Першы юбілей “Шматгалосся”

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

5-годдзе з дня стварэння першага ў краіне і унікальнага ў сваім родзе аматарскага аб’яднання прадстаўнікоў нацыянальных культур “Шматгалоссе” святкавалі ў памяшканні Касцюкоўскай базавай школы Барысаўскага раёна.

 /i/content/pi/cult/153/1176/Shmatgalosse.jpg
Кіраўнік аб’яднання Наталля Кавалеўская ўзгадала, як марозным зімовым днём у Касцюкоўскі сельскі дом культуры прыйшлі 23 ініцыятыўныя асобы — жыхары гэтай вёскі, кіраўнікі Польскага дома ў Барысаве і яўрэйскай абшчыны “Свет меноры”. Ідэя стварэння аб’яднання, якую доўга выношвала дырэктар ДК Наталля Тупік, была ўхвалена і падтрымана.

Сёння ў складзе “Шматгалосся” — 45 чалавек 14-ці нацыянальнасцей. Найстарэйшай яго ўдзельніцы — 75 гадоў, самай малодшай — 14.

Аб’яднанне мае некалькі секцый па розных накірунках мастацкай творчасці — сольных выканаўцаў, паэтаў-песеннікаў, майстроў народнай творчасці, клуб аматараў нацыянальных кухняў.

Удзельнікам вечарыны былі прадэманстраваны відэаматэрыялы, з якіх можна было даведацца, што “Шматгалоссе” адзначана мноствам узнагарод. Гэты калектыў — дыпламант Першага абласнога фестывалю аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах “Свет творчасці, свет захапленняў”, ІІ Усебеларускага фестывалю народнай творчасці “Беларусь — мая песня”, лаўрэат VI Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур, за ўклад у развіццё дыялога і ўмацаванне згоды паміж народамі адзначаны дыпломам Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКО. У 2005 годзе “Шматгалоссе” атрымала ганаровае званне “народны аматарскі калектыў”.

Сярод тых, хто прыйшоў павіншаваць яго з 5-годдзем, былі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і ўраджэнец Барысаўскага раёна Леанід Козік, старшыня райвыканкама Васіль Дылюк, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Васіль Чэрнік, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Ірына Лемцюгова, народны артыст Беларусі, прафесар Міхась Дрынеўскі, загадчык кафедры БДУ культуры і мастацтваў Пётр Гуд.

На вечарыне ў склад “Шматгалосся” прынялі новых членаў.

Аздобай імпрэзы стаў вялікі святочны канцэрт з удзелам ансамбляў “Шматгалоссе” і “Белыя зоры”, лепшых салістаў аматарскага аб’яднання нацыянальных культур. А завяршылася святкаванне танцавальна-забаўляльнай праграмай.

25 прадстаўнікоў “Шматгалосся” будуць прадстаўляць Барысаўшчыну і Мінскую вобласць на VII Усебеларускім фестывалі нацыянальных культур у Гродне.


Сцяпан БУКАЦІЧ
Барысаўскі раён
На здымку: выступае ўдзельнік аб’яднання
Кахабэр Цэракідзэ.