“Яблыкі” ад гарадоцкай “Яблынькі”: спяваючы, зарабляць

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Стоазёрны Гарадоцкі край — стопесенны і шматталенавіты. Выстаўку народных рамёстваў адсюль адправілі нават у Венесуэлу. Але жыхары далёкай паўднёваамерыканскай краіны пабачылі толькі часцінку культуры Гарадоччыны.

“Сумаваць няма калі!”
Начальнік аддзела культуры Гарадоцкага райвыканкама Вольга КАЎРЫГА не толькі добры арганізатар, але і творчы чалавек: стварыла народны драматычны тэатр, народны тэатр мініяцюр “Фанограф”. Аддзел культуры, які ўзначаліла гэтая няўрымслівая асоба, працуе пад дэвізам: “Нам сумаваць няма калі!”.
/i/content/pi/cult/153/1179/K-1.jpg 

Начальнік аддзела культуры Гарадоцкага райвыканкама Вольга Каўрыга.

— У раёне 12 народных калектываў,— распавядае Вольга Каўрыга.— Для нашага краю гэта шмат. Гарадоцкі раён — вялізныя абсягі: шмат зямлі, азёраў і мала… людзей. Такая дэмаграфічная сітуацыя. І звязана гэта са стратамі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Так што пра сваіх таленавітых людзей усяляк клапоцімся, ствараем ім усе ўмовы для творчасці. Урэшце, у індывідуальным падыходзе да кожнага — сутнасць нашай прафесійнай справы… Я ўпэўнена, што сённяшняя сацыякультурная сітуацыя ў рэспубліцы патрабуе прынцыпова новых падыходаў не толькі да здатных самадзейных артыстаў, але і да культасветработнікаў.
— І ў чым жа сутнасць гэтага падыходу?

— У нас вельмі шчыльная сетка культустаноў. Натуральна, працуюць у іх вельмі розныя па характары людзі. Дык вось, з кожным неабходна працаваць індывідуальна, дапамагаць ва ўсім, каб не заседжваліся на месцы: наладжвалі гастролі, уладкоўвалі творчыя майстэрні, аднаўлялі рэпертуар... З’явіліся ў нас новыя формы работы: бібліятэка-клуб, аўтаклуб, Дом рамёстваў і фальклору з філіялам у аграгарадку “Пальмінка”.

Карацей, шмат чаго ёсць, але няма аднаго — аднастайнасці. Цэнтральная бібліятэка — сапраўдная краіна кніг і камп’ютэраў. Вучымся выкарыстоўваць гэтыя магчымасці як мага паўней...

Ёсць яшчэ Гарадоцкая ДШМ ды пяць яе вясковых філіялаў. І гэтыя ўстановы культуры таксама патрабуюць сучаснага стаўлення, амаладжэння.

Цікавыя экспазіцыі прадстаўляе краязнаўчы музей. Актыўна працуе РМЦНТ. Таксама імкнецца не адставаць ад часу.

— Чым адметныя былі мінулы год і пачатак гэтага?

— Працавалі па праграме 230-годдзя Гарадка, ушаноўвалі памяць і творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа, удзельнічалі ў акцыі “За незалежную Беларусь!”, не забываліся і на клопат пра дзяцей...

— Цэлы пакет праграм!

— Сапраўды, і праграму “Кадры” выконваем, і займаемся адраджэннем сяла, развіццём малых гарадоў ды вёсак. Сталі будавацца аграгарадкі — большая прастора з’явілася для культасветработы. Важнае месца ў праграме развіцця культуры займае захаванне гістарычнай спадчыны нашага краю: у нас 49 помнікаў гісторыі, занесеных у Дзяржаўны спіс... Займаемся таксама добраўпарадкаваннем вайсковых пахаванняў: летась Езярышчанскі пасялковы савет выкарыстаў 31 мільён рублёў на добраўпарадкаванне брацкіх могілак.

