Ці рэальны віртуальны дакумент?

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

Электронны дакументазварот у сферы культуры: рэаліі і перспектывы
Запіс у бібліятэку і выбар патрэбных кніг, замова хітоў, якія прагучаць на бліжэйшай сельскай дыскатэцы ці нават атрыманне дазволу на рамонтныя работы на аб’екце гісторыка-культурнай спадчыны — усе гэтыя і многія іншыя паслугі, так ці інакш датычныя культуры, з цягам часу можна будзе атрымаць пры дапамозе Інтэрнэту нават не выходзячы з дому. І гэты час не такі ўжо і далёкі, як можа хтосьці падумаць. Але ж, натуральна, атрыманне электронных паслуг ад самых розных дзяржаўных органаў і арганізацый праз Сеціва ў Беларусі толькі пачынаецца. Справа ў тым, што на шляху да, так бы мовіць, агучанай “светлай будучыні” — аказання падобных онлайн-паслуг — пакуль існуюць некаторыя складанасці. Адна з іх — неабходнасць поўнага ўкаранення ва ўсіх дзяржаўных ведамствах і арганізацыях сістэмы электроннага дакументазвароту, як гэта і прадпісана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 157 ад 4 красавіка 2013 года. Дарэчы, гэты ж Указ прадугледжвае “прыняць меры, якія забяспечваюць паэтапнае скарачэнне да 2016 года колькасці дакументаў на папяровых носьбітах”. Так што праз пэўны час і папяровыя распараджэнні ад дырэктараў ці кіраўнікоў разнастайных дзяржаўных органаў ды арганізацый, як вынікае, маюць кануць у Лету…

Электронны ўрад у дзеянні

Чытач можа запытацца: для чаго патрэбны сістэмы электроннага дакументазвароту (СЭДы)? Няўжо без іх немагчыма будзе запісацца ў тую ж бібліятэку праз інтэрнэт? Але ўся справа ў тым, што захады па ўкараненні СЭДаў неабходныя, каб стварыць у Беларусі так званы “электронны ўрад”. Гэты, такі патрэбны сёння “ўрад”, дазволіць аптымізаваць працэсы дзяржаўнага кіравання ў маштабах усёй краіны ды значна павысіць эфектыўнасць працы розных органаў і арганізацый, а таксама звядзе патрэбу наўпростага кантакту паміж чыноўнікам і грамадзянінам да мінімуму. Вось тады і можна будзе кожнаму, не выходзячы з дому, набыць білет у музей, а ў паліклініках і дзяржаўных установах знікнуць чэргі, бо на прыём можна будзе патрапіць, пакінуўшы заяўку ці зарэгістраваўшыся на сустрэчу да лекара ці чыноўніка праз Сеціва…

Дарэчы, да канца бягучага года наша дзяржава мае намер увайсці ў трыццатку вядучых краін свету па індэксе развіцця электроннага ўрада — менавіта такі мэтавы паказчык прадугледжаны Нацыянальнай праграмай паскоранага развіцця паслуг у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на 2011-2015 гады. Мэта названай праграмы — пераход да электронных зносін дзяржавы (маюцца на ўвазе дзяржаўныя органы і арганізацыі) з грамадзянамі і бізнесам, што дазволіць выконваць адміністрацыйныя працэдуры прасцей, хутчэй і танней, чым тое прынята сёння.

Зразумела, арганічнай часткай электроннага ўраду з’яўляецца і сфера культуры краіны. Але наколькі блізкая Беларусь і, у прыватнасці, дзяржаўныя органы і ўстановы сферы культуры да рэалізацыі маштабных планаў? У згаданым мною Указе Прэзідэнта краіны №157 пазначаны тэрміны ўкаранення сістэм электроннага дакументазвароту ў дзяржаўных арганізацыях, а таксама прадугледжана паэтапнае падключэнне іх да ўжо дзеючай у Беларусі сістэмы міжведамаснага электроннага дакументазвароту. Дык вось, згодна з Указам усе дзяржаўныя органы ды арганізацыі павінны перайсці на міжведамасны электронны дакументазварот да канца бягучага года.

Як бачна, тэрміны што называецца, падціскаюць… Дык што, ужо пасля 1 студзеня 2016 года кожны зможа зарэгістраваць заяву аб шлюбе праз Інтэрнэт ці атрымаць дазвол на рамонт на тым самым аб’екце спадчыны? Аказваецца, не ўсё так проста.

