А мо капліца?

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

З вялікай цікавасцю пазнаёміўся з публікацыяй Барыса Крэпака “Летапісец партызанскай эпапеі” пра мастака Сяргея Раманава і яго творчасць.

Я чалавек пасляваеннага пакалення, але дыханне мінулай вайны яшчэ адчуваў шмат гадоў. Да і выхаваны я на кнігах пра Лёню Голікава, Марата Казея, Зіну Партнову… Новаму пакаленню можна смела браць прыклад і з Сяргея Раманава. Дзякуй яму за яго ўспаміны, за творы аб мінулай вайне. Нізкі паклон такім людзям, добрая, светлая ім памяць!

Некалі ў свае школьныя гады я быў знаёмы з Іванам Ахрэмчыкам, які жыў на вуліцы Ульянаўская. І неаднаразова я чуў тады ад яго наступную думку. Ён марыў, каб на рагу вуліц Беларуская і Ульянаўская, у скверыку, была пабудавана каплічка ў памяць пра ўсіх загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны жанчынах і іх дзетках. Бо яны маюць права на гэтую светлую памяць. Сёння — яны ўсе святыя.

У Арменіі тыя людзі, што загінулі ў час турэцкага разбою, генацыду 1915 года, абвешчаны святымі… Бо гэта боль, цяжкая памяць, страта культурнага пласту ў гісторыі… Ну а што мы, беларусы? З сумам назіраю, што нават Вялікдзень ці Дзень Перамогі ў нас робяцца звычайнымі днямі адпачынку. Так і губляецца памяць пра мінулае. Я ж кожны раз, калі бываю на вуліцы Беларускай, стаю ля Свіслачы, згадваю Івана Ахрэмчыка ды ўсіх загінуўлых. Хто ведае, можа, і сапраўды аднойчы з’явіцца такая каплічка…

Уладзімір ГОЛУБЕЎ, пенсіянер