— Віцебшчына — адна з самых пацярпелых у Вялікую Айчынную абласцей Беларусі: тут загінуў кожны трэці...

— Дарэчы, гарадскія могілкі загінуўшых у вайне — не закрытыя. Калі сталі адмаўляцца ад нашых пахаванняў у Прыбалтыцы — мы прывезлі астанкі землякоў на радзіму.

— Гэта, безумоўна, у гарадоцкіх традыцыях!
 /i/content/pi/cult/153/1179/K-2.jpg
Краязнаўчы музей.

— У гарадку пад назвай Гарадок, у вялікіх і малых вёсках шануюць сваю гісторыю і культуру. Так, шмат што было парушана, нават вынішчана... Але вось звярнулі ўвагу на будынак былой паштовай станцыі ў вёсцы Кузьміно — аказваецца, помнік ХІХ стагоддзя. Так узнік праект аднаўлення. Ужо замоўлена адпаведная праектная дакументацыя амаль у 70 мільёнаў рублёў на рэстаўрацыю будынка. Цяпер ідзе экалагічная экспертыза.

— Адраджэнне — справа святая. Новабудоўлі райцэнтра пераконваюць, што край дынамічна развіваецца...

— І работы ў гэтым кірунку шмат. Трэба аднаўляць Свята-Мікалаеўскі храм, які быў разбураны. Малюнак вялікай і старадаўняй царквы захаваўся ў музеі... “Ад сівой мінуўшчыны да нашых дзён” — так называліся ў нас гістарычныя чытанні, па матэрыялах якіх сёлета будзе выдадзены зборнік.

— А як, Вольга, працуюць бібліятэкі?

— Назваць іх можна сёння інфармацыйна-даведачнымі цэнтрамі. На ўтрыманне ЦБС выкарыстана амаль 640 мільёнаў рублёў. У райбібліятэцы дзейнічае грамадскі цэнтр прававой інфармацыі. Яго абнаўленне згодна з праграмай “Эталон” адбываецца штодзённа.

— А для дзяцей што робіцца?

— Адкрылі лялечны тэатр “Калабок і кампанія”, які паспяхова выступае перад юнымі гледачамі ў школах і дзіцячых садках раёна. Да таго ж, вельмі шмат самых розных гурткоў і клубаў па інтарэсах і пры ГДК, і ў раённым Доме рамёстваў, і ў сельскіх дамах культуры.

 /i/content/pi/cult/153/1179/K-3.jpg

Бронзавы пярсцёнак.

У ГДК 16 клубных фарміраванняў, 9 іх— дзіцячыя. Восенню арганізавалі гурток займальнага адпачынку “Ералаш”, які стаў надзвычай папулярным сярод нашай дзятвы.
— У дарослых таксама ёсць магчымасць праявіць свае таленты?

— Натуральна. Да прыкладу, народны ансамбль песні і танца “Яблынька” гастралюе і ў раёне, і ў вобласці, нават у Пскоўскай вобласці зарабляе ўласнымі канцэртамі. Калектыў — візітоўка Гарадоччыны! Славіцца і ансамбль гарманістаў: 12 музыкаў маюць вялікі поспех.

У Эстоніі на фестывалі гумару выступаў тэатр мініяцюр “Фанограф”. Калектыў гэты таксама ўмее зарабляць, куды б ні выправіўся на гастролі: хоць у аграгарадкі, хоць у замежжа.

— А наколькі адчувальная дапамога раённага метадычнага цэнтра?

— Гэта наш штаб і наша апора. Валянціна Даніленка — майстар сваёй справы. Прывяду прыклад. Калектыў “Глейна” атрымаў летась званне “народнага” — і гэта заслуга метадцэнтра, супрацоўнікі якога спяваюць і адраджаюць фальклор Гарадоччыны... На базе метадцэнтра створана картатэка носьбітаў традыцыйнай культуры, сабраны відэа-, аўдыё-, фотаархіў, ладзяцца экспедыцыі па зборы старадаўніх песень, танцаў, вуснай народнай творчасці, робіцца тэкставая расшыфроўка песень.