Электронная культура і рэальнасць

Магчыма, некаторыя ведаюць, што справа ўсталявання СЭДаў у дзяржаўных органах і арганізацыях Беларусі, на жаль, пакуль ідзе даволі марудна. У тым ліку — у сферы культуры. А без усталёўкі сістэм электроннага дакументазвароту аказанне культурных паслуг у рэжыме онлайн, як я ўжо казаў, так і будзе заставацца недасяжнай марай.

Да слова, пераважная большасць буйных арганізацый і ўстаноў, падпарадкаваных Міністэрству культуры Беларусі, дасюль яшчэ не ўсталявалі ў сябе гэту сістэму.

— На сённяшні дзень ва ўстановах, падпарадкаваных Міністэрству, ведамасны электронны дакументазварот укаранёны ў чатырох арганізацыях з трыццаці дзевяці, — адзначыў “К” начальнік аддзела кантролю і справаводства Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алег Скарына.

Так што да паўнавартнаснай “электроннай” культуры ў Беларусі яшчэ вельмі далёка. Гаворка ж пра падключэнне да сістэмы электроннага дакументазвароту такіх устаноў сферы культуры — напрыклад, тых жа раённых бібліятэк ці гарадскіх Дамоў культуры — пакуль што ўвогуле пад вялікім пытаннем. Там пра ўсталяванне гэтакіх “найноўшых” тэхналогій — слова “найноўшых” бяру ў двукоссе, бо ў многіх краінах Еўропы СЭДы выкарыстоўваюцца ўжо не першы год — многія нават пакуль што і не думаюць.

Плаці грошы — будзь харошы!

У чым жа справа, спытаеце вы? Найперш — у фінансавым складніку. Як патлумачыў “К” Алег Скарына, многія ўстановы культуры нават не запланавалі ў сваіх гадавых бюджэтах выдаткі на ўсталяванне СЭДаў. Да таго ж, для невялікіх арганізацый плата за падключэнне падобнай паслугі даволі значная.

Прывяду некалькі лічб. Як зазначыла намеснік начальніка аддзела суправаджэння інфармацыйных сістэм Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг Наталля Шыратава, укараненне СЭДу абыйдзецца той або іншай дзяржаўнай арганізацыі ў дзясяткі мільёнаў рублёў.

— Напрыклад, усталяванне СЭД “SMBusiness” канфігурацыі “Смарт+” (на пяць працоўных месцаў) плюс падрыхтоўка карыстальнікаў да работы з дадзеным праграмным забеспячэннем абыдзецца арганізацыі, што знаходзіцца ў Мінску, прыкладна ў 48 мільёнаў рублёў, — распавяла мне суразмоўца. — Калі ўстанова знаходзіцца па-за межамі беларускай сталіцы, тарыф на падключэнне крыху павялічыцца — звыш 49 мільёнаў рублёў. Да таго ж суправаджэнне дадзенай паслугі будзе каштаваць арганізацыі штомесяц яшчэ ў 1 мільён 150 тысяч рублёў.

Грошы гэтыя — зусім не малыя, і не толькі для раённых устаноў культуры ды арганізацый сферы. Напрыклад, ці зможа “пацягнуць” дадзеную паслугу той жа Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” або Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, дзе працуюць усяго некалькі чалавек, а дакументазварот тут складае, мяркую, ад сілы 100-200 дакументаў на год? Для падобных арганізацый дзясяткі мільёнаў рублёў — грошы яшчэ тыя…

Па словах Наталлі Шыратавай, з гэтай праблемнай сітуацыі можна знайсці выйсце:

— Калі тая або іншая арганізацыя не можа адразу заплаціць грошы за ўсталяванне СЭДу, дык яна павінна напісаць афіцыйны ліст з просьбай аб растэрміноўцы плацяжу, напрыклад, на тры месяцы, — патлумачыла Наталля Шыратава. — Сыходзячы з майго досведу, магу зазначыць, што ўсе гэтыя заяўкі ўважліва разглядаюцца, і, як правіла, па іх прымаецца станоўчае рашэнне: мы зазвычай ідзём насустрач нашым кліентам.

Як бачна, пэўнае рашэнне сапраўды маецца. Але тут паўстае і іншае пытанне: калі буйныя арганізацыі сферы культуры ў асноўным забяспечаны найноўшым тэхнічным і камп’ютарным абсталяваннем, дык на раённым узроўні такога, на жаль, можа і не быць. Ні для каго не сакрэт, што камп’ютары вельмі хутка “старэюць”, а на набыццё новых патрэбна таксама патраціць значную суму грошай. І ці змогуць у тых жа райбібліятэках ці Дамах культуры падключыцца да сістэмы электроннага дакументазвароту без адпаведнага сучаснага камп’ютарнага начыння — пытанне досыць сур’ёзнае.

