Архіў сведкі біенале

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

Нататкі медыятара Нацыянальнага павільёна Беларусі на 56 Венецыянскім біенале. Частка V
89 нацыянальных павільёнаў, 44 падзеі Паралельнай праграмы, 55 дадатковых выставак — гэта 56-ы Венецыянскае біенале. І дастатковая колькасць магчымасцей застацца ў Венецыі на некалькі месяцаў. Напрыклад, восем — час, на працягу якога доўжыцца міжнародны форум сучаснага мастацтва. У горадзе, які разам з Венецыянскай лагунай унесены ў спіс спадчыны UNESCO, гэтым часам ладзяцца Архітэктурнае біенале, Біенале сучаснага танца, Міжнародны фестываль тэатра, Венецыянскі кінафестываль, а таксама Біенале сучаснай музыкі. Усе падзеі падтрымліваюць адна адну, прапаноўваючы гледачу разнастайныя камбінацыі набыцця білетаў на некалькі культурных падзей (вядома, са зніжкамі).

/i/content/pi/cult/541/11790/8-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у №№ 23 — 26.)

Грошы vs. ідэя

Мой візаві Шарунас — art-seeing Венецыянскага біенале з 10-гадовым стажам, грамадзянін свету з літоўскімі каранямі — сваю праграму візітаў складае выбарачна. Некалькі нацыянальных павільёнаў, Палацца Грасі і Пунта де ла Дагана — два музеі славутага французскага калекцыянера, уладальніка аўкцыённага дома “Christie’s” Франсуа Піно, прэм’ера Тэатра Гальдоні “Норма” ў сцэнаграфіі амерыканскай мастачкі Кары Уокер… Пры гэтым галоўная экспазіцыя ў Арсенале і Джардзіні застаецца па-за ўвагай, больш за тое — пад прыцэлам крытыкі госця павільёна.

“Насамрэч большасць водгукаў заходняй прэсы наконт сёлетняй выстаўкі — адмоўныя, — дзеліцца са мной мой дасведчаны суразмоўца. — У спецыялізаваных выданнях — “Аrtnet.com”, грамадска-палітычных — “The Telegraph”, “The Guardian”, “The Times” — я не бачыў станоўчай ацэнкі. Згадваецца загаловак, здаецца, у лонданскай “The Times” — “Я не арт-крытык, дайце мне адсюль выйсці”. І такую рэакцыю можна зразумець: англаамерыканскі свет чакае іншага ад мастацтва.

“І чаго ён чакае?” — шчыра цікаўлюся ў яго.

“Мастацтва Вялікабрытаніі і ЗША заўжды карэлявалася з палітычнымі інтарэсамі, рынкам, — Шарунас амаль гатовы зрабіць невялічкі экскурс у гісторыю, але вырашае застацца ў сучаснасці. — Гэтым разам усё інакш. Па-першае, быў перанесены час міжнароднага форума на пачатак мая, і гэта зблытала ўсе карты: спачатку адмыслоўцы ехалі на біенале, а потым на міжнародны кірмаш “Арт-Базэль”. Сёлета — расклад збіты, і большасць вядомых калекцыянераў да біенале проста не дабраліся.

Па-другое, асаблівы статус 56-га біенале, які пазначаецца канцэпцыяй яго куратара Окві Энвезара “Усе лёсы свету”. Аднак заяўка на антыкапіталістычнае біенале зусім не перашкаджае яго куратару дзейнічаць па законах капіталізму. Сёлетні пафас форуму выклікае проста раздражненне, ніхто не верыць у яго пасланне”.

Шчыра кажучы, абурэнне майго эксперта спачатку выклікала здзіўленне. Міжнародны форум сучаснага мастацтва, які сёлета адзначае сваё 120-годдзе, пазіцыянаваўся як падзея знакавая. Імкненне наноў асэнсаваць стаўленне да сучаснага мастацтва, гісторыю біенале — гэтыя пазіцыі неаднаразова гучалі ў інтэрв’ю нігерыйскага куратара. Окві Энвезар, які сёння кіруе Домам мастацтва ў Мюнхене, быў абраны аргкамітэтам венецыянскага форуму не выпадкова. Першы куратар афрыканскага паходжання, які мае рэпутацыю моцнага даследчыка мастацтва роднага яму кантынента, фатаграфіі, арт-крытык, пісьменнік, Окві ідэальна пасаваў на ролю адмыслоўца, здольнага з новай оптыкай паглядзець на сучаснае мастацтва Старога і Новага свету. Яшчэ на пачатку форуму вялікай інтрыгай стала заяўка Энвезара аб перформансе — жывым чытанні “Капітала” Карла Маркса, якое будзе доўжыцца ўсе восем месяцаў, пакуль працуе біенале. Ці варта казаць пра галоўную экспазіцыю…