Словам, створана дзейсная школа па зборы і вывучэнні мясцовага фальклору. Дарэчы, музыка Паазер’я выдадзена на грампласцінках, якія цяпер з’яўляюцца фанаграфічнай рэдкасцю.

— Наколькі ведаю, заўжды вельмі актыўны ўдзел у “Славянскім базары ў Віцебску” бяруць майстры клуба “Вытокі” раённага Дома рамёстваў. Якім клопатам жыве сёння ўстанова? — Дом рамёстваў атрымаў Спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэтая ўстанова — сапраўдны наш гонар. Менавіта адсюль не так даўно адправілі выстаўку народных рамёстваў у Венесуэлу. Наша майстрыха вярнулася дахаты ў захапленні: гарадоцкае майстэрства прызнана і ў далёкім замежжы.

 /i/content/pi/cult/153/1179/K-4.jpg
Ансамбль “Яблынька”.

— Вы ўжо згадвалі праграму “Кадры”. Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра яе выкананне.

— Гэта асноўны кірунак культасветработы: толькі за мінулы год кваліфікацыю павысілі 25 чалавек з розных сфер дзейнасці. Маладыя спецыялісты не з’язджаюць ад нас. Дарэчы, я таксама калісьці прыехала сюды па размеркаванні і ўжо не змагла пакінуць гэты край.

— А што новага ў развіцці платных паслуг?

— Іх на сёння ў раёне 50 відаў — на больш чым 150 мільёнаў рублёў. Вядома, аддача павялічылася ў многім дзякуючы камп’ютэрызацыі. А ўжо ў бібліятэках і сельскіх клубах культработнікі самі шукаюць, як разнастаіць і пашырыць платнае абслугоўванне насельніцтва.

— Якія грошы затрачаны на капітальны рамонт клубаў?

— Больш за мільярд рублёў. Зусім па-іншаму працуецца і думаецца, калі клуб — дыхтоўна адрамантаваны. Менавіта тут мы праводзім святы рамёстваў, акцыю “Мы — беларусы!”, мерапрыемствы пад эгідай Года здароўя, а ў красавіку раён прыме рэспубліканскі фестываль “Майстры мастацтваў — працаўнікам вёскі”.

— Ці ёсць у вас кантакт з кіраўніцтвам раёна?

— Самы шчыльны. Старшыня райвыканкама Анатоль Мароз цудоўна разумее праблемы культуры і заўжды ва ўсім нам дапамагае. Вельмі інтэлігентны і прадпрымальны чалавек. Ведае не толькі імёны, але і нават імёны па бацьку ўсіх нашых самадзейных артыстаў.

— І апошняе пытанне, што тычыцца эканоміі: як выконваеце план энергазберажэння?

— Сёлета ўжо ёсць 11 працэнтаў эканоміі. Уцяпляем клубы, выкарыстоўваем новыя эканомныя лямпы...

Пярсцёнак з Х стагоддзя

— Вось ён, зеленаваты ад часу,— распавядае дырэктар краязнаўчага музея Тамара Іванова. — Каштоўнасць, даражэйшая за золата. Знайшлі яго ў адным з курганоў часоў Полацкага княства. Пярсцёнак гэты аб’яднаў мінуўшчыну з сучаснасцю. Побач з ім — 40 тысяч музейных экспанатаў з самых розных стагоддзяў: вышыўкі, ручнікі, медалі...

 /i/content/pi/cult/153/1179/K-6.jpg

Маэстра Вячаслаў Мурашкевіч.

