Мікалай Крукоўскі. Універсал

№ 27 (1205) 04.07.2015 - 10.07.2015 г

Партызан- ардэнаносец, які стаў філосафам
Мікалай Крукоўскі — чалавек універсальных поглядаў, які пражыў доўгае, яркае і насычае жыццё. Партызан-ардэнаносец, ён пранёс праз усё жыццё наступствы атрыманага ў баі ранення. А пазней — творца сучаснай эстэтыкі і арыгінальнай канцэпцыі беларускай нацыянальнай ідэі, аўтар унікальных кніг і мноства артыкулаў філасофскага, культуралагічнага, паліталагічнага зместу, прафесар культуралогіі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, а яшчэ — грамадскі дзеяч, астраном-аматар і выдатны музыкант, аматар турпаходаў і спорту... Са згоды аўтара манаграфіі “Мікалай Крукоўскі. Бляск і трагедыя жыцця” Анатоля Астапенкі “К” друкуе фрагмент ягонай кнігі, дзе распавядаецца пра ваенны лёс знакамітага беларуса.

/i/content/pi/cult/540/11771/12-1.jpg[…] Скончыўшы дзесяцігодку ў Оршы, Мікалай Крукоўскі паспытаў шчасця на іспытах у Маскоўскі авіяцыйны інжынерны інстытут. Але падвялі не надта добрыя веды ў матэматыцы. Вярнуўся ў Оршу, куды крыху раней пераехалі на сталае жыхарства і бацькі. Без экзаменаў яго прынялі ў 1940 годзе на І курс Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Але правучыўся толькі год: пачалася вайна. Проста з інстытута яго скіравалі на працу ў горад Сычоўка.

У верасні 1941 года Крукоўскі добраахвотнікам пайшоў на фронт. У стралковым палку пад Смаленскам быў прызначаны камандзірам аддзялення.

Армія трапіла там у акружэнне, у так званы “Вяземскі кацёл”. Байцам, зусім маладым, “не абстраляным” хлопчыкам, быў дадзены загад прарывацца праз замкнутае фашыстамі кольца па адным. Хлопцы падзялілі і з’елі ўвесь свой паёк, развіталіся адзін з адным. Мікалай паглядзеў на свайго лепшага франтавога сябра — мандаліну, пацалаваў яе і павесіў на вельмі высокую сасну. Ён развітваўся з ёй назаўсёды… І кожны з байцоў пайшоў куды вочы глядзяць: як пашанцуе. Хто загінуў, хто трапіў у палон. Мікалая схапілі немцы. А мандаліна так і засталася самотна вісець у восеньскім лесе. Высока-высока… Такое сямейнае паданне засталося з той трагічнай гісторыі.

Пра тое, як маладым салдатам Мікалай Крукоўскі трапіў у палон, цікава гаворыць ён сам у інтэрв’ю з Юрыем Залозкам: “На трэцім прарыве трапілі ў рукі немцаў. Таксама было пачуццё непрыемнае — уздымаць рукі ўгору. Мы ж выхаваныя былі, што трэба рабіць харакіры… Ішлі на вёску выматаныя, есці не было чаго. Снег тады ў кастрычніку выпаў. Падыходзім да вёскі — глядзім, выходзяць адзін за адным пяць хлопцаў у нейкай нянаскай форме. Яны з аўтаматамі, а ў нас іржавыя трохлінейкі, і за намі метраў 300-400 роўнага поля, пасыпанага снегам. Потым мяне энкавэдыст пытаў: “Як, чаму вы зрабілі гэта?” Я яму хацеў сказаць: “Паглядзеў бы я на цябе”. Вайна ёсць вайна”.

Мікалай Крукоўскі трапіў у групу маладых ваеннапалонных, якіх павінны былі адвезці ў Нямеччыну. Ехалі ў таварных вагонах пад пільнай аховай нямецкіх салдат. Ноччу, ужо пад Смалявічамі, Мікола ўбачыў, што ахоўнікі адышлі ў іншы вагон і ёсць магчымасць уцячы. Для гэтага трэба было толькі скочыць з цягніка на поўнай ходзе. Ён крыкнуў: “Хлопцы, трэба ратавацца. Гэта наш шанц! Скочым, і ніхто нас не зловіць!” На дзіва, яго амаль ніхто не падтрымаў. Потым ён шмат разоў будзе ўспамінаць той эпізод з горыччу […].

Аднак двое хлопцаў усё ж падтрымалі Міколу, і яны скочылі з таварняка. Пабіліся трохі, але засталіся жывымі, і галоўнае — свабоднымі. Трохі пабадзяўшыся па незнаёмых вясковых мясцінах, Крукоўскі вярнуўся дадому.

Вось так упершыню на поўніцу вызначыўся вольналюбівы характар будучага вучонага. Такім ён будзе і ў навуцы — бескампрамісны, сумленны. Ніколі не скорыцца ён перад цяжкасцямі, ніколі не зможа здрадзіць не толькі блізкім, але і сваім ідэалам, высокім прынцыпам.