“Усё гэта не больш, чым гульня, — “апускае мяне на зямлю” Шарунас. — Так, Окві Энвезар мае адмысловую “скандальную” рэпутацыю бунтара, але, насамрэч, ён — частка гэтай сістэмы. Напрыклад, усе ведаюць пра тое, што даследчык ужо даволі працяглы час з’яўляецца мадэллю кампаніі “Prada”: ён прадстаўляе касцюмы вядомай маркі. Яшчэ адна падрабязнасць: большасць мастакоў, якіх Окві Энвезар адабраў для біенале, маюць падтрымку галерэй. Гэта значыць, што апошнія плацяць біенале, каб зрабіць мастакам экспазіцыю”.

“Біенале — гэта вялікая бізнэс-інстытуцыя: прыватныя калекцыянеры ўкладаюць у мастакоў, каб павысіць кошт іх работ, — працягвае з палкасцю Шарунас. — Сёлета я чуў пра тое, што Франсуа Піно за 9 мільёнаў долараў купіў усе работы Георга Базеліца (Нямецкі жывапісец, графік і скульптар, які з’яўляецца адным з самых дарагіх мастакоў свету. — Д.А.), прадстаўленыя ў галоўнай экспазіцыі. Усё гэта нікуды не знікла пасля абвяшчэння антыкапіталістычнай пазіцыі Энвезара. Окві прэтэндуе на тое, каб зрабіць крытычнае біенале, вяртаючыся да ідэалізму, але гэта — падробка”.

У падтрымку сваёй думкі Шарунас узнаўляе нядаўнюю гісторыю міжнароднага форуму. “Раней, у 1960-1970-я, пакупкі твораў здзяйсняліся адкрыта; з іх біенале атрымоўвала 5-10% камісіі: быў нават офіс для забеспячэння продажаў, — удакладняе ён. — Але пазней тыя адкрытыя продажы спыніліся і зараз такога кшталту здзелкі ажыццяўляюцца ў закрытым рэжыме. Мая галоўная крытычная заўвага да 56-га біенале ў тым, што зрабіць яго антыкапіталістычным немагчыма”.

Вяртанне да modern art?

Меркаванне Шарунаса ў пэўнай ступені мела рацыянальнае зерне, але, на мой погляд, біенале ў такім выглядзе не перашкодзіла, да прыкладу, сустрэчы з праектамі яго новых удзельнікаў, якія ўпершыню адкрылі свае павільёны на форуме — гэта Гранада, Сэйшэлы, Манголія, Мазамбік, Маўрыкій. Заклік Окві Энвезара, будзем шчырымі, дазволіў і праекту “Архіў сведкі вайны” дабрацца да Венецыі.

Шарунас прыгадаў і літоўскі павільён. Ён сёння мае канцэпцыю, якая, вядома, пераклікаецца з галоўнай тэмай. “Але праект атрымаўся больш арыентаваным на Захад, на заходнюю аўдыторыю ў адрозненне ад вашага. Маўляў, паглядзіце, як мы змагаліся з СССР, — каментуе мой суразмоўца праект куратара Вітаўтаса Міхелькявічуса і мастака Дайнюса Лішкевічуса “Museum”, які распавядае пра мастацкі супраціў савецкай сістэме. — Маўляў, кожны чалавек тады дзейнічаў як мастак. Але гэта ўсё ж якасная работа, якая адначасова працуе з гісторыяй і яе інтэрпрэтацыяй. Як, у прынцыпе, і ваша, але мне падаецца, што “Архіў…” трошкі вяртаецца ў modern art, які, прынамсі, апошнім часам становіцца ўсё больш прывабным для інвестыцый”.

Аспрэчваць заўвагу Шарунаса мне падалося ў дадзеным выпадку недарэчным, хутчэй — гэта добрая нагода для роздуму і дыскусіі. У той жа час, апошнія трэнды на арт-рынку не маглі не зацікавіць, тым больш, што гучныя набыткі апошніх гадоў галоўнага беларускага прыватнага калекцыянера — “Белгазпрамбанка” — не ўзгадаць немагчыма. Гаворка — пра арыгіналы Марка Шагала, Хаіма Суціна, у цэлым, мастакоў Парыжскай школы — ураджэнцаў Беларусі, чые імёны, урэшце, пакрысе пачынаюць атаясамлівацца з Беларуссю. Дырэктара банка Віктара Бабарыку ў гэтым сэнсе можна назваць адным з першых беларускіх бізнэсмэнаў, які пачаў укладаць вялікія сродкі ў мастацтва, фарміруючы калекцыі і прэзентуючы іх праз гучныя праекты. Таму момант звароту ўвагі калекцыянераў свету да modern art пасля глабальнага крызісу зачапіў.