Але ж, як запэўніла мяне Наталля Шыратава, вялікіх патрабаванняў да камп’ютарнага абсталявання СЭДы не прадугледжваюць:

— Калі на камп’ютары ўсталяваны больш за 512 Мб аператыўнай памяці, маецца дастаткова месца на жорсткім дыску, а ПК працуе ў 7-й ці 8-й версіі Windows, праблем у карыстальнікаў не будзе аніякіх, — адзначыла мой суразмоўца.

Так што, як вынікае, падключацца да СЭДу сапраўды можа кожная ўстанова сферы культуры, і не толькі ў буйных раённых ці абласных цэнтрах. Натуральна, пры наяўнасці грошай у бюджэце сваёй ці кіруючай арганізацыі. Урэшце, многія дзяржаўныя інстанцыі так пакуль што і не ўсталявалі ў сябе сістэму электроннага дакументазвароту. Таму, як адзначыла Наталля Шыратава, падключэнне названай паслугі да канца бягучага года ва ўсіх дзяржаўных установах ды арганізацыях наўрад ці будзе магчымым:

— Мы толькі зараз заканчваем падключаць да СЭДаў міністэрствы і ведамствы краіны, — адзначыла візаві. — Напрыклад, восенню плануецца поўнае падключэнне да сістэмы электроннага дакументазвароту Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Мяркую, усталяванне падобных сістэм ва ўсіх дзяржаўных органах і ўстановах будзе адбывацца яшчэ даволі працяглы час, паступова, сыходзячы з фінансавых магчымасцей арганізацый. Натуральна, гэта датычыць і ўстаноў сферы культуры.

Дакументы ў радасць

Вось такія навіны. Між тым варта адзначыць, што электронны дакументазварот сапраўды вельмі аблягчае працу супрацоўнікаў той або іншай установы культуры. Напрыклад, нават такой вялікай, як Нацыянальная бібліятэка Беларусі. СЭД “Рэкорд” — гэтую электронную базу, дарэчы, таксама ўсталёўваюць усім ахвотным у Нацыянальным цэнтры электронных паслуг — тут запрацавала яшчэ ў далёкім 2006 годзе. І без яе дзейнасці свае штодзённыя рабочыя будні супрацоўнікі ўжо не ўяўляюць.

— Штогод "звонку" да нас паступае прыкладна 3 тысячы дакументаў, і столькі ж адпраўляецца адказаў, — патлумачыла “К” начальнік агульнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Інэса Поль. — Да таго ж у нас існуе значны ўнутраны дакументазварот — дзясяткі тысяч дакументаў, якія трэба апрацаваць, адкарэктаваць, завізіраваць, адправіць адрасату... Без дадзенага СЭДу праца нашых супрацоўнікаў вельмі б замарудзілася… Таму ўсталяванне падобных сістэм, мяркую, — вялікая карысць для любой арганізацыі.

Што ж, з дадзенай высновай, пэўна, спрачацца не варта. Іншая справа, што далёка не лепшая эканамічная сітуацыя ў краіне, звязаная з праблемамі на знешніх рынках краін-суседзяў Беларусі, бумерангам адгукаецца і на планах па ўкараненні электроннага ўраду: грошы пад гэтыя мэты знайсці даволі цяжка.

Пацвярджэнне — пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якая была апублікавана на Нацыянальным прававым партале 18 чэрвеня бягучага года — літаральна днямі. Дакумент гэты ўносіць змены ў Нацыянальную праграму паскоранага развіцця паслуг у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на 2011-2015 гады.

Згодна з пастановай, агульная сума бюджэтнага фінансавання праграмы за пяцігодку паменшыцца на 11% — з 314 да 277 мільярдаў рублёў. Бюджэты скароцяцца адразу ў некалькіх падпраграмах — менш выдаткуюць на “Электронны ўрад”, ”Электронная ахова здароўя”, ”Электроннае навучанне і развіццё чалавечага капіталу”, “Электронную занятасць і сацыяльную абарону насельніцтва”. Самым значным будзе памяншэнне выдаткаў на “Электронны ўрад” — замест 23 мільярдаў рублёў на яго ў гэтым годзе выдаткуюць толькі 8 мільярдаў…

Уcё гэта азначае толькі адно: запісвацца ў бібліятэку сёння і заўтра трэба пакуль гэтак жа, як і ўчора: прыйшоўшы самастойна ва ўстанову культуры… Што ж, паразмаўляць з дасведчаным бібліятэкарам нашмат больш цікава, чым з бяздушнай электроннай машынай… А разумных супрацоўнікаў бібліятэк, як кажуць, на наш век яшчэ хопіць… Прынамсі, я ў гэтым перакананы.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"