Мікалай вярнуўся ў Оршу, у бацькоўскі дом, дзе заставаліся ўжо толькі яго дзядуля з бабуляй. Бацька — Ігнат Крукоўскі — ваяваў на фронце, маці — настаўніца Марыя Мікалаеўна — разам са сваёй школай падалася ў эвакуацыю, на усход.

З верасня 1941 года ён жыў у гэтым доме. Але ўжо на пачатку 1942-га звязаўся з партызанамі брыгады Заслонава і стаў у ёй сувязным. Узімку 1942 — 1943 гадоў з мэтай канспірацыі працаваў спачатку падлікоўцам аддзела добраўпарадкавання, а каб замацавацца ў Оршы, ён паступіў на працу ў БНД — Беларускі народны дом. Гэта была культурная ўстанова. Яна займала будынак аэраклуба, у якім калісьці быў сабор, разбураны ў савецкія часы. БНД меў народны хор, а таксама наваствораны аркестр, дзе Мікалай Ігнатавіч павінен быў граць. Вось як ён прыгадвае гэты эпізод: “Нават канцэрт адзін далі на ільнокамбінаце. БНД быў проста выспай для выратавання. Там сабраліся інтэлігентныя людзі. Я выкарыстоўваў яго як “страху” для сваёй агентурнай дзейнасці”.

Неўзабаве прыйшоў загад перайсці для далейшай барацьбы з ворагам у атрад. У сакавіку 1943-га Мікалай Крукоўскі быў прызначаны на пасаду камандзіра аддзялення, а пазней — начальніка штаба атрада “Малады Бальшавік” брыгады. А 5 снежня 1943-га Крукоўскі паранены падчас адной з варожых блакад і сутычак з ворагам: куля прашыла яму кісць левай рукі, пашкодзіўшы сухажылле. Рана зажыла, але ў далейшых сваіх разліках на мірны лад жыцця чалавек павінен быў канчаткова развітацца з думкамі пра набыццё скрыпкі і прафесійны занятак музыкай.

У гэты час ён наладжвае сувязь з бацькамі. Вядзе перапіску з маці. Лісты да маці — прыклад шчырасці, сынавай любові, сведчанне непрымірымасці да фашысцкай навалы і жадання перамагчы.

З ліста да маці ад 16 лютага 1944-га: “Раны почти закрылись. Самочувствие замечательное. Уже начал работать начальником штаба отряда. Командование бригады ходатайствует о присвоении мне звания лейтенанта и одновременно представило к правительственной награде. Ребята, окружающие меня, замечательные. Особенно один, из Москвы, лучший мой друг Гриша — веселяга, насмешник, музыкант и художник, а вместе с тем и отважный диверсант. Одним словом, бьём немцев вовсю”.

У гэтым лісце ўпершыню ўзгадваецца Рыгор Мікаленка, з якім Мікалай будзе сябраваць усё жыццё.

Цікава, што нягледзячы на віхуру ваенных дзеянняў, на жыццё, поўнае небяспекі, няўпэўненасці ў простай ісціне — ці пабачыш ты заўтра сонца, альбо будзеш ляжаць забітым у безыменнай магіле, — Мікалай Крукоўскі думае… пра кнігі!

Вось вытрымка з ліста да маці ад 21 кастрычніка 1944-га: “С жадностью прочёл все письма. Не меньшее удовлетворение и радость доставил мне и перевод на 1000 руб. Я с минуту, восторженный, созерцал его, и в туманных далях моей разгорячённой фантазии уже мерещились, что бы ты, мама, думала?... Книги... Целые груды книг, приветливо раскрывавшие мне объятия тиснённых с золотом переплётов, веявших на меня со своих атласных страниц таинственным духом древности, набивавших голову мою всевозможной мудростью и соблазнявших моё воображение полными изящества формами и красотами искусства”.

Вайна скончылася. Партызан Крукоўскі быў узнагароджаны медалямі “За адвагу” і “Партызану Айчыннай вайны” І ступені, ордэнам Айчыннай вайны І ступені. А 20 красавіка 1944-г. самалётам ён быў перапраўлены на лячэнне ў савецкі тыл. Пасля трохмесячнага лячэння працаваў на заводзе ў горадзе Таржку. Аднак для Крукоўскага выпрабаванні не скончыліся. Раптоўна яго арыштоўваюць (быццам для праверкі) і на нявызначаны час яго адпраўляюць у спецлагер № 140 у г. Калініне. Праз падобныя спецправеркі, а насамрэч ГУЛАГаўскія лагеры, прайшлі многія ваеннаслужачыя, якія ў час вайны трапілі ў палон да немцаў.

[…] Аднак нашаму герою, будучаму маэстра савецкай, а потым і сусветнай эстэтыкі, удалося пазбегнуць савецкага лагера. Магчыма, адыграла сваю ролю і тое, што Калінінскі лагер яшчэ не паспеў на ўсю моц запусціць карны махавік... […] І зноў ягоны шлях ляжыць да бацькоўскага дома. Праз некалькі дзён пасля ўцёкаў ён вяртаецца ў Оршу, і пачынаецца мірнае жыццё... У 1945-м паступае на І курс Філалагічнага факультэта БДУ. Спецыялізуецца ў галіне эстэтыкі і літаратуры…

[…]