Высветлілася, што згаданыя імёны мастакоў Парыжскай школы прывабныя для ўкладанняў не толькі ў нас.

“Мы гэтаксама маем адмыслоўца, які інвестуе ў творы яўрэйскіх мастакоў. Вілюс Каваляўскас уваходзіць у камітэт фарміравання калекцыі твораў Усходняй Еўропы галерэі “Tate Modern” у Лондане, — прадставіў Шарунас умоўнага канкурэнта Віктара Бабарыкі. — Ён кіруе арганізацыяй “Lewben Art Foundation” і Фондам мастацтва экспатрыянтаў Літвы. Яго інтарэс — мастацтва, пачынаючы з XVIII стагоддзя, у тым ліку і калекцыянаванне твораў мастакоў Парыжскай школы. Арганізацыі бізнэсмэна робяць некалькі онлайн-праектаў, прэзентуючы набытыя творы. Гэтаксама Вілюс выношвае планы пабудаваць прыватны музей, які часткова будзе фінанасавацца Еўрапейскім саюзам. Потым бізнэсмэн мяркуе аддаць яго ва ўласнаць дзяржавы”.

Такі “расклад сіл” справакаваў мяне запытацца: а наколькі тыя прыклады інвеставання ў “сваіх” сёння распаўсюджаны ў свеце?

“Падобны рух надзвычай актуальны для Кітая, — адразу адказаў мой суразмоўца, дэманструючы свае сімпатыі. — Два гады таму я быў у Лондане на арт-кірмашы, дзе адзін кітайскі калекцыянер пабудаваў прыватны музей. Калі брытанскія журналісты спыталі, што ж падабаецца яму з брытанскага contemporary art, ён спакойна адказаў, што займаецца выключна кітайскім. І купляе менавіта кітайскі modern art, кітайскія гістарычныя помнікі мастацтва. Прызнацца, я вельмі люблю людзей, якія калекцыянуюць творы сваёй краіны, — гаворыць Шарунас. — І не апошняе contemporary. На Захадзе прынята калекцыянаваць усё ж пераважна менавіта глабальнае мастацтва, абапіраючыся на свой густ. Але мы разумеем, што густ — гэта далёка не ўсё”.

Важныя гульні

Не ведаючы такіх фігур у сваёй краіне, лічу натуральным дазнацца ці маюць іх нашы суседзі, таму пытаюся, а ці ёсць у Літве калекцыянеры літоўскага contemporary art?

“Так, ёсць, — Шарунас аказаўся дасведчаным і ў гэтым пытанні, — да падобных людзей можна аднесці Віктараса Буткуса. Гэты чалавек кіруе “Modernaus Meno Centras” (назву можна перакласці як Цэнтр сучаснага мастацтва). Ён купляе творы сучасных літоўскіх мастакоў, тых, хто ўжо сышоў з жыцця, modern і contemporary art. Яго спецыфіка — візуальнае мастацтва, пачынаючы з 1960-х гадоў да сучаснасці.

Варта адзначыць, што калекцыянеры, якія з’явіліся, вядома, купляюць і творы заходніх прадстаўнікоў арт-сцэны. Такім чынам яны імкнуцца ўвесці нашых мастакоў у глабальны кантэкст. І гэта здаровы шлях. У такой кампаніі літоўскія мастакі становяцца раўнапраўнымі ўдзельнікамі рынку. Вядома, іх творы каштуюць танней, чым работ заходніх калег, але зрухі назіраюцца. Калі ёсць добрая базавая калекцыя, якая стварае рэпутацыю, — далей кошт будзе расці”.

Бачна, што мой візаві, хаця і не жыве ў роднай краіне, уважліва сочыць за падзеямі, якія ў ёй адбываюцца. У розных сферах. “Магу дадаць, што сёння Буткус плануе пабудаваць прыватны музей на месцы кінатэатра “Літва”, — працягвае ён гаворку. — І гэты прыклад засваення публічнай прасторы — прыватны музей ці публічны кінатэтар — гэтаксама можна лічыць прэцэдэнтам для літоўскага грамадства. Бо тут кожны мусіць зрабіць выбар на карысць першага ці другога”.

