптам задумалася: чаму Янка Купала зрабіў галоўным героем менавіта Мужыка? Чаму не дадаў яшчэ Жанчыну? Яна ж пакутуе не менш. У спектаклі Маці ў выкананні Таццяны Мархель такая пранікнёная, што наварочваюцца слёзы ад яе невымерна пакутнай постаці, лагоднага, дрыготкага голасу, спагадлівых вачэй. Шчырае спачуванне выклікае Жонка (Алёна Баярава): яна засталася адна з дзеткамі, ёй нават цяжэй, чым Мужыку. Цікава назіраць, як актрыса змяняецца цягам спектакля. На вяселлі — прыгожая, маладая, сцішаная, безабаронная. А як пачынаюцца жыццёвыя нягоды, на твары і ўсёй яе постаці адбіваюцца пакуты, трывога і страх. Яна быццам сталее і старэе на нашых вачах!

Мужыка (Ігар Сігоў) шкада не менш за жанчын. Вось ён, што ёсць моцы, цягае Долю (Галіна Чарнабаева), быццам плуг, вось тухнуць яго вочы ад безвыходнасці. А крыху раней, у пастушым юнацтве, у размове з маці ён трымае сабраныя ў кулак рукі ля грудзей, быццам намагаючыся сціснуць пальцамі свой смутак, схаваць яго ад маці: не вырывайся, маўляў.

У пастаноўцы ўдзельнічае амаль уся трупа тэатра. І хаця акцёры не оперныя спевакі, але падрыхтоўка ва ўсіх вельмі годная. Педагог па вакале Бэла Шпінер, а ў адноўленым спектаклі яшчэ і педагог-хормайстар Аляксандра Сандлер добра папрацавалі над гэтым. На высокім узроўні і харэаграфічная падрыхтоўка, дзякуючы балетмайстарам Тамары Федасеевай, а таксама Людміле і Яфіму Фадзеевым. Нават ёсць элементы брэйк-дансу, якія цікава пераплятаюцца з народнымі танцамі, а месцамі — з кантэмпам. Бо спектакль вырашаны ў жанры фольк-оперы — гэта фактычна фольк-рок, які аб’ядноўвае матывы народнай музыкі і рока (кампазітар — Цімур Каліноўскі, аранжыроўкі — Алег Хаменка і гурт “Палац”). Атрымаўся гарманічны сінтэз мінулага з сучасным, які паказвае нашы адвечныя тры часавыя вымярэнні: мінулае, сучаснае і будучыню.

Спектакль, паводле задумы рэжысёра Сяргея Кавальчыка ізноў заканчваецца на моцнай і аптымістычнай ноце, грандыёзным хорам усіх акцёраў. Бо ў гэты момант хочацца спяваць разам з імі і верыць, што нічога не зможа зламаць у табе чалавека. Наш лёс вельмі кароткі, часам горкі, і трэба паспець галоўнае. Дык вось для чаго нам дадзена жыццё — каб паспець застацца чалавекам дзеля выратавання ўсяго Чалавецтва.

Вікторыя ГОМЗА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"