— Музей наш стаў цэнтрам культуры, — кажа Т.Іванова. — Распавядаем людзям пра свой край, але і зарабляем: гэта і ўрокі, і лекцыі, і гутаркі. Скажам, дзе яшчэ малеча пабачыць сялянскую хату, сапраўдную ступу і ўвесь хатні скарб?

Турыстычныя маршруты таксама распрацоўвае музей. Ёсць тут і унікальная Чырвоная кніга Гарадоцкага раёна ў адзіным экзэмпляры. Зроблена ў музеі! У ёй — 11 аркушаў, але кожная старонка — непаўторная...

Многія лічаць, што часіны музеяў мінаюць. Гэта абвяргаюць у Гарадку. Дзейнасць мясцовага музея ўпісалася ў жыццё азёрнага краю маленькім чыстым азярцом — люстэркам мінулага.

Літаратура — на любы густ

У Гарадоцкай ЦБС 34 бібліятэкі, у кожнай — свой досвед: у Пальмінскай, напрыклад, дзейнічае школа здаровага ладу жыцця, у Вахроўскай — міні-музей этнаграфіі, у Рудненскай — цэнтр экалагічных ведаў. Досвед гэты адкрыты для кожнага ахвотнага.

— У Цэнтральнай бібліятэцы, — расказала бібліятэкар Ніна Пушкова, — збіраем матэрыялы для невялічкага музея знакамітага земляка-паэта Уладзіміра Скарынкіна, дарэчы, частага госця Гарадоцкага краю.

Маем больш за 18 тысяч чытачоў у горадзе і амаль 10 — на сяле. Працуе больш за 30 клубаў для людзей розных узростаў.

У Гарадоцкай ЦРБ ёсць неблагі камерцыйны фонд з відэатэкай. Размешчаны ён у асобным памяшканні. У бібліятэках арганізавана 30 самых розных клубаў. А менавіта бібліятэкары раёна— першыя ў наладжванні святаў вёсак.

А бібліобус дзейнічае ў раёне па 11-ці маршрутах і абслугоўвае 34 вёскі. За апошні час у раёне прайшлі тры семінары: “Прафесійны статус бібліятэкара”, “Новае і цікавае ў скарбонку бібліятэкара”, “Бібліятэка і інфармацыйныя тэхналогіі”.

Цікава працуе ў вёсцы Бярэзнікі Таццяна Паўлоўская. Усяго на паўстаўкі ў бібліятэцы, а змагла арганізаваць сур’ёзны семінар для калег пра вечары-сустрэчы “Жыццё працягваецца”.

20 мільёнаў за 10 вечароў Дырэктар ГДК Андрэй Кандратовіч атрымліваў да заробку Прэзідэнцкую надбаўку. За што ж яе выплачваюць?

— За творчы падыход да справы!— адказвае Вольга Каўрыга. — Ён скончыў Мінскі інстытут культуры, прыехаў у Гарадок і заняўся мастацкай самадзейнасцю. Як я даведалася, калі Вольга Каўрыга ўзначаліла аддзел культуры, кіраўніком двух тэатраў, што яна стварыла, стала зусім маладзенькая Аліна Шын, а вось Алеся Нікіценка стварыла цікавы калектыў сучаснага танца.

ГДК — бы асобная краіна. Тут першымі ў рэспубліцы адкрылі бар-кавярню. У Доме культуры дзейнічаюць дыскатэкі і для дзяцей, і для падлеткаў, і для дарослых, ды і тэматычныя праграмы — самыя розныя.

— Толькі за 10 навагодніх праграм мы зарабілі 20 мільёнаў рублёў, — паведамляе дырэктар Дома культуры. — Апроч таго, зарабляем выязнымі канцэртамі на сяло.

Першы вучань

У дзіцячай школе мастацтваў пабачыла шмат цікавага. Сустрэлася з адным з першых вучняў школы, які прыйшоў сюды ледзь не паўстагоддзя таму.

