Тры хіты ў Віцебску

№ 27 (1205) 04.07.2015 - 10.07.2015 г

Прадстаўляць сваю краіну на міжнародных конкурсах і фестывалях заўсёды адказна. А тым больш, на такім прэстыжным, як “Славянскі базар у Віцебску”.

/i/content/pi/cult/540/11776/5-4.jpgЧакаю яго з нецярплівасцю, адлічваю дні і літаральна гадзіны да пачатку гэтага буйнога спаборніцтва. Летась я ўжо выступала на сцэне віцебскага Амфітэатра — у адным з фестывальных канцэртаў разам з аркестрам пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга. Сама атмасфера, што пануе ў Амфітэатры і ўвогуле на фестывалі, публіка, якая горача вітае ўсіх удзельнікаў (невыпадкова вядучыя называюць яе лепшай у свеце), — гэта не можа не ўражваць.

Мне даводзілася ўдзельнічаць і перамагаць у многіх конкурсах нацыянальнага і міжнароднага маштабу. Кожны з іх станавіўся значным, даваў свой плён на пэўным этапе творчага сталення. Але ж адным з самых знакавых, вядома, стаўся два гады таму Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Атрыманае там Гран-пры натхніла, як ніякія іншыя перамогі. Да таго ж, менавіта там я ўпершыню спявала ва ўмовах, набліжаных да Віцебска: на адкрытым паветры, са сцэны амфітэатра, разам з цудоўным аркестрам. І акрамя ўласна прэміі і Прыза імя Уладзіміра Мулявіна атрымала запрашэнне ад Міхаіла Якаўлевіча ў калектыў.

Два сезоны, якія я працую ў Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры Беларусі, паралельна займаючыся ва Універсітэце культуры і мастацтваў, можна назваць сапраўдным майстар-класам ад маэстра. Але ўсё закруцілася яшчэ хутчэй, калі я даведалася, што выйграла конкурс на ўдзел у “Славянскім базары…”. Сесію здала датэрмінова, бо інакш ні на што не хапіла б часу. Ва ўніверсітэце адчуваю моцную падтрымку сяброў, аднакурснікаў, выкладчыкаў. Зразумела, што ў падрыхтоўчы перыяд, нягледзячы на здадзеныя іспыты, працягвала займацца сцэнічнай мовай і вакалам. І вельмі ўдзячна сваім педагогам па гэтых дысцыплінах — Дзіне Тыцюк і Ігару Мельнікаву. Увогуле ж, трэба пайменна пералічваць каманду — на ўсю газетную старонку. І пачаць з маёй любай матулі! Без яе падтрымкі, без дапамогі спецыялістаў я проста не справілася б.

У паўфінале буду спяваць калыханку Рамана Козырава на верш Янкі Лучыны — “Спі, малы сакол”. У фінале, калі прайду (павінна прайсці — гэта мой не “службовы”, а чалавечы абавязак!), — “Ноч” Давіда Тухманава на словы Уладзіміра Маякоўскага і, на другі дзень, рок-баладу Фрэдзі Мэрк’юры “Somebody to Love”. Тры хіты — нацыянальны, славянскі, сусветны.

Вядома, перамагчы хочацца ўсім. А я да таго ж максімалістка: усё альбо нічога. За конкурсамі “Славянскага базару…” намагалася сачыць і раней, цікавілася ўсім, што там адбываецца. Ды ўсё ж галоўнае ў іх для мяне — заявіць пра сябе, зрабіць гэта ярка і запамінальна, не шкадуючы сіл і энергіі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"