Пад дахам неба — паравозы...

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Здаецца, зусiм нядаўна на бязмежных прасторах СССР шпарка бегалi па рэйках паравозы. А між тым, мiнула амаль 30 гадоў, як апошнi з іх стаў на прыкол на запасных пуцях... Цяпер гэтую тэхнiку, ахутаную клубамi пары, проста так ля перона не ўбачыш, хiба толькi ў кiнастужках… Праўда, яшчэ можна азнаёмiцца з ёю ў музеях. На Беларусi — дзве такія ўстановы: у Баранавiчах i Брэсце, дзе сустрэнеш “паравознае рэтра”. Дарэчы, у музеi лакаматыўнага дэпо Брэст знайшлi прытулак паравозы i вагоны, якiя маюць сапраўдную гiстарычную каштоўнасць. Цiкава, што часам “нараджэння” некаторых адзiнак чыгуначнай тэхнiкi лiчыцца пачатак XX стагоддзя.

 /i/content/pi/cult/153/1177/Parovoz1.jpg

Паравоз серыi ФД-20 Луганскага паравозабудаўнiчага завода, 1936 год.

Нiколi не думаў, што маё падарожжа ў Брэст стане такiм займальным. Гутарка з дырэктарам музея Вiктарам Грыцуком, а потым i знаёмства з экспазiцыяй выклiкалі такое пачуццё, быццам час вярнуўся назад i ты нечакана апынуўся ў мiнулым…
Пры ўваходзе ў музей мяне прывiтаў сваiм парадным аблiччам паравоз серыi ЛВ — так званая “Лебядзянка” Варашылаўградскага завода. Гэтую прыгожую назву ён атрымаў дзякуючы прозвiшчу канструктара Л.Лебядзянскага. Сярод экспанатаў — тыповы паравоз даваеннай вытворчасцi ЭМ 1933 года, які часцей за ўсё эксплуатавалi на чыгунцы ў гады Вялiкай Айчыннай. Таму кiнематаграфiсты часцей за ўсё і выкарыстоўваюць для здымкаў акурат гэты рарытэт.
Тут можна сустрэцца i з iншымi сведкамi ваеннай эпохi — скажам, трафейнымi паравозамi 52-й серыi. Немцы выпусцiлi іх каля 6 тысяч, i трэць атрымаў Савецкi Саюз пасля заканчэння вайны. У айчыннай класiфiкацыi гэты паравоз вядомы як машына серыi ТЭ.
У доўгай чарадзе паравозаў, цеплавозаў, вагонаў прыцягваюць увагу паравозы серыi ФД (“Фелiкс Дзяржынскi”), якія сышлі з заводскага канвеера ў 1936 годзе, і cерыi П-36 (“Победа”) 1955 года выпуску. Па словах дырэктара, вялізным экспанатам на тэрыторыi ў тры гектары робіцца цесна. Нядаўна музей звярнуўся ў Брэсцкі гарвыканкам з просьбай пашырыць межы ўстановы. Ля тэрыторыi музея плануецца ліквідаваць вытворчую зону, побач закласці парк… Асаблiвасць гэтай культурнай установы i ў тым, што яна знаходзiцца пад адкрытым небам. Хаця ў свеце такiх музеяў, дзе б помнікі транспарту размяшчалiся ў крытых павiльёнах, няшмат. Зразумела, што ападкi, перапады тэмператур ды iншыя капрызы надвор’я робяць сваю нядобрую справу. Тэхнiку трэба перыядычна фарбаваць, каб стрымаць апетыт iржы, уважлiва сачыць за станам металу. Супрацоўнiкi музея свае абавязкi выконваюць добрасумленна, бо паравозы быццам новыя, i не скажаш, што ўзрост некаторых набліжаецца да стагоддзя. У аддаленай перспектыве на тэрыторыi музея плануецца ўзвесцi невялiкi павiльён для размяшчэння найбольш каштоўных экспанатаў. А каб паказаць рэтра-чыгунку ў дзеянні, мяркуецца сканструяваць паваротнае кола: без яго паравоз не развернецца самастойна ў супрацьлеглым кірунку. Калicьцi, каб яму дапамагчы, выкарыстоўвалi адмысловую прыладу — дышаль. На змену яму прыйшлi новыя прыстасаваннi, электрычная энергiя…
Сёння музей супрацоўнiчае з аналагічнымі ўстановамi Санкт-Пецярбурга i Масквы. Але сувязi наладжваюцца не толькi з Расіяй. Напрыклад, летась музей чыгуначнай тэхнiкi ў Брэсце наведалi падарожнiкi з Велiкабрытанii, якiя збiралi фота- i вiдэаматэрыялы для