Мадэлей інтэрнацыяналізацыі айчынных мастакоў у суседзяў дастаткова. “Яшчэ ёсць Rupert-рэзідэнцыя ў Вільнюсе, якая запрашае заходніх і літоўскіх мастакоў і купляе іх творы, — узгадвае Шарунас. — Гэты цэнтр заўважна заходнеарыентаваны, але ён садзейнічае наладжванню міжнародных сувязяў і дапамагае літоўскім мастакам зрабіць кар’еру на глабальным узроўні”.

— Які ж плён падобных захадаў? — падводжу я вынікі.

“Мяркую, што ён ёсць, — мой неацэнны эксперт выводзіць формулу ўзаемадзеяння мастацтва і бізнэсу. — Калі паглядзець на ўдзел Літвы ў Венецыянскім біенале, амаль увесь час, калі заяўляліся на форум, мы атрымоўвалі “адмысловую згадку” (гэтым разам павільён Літвы быў адзначаны “The Guardian”). І гэта вельмі складаная і тонкая аперацыя, таму што ты мусіш ведаць “тых самых людзей”. Да прыкладу, куратар пазалеташняга павільёна Літвы знаходзіўся ў сяброўскіх стасунках з тагачасным дырэктарам журы біенале. Я ненавідзеў гэтыя гульні, прагнучы, каб наш павільён быў больш эмансіпаваны ад глабальнага рынку. Няхай ён будзе не такі эфектны, але больш свабодны! Але зараз я разумею, што той куратар дзейнічаў вельмі разумна, бо ўсе яго захады спрацавалі. І тое — рэальнасць, з якой даводзіцца лічыцца”.

Амаль заключэнне

Нарэшце мы выходзім з Шарунасам з беларускага павільёна і ідзем атрымліваць асалоду ад вечаровай Венецыі. Наша размова ўсё ніяк не можа скончыцца. Венецыянскае біенале не падаецца ўжо такім чыстым святам, як напачатку, ды ўсё ж, нягледзячы на падводныя плыні, якія рухаюць яго кантыненты, біенале такім застаецца. Урэшце, хаця б для такіх неафітаў, як я.

“Насамрэч Усходняя Еўропа, Азія і Лацінская Амерыка — рэгіёны, якія могуць чымсьці здзівіць, — цешыць мяне Шарунас. — Бо яны пакуль яшчэ здольныя на незалежныя выказванні”.

Наступны этап праекта

Другая стадыя праекта “Архіў сведкі вайны”, які прадстаўляе Беларусь на Венецыянскім біенале, стартуе ў Венецыі ўжо ў найбліжэйшыя дні. Зараз куратар “Архіва…” Аляксей Шынкарэнка ды мастак, скульптар Канстанцін Селіханаў, праграміст Сяргей Джэйгала робяць перамантаж экспазіцыі, якая істотна зменіць свае аблічча. У павільён уводзяцца адмысловыя модулі, якія ўтрымліваюць не толькі аналагавыя альбомы фатаграфіі Першай сусветнай вайны, але і планшэты з інфармацыйнай сістэмай, што прапаноўвае іншы рэжым узаемадзеяння з наведвальнікам. Плюс — адмысловая праграма будзе ўтрымліваць рэакцыі беларускай і замежнай публікі: плён працы каманды, які збіраецца і апрацоўваецца да гэтай пары. Экспазіцыя дапоўніцца інсталяцыяй Канстанціна Селіханава “Лес”, якую аўтар адмыслова перарабіў для форуму сучаснага мастацтва. Яе складнік мусіць прапанаваць гледачу асаблівую зону для роздуму і медытацыі.

Замест P.S.

Тое, што цікавасць да беларускага праекта з боку гледача маецца, сведчаць пытанні публікі наконт далейшага прагрэсу “Архіва…”. Яны адрасуюцца як сённяшнім медыятарам павільёна, так і былым. У прыватнасці, атрымала ліст ад амерыканскай мастачкі Мімі Жардзін, якая гэтаксама працуе ў participatory art — з уключэннем публікі ў мастацкі працэс. Яе праект “Офіс адказнасці за наваколле” прапановаў людзям задумацца над тым, як мы ўплываем на прыродны і гарадскі асяродак, ці варта нам спажываць больш, чым цяпер? Мімі яшчэ падчас наведвання выказала захапленне “Архівам….”, адзначыўшы яго здольнасць працы з публікай — на “візуальным, эмацыйным, ментальным узроўнях”. А ў лісце яна пацікавілася далейшымі этапамі развіцця праекта...

Мінск — Венецыя — Мінск

Фота Аляксея ШЫНКАРЭНКІ і з архіва праекта

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"