Аб’яднаныя Беларуссю

№ 27 (1205) 04.07.2015 - 10.07.2015 г

Наперадзе “дарожная карта” і праграма
1 ліпеня ў Мінску адбылося першае пасяджанне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў. У сталіцу Беларусі прыбылі 32 прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў з 18 краін свету.

Нагадаем, што ў лістападзе мінулага года быў прыняты доўгачаканы закон “Аб беларусах замежжа”. Дакумент ствараўся, каб усталяваць канструктыўнае і ўзаемакарыснае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі беларускай дыяспары за мяжой. З яго дапамогай з’явілася магчымасць уніфікаваць прававое рэгуляванне зносін з грамадскімі арганізацыямі. Заканадаўчы акт павінен садзейнічаць захаванню нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці суайчыннікаў, незалежна ад краіны, у якой яны зараз жывуць, а таксама дапамагчы замацаваць іх сувязі з малой Радзімай.

Як паведаміў міністр замежных спраў Беларусі, старшыня Кансультатыўнага савета Уладзімір Макей, менавіта на айчыннае МЗС былі ўскладзены функцыі каардынацыі дзейнасці ўсіх органаў дзяржаўнага кіравання ў дачыненні да работы з тымі беларусамі, якія ў сілу розных абставін у свой час аказаліся за межамі радзімы. Ва ўступным слове Макей зазначыў, што сёння распачаты вельмі важны працэс, і ён павінен быць больш сістэмным і сталым.

— Для нашай маладой і незалежнай дзяржавы прыспеў час узнаўляць гісторыю беларускага народа, і адна з яе неад’емных частак — гэта гісторыя беларускага замежжа. У нас агульная зямля, культура, менталітэт, традыцыі — рэчы, якія назаўжды прывязалі вас і вашых дзяцей да Радзімы. Мы робім першыя крокі, таму не застрахаваны ад памылак. Але мы шчырыя ў памкненнях: усе мы хочам, каб тыя, хто жыве па-за межамі Бацькаўшчыны, не адчувалі адарванасці ад Радзімы. У нас і беларускай дыяспары ёсць шмат агульных інтарэсаў і чаканняў. І наша мэта — выявіць іх і рэалізаваць, — падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч.

А пытанняў і варыянтаў узаемаадносін і сапраўды наспела шмат. Прынамсі, старшыня ерэванскай беларускай абшчыны Арменіі Ірына Пагасян падзялілася з карэспандэнтам “К” набалелым:

— У першую чаргу, я хацела б пачуць, як мы можам дзяліцца з суайчыннікамі інфармацыяй, супрацоўнічаць з беларускімі арганізацыямі ў сферы культуры і адукацыі. У прыватнасці, як праводзіць абмены калектывамі для правядзення фестываляў, святаў, канцэртаў, конкурсаў. Зараз нам не хапае нейкага агульнага сайта, дзе мы маглі б сачыць за тым, што ладзіцца на тэрыторыі Беларусі, і размяшчаць інфармацыю пра мерапрыемствы, якія адбываюцца ў нас.

Сутыкнулася з праблемай выхавання нацыянальнай самасвядомасці дзяцей у поліэтнічных сем’ях старшыня Грамадскага аб’яднання “Беларускі культурны рух Малдовы” Ганна Мазур:

— Хацелася б узняць на новы ўзровень працу з моладдзю, дзецьмі этнічных беларусаў. Мы хочам прапанаваць ладзіць на тэрыторыі Беларусі культурны дзіцячы лагер, каб дзеці ўлетку з’язджаліся з розных куткоў свету, мелі магчымасць выпраўляцца ў вандроўкі па гістарычных мясцінах, займацца моўнай практыкай.

Старшыня абласнога грамадскага аб’яднання “Культурны цэнтр “Беларусь” з казахстанскага Паўладара Любоў Богнат задаволена ўзаемадзеяннем дзвюх краін у прадпрымальніцкай сферы. Ёй хацелася б, каб Кансультацыйны савет змог прыйсці да сістэмнасці ва ўсіх кірунках стасункаў. На яе погляд, галоўнай мэтай мерапрыемства на сёння з’яўляецца фарміраванне мірнай прасторы.

— І яшчэ важнае для мяне пытанне: калі мы іміджава працуем на Беларусь у сваёй дзяржаве, то чакаем, каб рэспубліка была зацікаўлена іміджава спрацоўваць і на нас, — дадала Любоў Іванаўна.

Пра складанасць і неабходнасць узнятых на пасяджэнні пытанняў сведчыць і тое, што часавыя межы на выступлені, абмен меркаваннямі і каментарыямі былі значна перасягнуты, а прамовы часта падтрымліваліся громкімі апладысментамі. Так, дыскутаваліся актуальныя пытанні па развіцці супрацоўніцтва ў галіне культуры. Сярод выступоўцаў па названым напрамку — дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў, Любоў Богнат з Казахстана, актывістка беларускай дыяспары ў Іспаніі, дырэктар Канстультацыйна-моўнага цэнтра “Лінгваландыя” Святлана Яськова.

У перапынку Уладзімір Макей выйшаў да журналістаў, каб падсумаваць прамежкавыя вынікі мерапрыемства:

— Хачу зазначыць, што абмеркаванне было вельмі цікавым. Я пачуў і для сябе багата новых рэчаў. Наша задача заключаецца ў тым, каб аб’яднаць інтарэсы беларусаў тут і іх суайчыннікаў з замежжа. Сваю задачу як кіраўніка Савета па справах беларусаў замежжа я бачу ў тым, каб аб’яднанаць інтарэсы і знайсці агульны фундамент, на якім нам неабходна пабудаваць нашы ўзаемаадносіны ў будучым. Першыя абмеркаванні паказалі, што прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў зацікаўлены ў тым, каб дапамагаць Беларусі, каб яе яшчэ больш пазнавалі, нашы землякі гатовы рабіць свой унёсак у развіццё і станаўленне беларускай дзяржавы. І наша рэспубліка таксама зацікаўлена ў тым, каб працягваць аказваць падтрымку дыяспары ў дасягненні яе інтарэсаў. Зараз мы выпрацоўваем канкрэтную “дарожную карту”, якая з’явіцца асновай для падрыхтоўкі праграмы “Беларусы замежжа” на 2016 — 2020 гады.

Таксама кіраўнік МЗС казаў аб значнасці патэнцыялу беларускай дыяспары па распаўсюджванні пазітыўнага іміджу Беларусі за мяжой. Ён лічыць, што народная дыпламатыя павінна адыгрываць сваю ролю, але гэта працэс комплексны, і тыя пытанні, якія могуць існаваць у адносінах з трэцімі краінамі, павінны вырашацца на такой аснове.

Перапынак скончыўся, і ў зале распачалася прадметная размова аб развіцці гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Сваім вопытам дзяліліся намеснік дырэктара Дэпартамента знешнеэканамічных сувязей МЗС Руслан Есін, Ганаровы консул Беларусі ў расійскай Цюмені, старшыня Цюменскай абласнай грамадскай арганізацыі “Саюзная інтэграцыя брацкіх народаў” Уладзімір Шугля, старшыня Елгаўскай беларускай суполкі “Злата”, дэпутат Сейма Латвіі Зента Траццяк.

Пасля завяршэння пасяджэння замежныя члены Кансультатыўнага савета скіраваліся ў Парк высокіх тэхналогій, а таксама прынялі ўдзел ў святочных мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці нашай Радзімы.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"