Першы вучань ДШМ Вячаслаў Мурашкевіч цяпер яе выкладчык па класе баяна, завуч школы Дзмітрый Пронін — таксама баяніст і вучань Мурашкевіча, ды і бацька Дзмітрыя таксама вучыўся ў яго.

Так і склалася школа Мурашкевіча. Яго называюць чараўніком, віртуозам-імправізатарам, майстрам аранжыроўкі, да ўсяго, ён — мастацкі кіраўнік “Яблынькі”.

Пасля музвучылішча Вячаслаў Мурашкевіч прыйшоў у ДК акампаніятарам, іграў на танцпляцоўках, у ВІА “Лель”. Яму апладзіравалі ў Маскве, Калінінградзе, Латвіі, Эстоніі.

— І я вучуся ў сваіх вучняў,— прызнаецца Вячаслаў Андрэевіч. — Вось паслухайце “Турэцкі марш” Моцарта... Кожны мой вучань выканае яго па-свойму.

Настаўнік вельмі ганарыцца, што адзін з яго вучняў іграе ў сталічнай філармоніі. Таму, як кантактаваць з мастацтвам, таксама трэба спецыяльна вучыць — і музыцы, і харэаграфіі. Дырэктар ДШМ Д.Сцяпанава кажа, што калі класс баяна, напрыклад, цудоўна адпрацоўвае Вячаслаў Мурашкевіч са сваімі вучнямі, дык з харэаграфіяй зараз — праблемы: за некалькі апошніх гадоў у школу прыйшоў адзін малады спецыяліст.

Залаты голас Гарадка

У райцэнтры я сустрэла Алену Пагіба. Яе называюць тут мясцовай Мансерат Кабалье. Голас у дзяўчыны надзіва чысты. Побач з Аленай — дасведчаная фалькларыстка Лілія Рэзкіна. “Глейна” — так называецца іх фальклорны гурт. Збіраюць выключна старадаўнія песні, дэманструюць сапраўдны гарлавы спеў, што з’яўляецца вялікай рэдкасцю...

 /i/content/pi/cult/153/1179/K-7.jpg

Салістка Алена Пагіба.

Дырэктар раённага метадцэнтра Валянціна Даніленка распавядае, што ўстанова яе слаўная не толькі “Глейнай”: тут ладзіцца навучанне кадраў, праходзяць семінары для маладых спецыялістаў, арганізоўваюцца стажыроўкі і метадычныя дні. І вясковыя святы — таксама клопат метадыстаў. Днямі ў раёне прайшоў фестываль “Гарадоцкая скарбонка”: у кожным аграгарадку і буйным сяле гучалі прыпеўкі, народныя песні, інструментальная музыка.
Кросны ў Венесуэле

— Урэшце ён вярнуўся дахаты,— смяяўся дырэктар раённага Дома рамёстваў Васіль Сіманковіч.— Думалі, не дачакаемся. А раптам у дальняй дарозе што-небудзь сапсуецца? Нічога! Цэленькі.

Калекцыя ткацкіх вырабаў пабывала ў Венесуэле. Што яшчэ новага ў знакамітым на ўвесь свет Доме рамёстваў?

Дырэктар дбае аб рамонце будынка, якому 100 гадоў. Народныя майстры развіваюць сваё майстэрства і вучаць старадаўнім традыцыям мясцовую дзятву. Лоза- і саломкапляценне, ткацтва, вышыўка, ручнікі — усё гэтае багацце буяе фарбамі і прыгажосцю.

— Кіруюць гурткамі майстры, — тлумачыць дырэктар. — У народны клуб “Вытокі” ўваходзіць 39 умельцаў. Самая знакамітая наша ткачыха Марына Гушча з калекцыяй ручнікоў пабывала ў Венесуэле. Гэта яе ткацкі станок так уразіў замежнікаў.

Вольга ЯГОРАВА,
наш спецкарэспандэнт
Мінск — Гарадок — Мінск
Фота аўтара