 /i/content/pi/cult/153/1177/Parovoz2.jpg
Хуткi пасажырскi паравоз “Победа”, 1955 год.
канала “Дыскаверы”. Гэты здымачны праект распрацаваў музей Тайн-энд-Уiра — адзін з буйных у Брытаніі. Шлях Джонi Бiла, Джона Пеглера i Кейт Харвест пралягаў па чыгунцы ад горада Сандэрленд да сталіцы В’етнама Хашымiна праз Беларусь. У музеі пабывалі дэлегацыi з Iндыi, Перу i iншых далёкіх краiн. А ў пачатку сакавiка яго наведалі госці з Венесуэлы.
Некалькi гадоў таму з экспазiцыяй азнаёмiліся жанчыны-ветэраны, Героі Савецкага Саюза Алена Чухнюк (у вайну яна была машынiстам паравоза на Сталiнградскiм фронце) і Надзея Траян — удзельнiца аперацыi па лiквiдацыi гаўляйтара Кубэ. Бываў у музеі i вядомы беларускі машынiст Фёдар Фадзееў — таксама ветэран, Герой Сацыялiстычнай Працы. Дзякуючы свайму майстэрству, ён калісьці вадзіў цяжкiя кiламетровыя саставы (грузападымальнасцю 4500 тон), якiя ў два разы перавышалi норму…
Музейныя паравозы, як ужо адзначалася, карыстаюцца вялiкiм попытам у айчынных i расійскiх кiнематаграфiстаў. Так, у маi гэтага года на базе кiнастудыi “Беларусьфiльм” павінен здымацца расійскі телесерыял “Застава”. Рэжысёр — Васiль Пiчул, вядомы па фільмах “Маленькая Вера”, “У горадзе Сочы цёмныя ночы”. Стужка распавядзе пра падзеi Другой сусветнай вайны, пра лёс учарашнiх аднакласнiкаў, якiя праз усю вайну пранеслi ў душах каханне i пачуццё патрыятызму. Паводле сцэнарыя, частка кiназдымак серыяла пройдзе на Брэсцкiм аддзяленнi Беларускай чыгункi. Здымачная группа ўжо замовіла дзейны паравоз, вагоны, адкрытыя платформы i вельмi папулярную сярод кiнематаграфiстаў “цяплушку”, без якой, паводле слоў В.Грыцука, не абыходзiцца амаль ніводзін фiльм пра Вялiкую Айчынную… Кожны год у брэсцкi музей дасылаецца не менш пяцi заявак на выкарыстанне экспанатаў у кiназдымках. На тэрыторыi Брэсцкага аддзялення ішла праца над стужкамi “Курсанты”, “Вока за вока”, “Апошнi бой маёра Пугачова”, “Божая Мацi ў крывавых снягах”, “Апошнi браняпоезд” i iншымi. “Музей заўжды гатовы адчынiць вароты і выпусцiць на прастор рэжысёрскай фантазii паравоз у добрым тэхнiчным стане”, — кажа В.Грыцук. На жаль, не захавалася нiводнага браняпоезда. Але кiнематаграфicты знайшлi выйсце: з паравоза зрабiлi муляж — прыладзiлi да яго бакоў лiсты фанеры, пафарбаванай у патрэбны колер. Як лiчыць
 /i/content/pi/cult/153/1177/Parovoz3.jpg
Заводская бірка з вагона.
В.Грыцук, “браняпоезд” з выгляду не горшы за сапраўдны. Спытаў, хто кiруе паравозам падчас кiназдымак. “Ёсць яшчэ, — усмiхаецца дырэктар, — спецыялiсты, якiя маюць допуск. Але навыкамi, як у машынicта паравоза Васiля Карабанюка, сёння мала хто можа пахвалiцца. Таму да яго паслуг часцей за ўсё i звяртаюцца”.
В.Грыцук паказаў мне вагон-цяплушку 1915 года, а таксама грузавы паравоз серыi ЭУ 1929 года. Яго асаблівая каштоўнасць у тым, што гэты паравоз выраблены без дапамогi электразваркi, якая пачала ўжывацца ў масавай вытворчасцi ў пачатку 1930-х: дэталi яго змацаваны пры дапамозе клёпкі… Пабываў я і ў найстарэйшым, генеральскiм, вагоне 1903 года, дзе ёсць рабочы кабiнет, душ, сталовая.
На развiтанне дырэктар паказаў мне заводскiя бiркi, якiя чаплялi на вагоны. Іх няпроста знайсці ў iншых музеях — мо таму, што ў свой час іх масава вывозілі за мяжу. В.Грыцук спадзяецца, што і гэтыя каштоўныя экспанаты, размешчаныя пад шклом, наведвальнiкi абавязкова ўбачаць.

Валерый ШАЙТАР
Мінск — Брэст — Мінск
Фота аўтара