Сертыфікат творцы

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

19 чэрвеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 251, згодна з якім асобамі, якія ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў (і, адпаведна, вызваляюцца ад “падатку на дармаедства”, які сёння актыўна абмяркоўваецца ў публічнай прасторы) прызнаны не толькі члены творчых саюзаў, але і ўладальнікі сертыфікатаў творчага работніка. Такія дакументы, тэрмін дзеяння якіх пяць гадоў, будзе бясплатна выдаваць спецыяльная экспертная камісія, якая створана пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

З фармальнага пункту гледжання, ніякіх істотных новаўвядзенняў Указ не ўтрымлівае. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб творчых саюзах і творчых работніках”, які ўступіў у дзеянне яшчэ 16 снежня 1999 года, кожны, хто лічыў сябе творцам, але не меў “саюзнага” членскага білета, мог звярнуцца ў Міністэрства культуры па адмысловы сертыфікат. У маі 2000 гэты працэс быў рэгламентаваны Палажэннем № 747 Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб экспертнай камiсii па пацвярджэнні статусу творчага работнiка”.

Але, як распавяла начальнік аддзела арганізацыйнай работы і інфармацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ілона Немава, ніводзін такі дакумент за пятнаццаць гадоў не быў выдадзены. Па адной простай прычыне: па сертыфікаты ніхто не звяртаўся. Увогуле ніводнага прэцэдэнта!

Гэта вытлумачальна: у творцаў не было ніякай патрэбы ў такім дакуменце. Той час, калі “без паперкі ты...” не творца, даўно — і, хочацца верыць, незваротна — застаўся ў мінулым. Сёння нават самыя прэстыжныя дзяржаўныя інстытуцыі ахвотна супрацоўнічаюць з “нячленамі” — каб толькі яны былі цікавымі творцамі дэ-факта, а не дэ-юрэ. Адсутнасць афіцыйнага статусу не з’яўляецца вялікай перашкодай, а яго наўнасць сама па сабе ўжо нічога не можа гарантаваць — за рэдкімі выключэннямі кшталту ведамасных майстэрняў для мастакоў.

Але ў рэчышчы кампаніі па барацьбе з дармаедствам (ці, калі без юрыдычна вывераных эўфемізмаў, з “чорным рынкам” працы) статус кво абяцае кардынальна змяніцца, і новаўтвораную камісію чакаюць цяжкія будні. Бо ў прадугледжаную дзяржавай аддушыну, без сумневу, пацягнуцца людзі, кіруючыся сваімі практычнымі інтарэсамі. Адпаведна, цалкам атавістычнае і недарэчнае, здавалася б, пытанне “А каго можна назваць творцам?” набывае не абы-якую актуальнасць.

Ну вось, напрыклад, фатаграфія... Адна справа — сапраўдны майстар, які мае свой выразны аўтарскі почырк, другая — прафесіянал, здатны выканаць любую замову (зразумела ж, не за “дзякуй”), і трэцяя — афіцыйны беспрацоўны Вася Пупкін, які на выручаныя ад пастаянных “шабашак” грошы набыў камеру, зняў Мірскі замак у контражуры і цяпер лічыць сябе фотамастаком. Ён, безумоўна, таксама памкнецца па сертыфікат, разумеючы, што “антыдармаедская” кампанія скіравана акурат супраць такіх “васяў”. А рэстаранныя “лабухі”? Яны творцы — ці не?

Па словах Ілоны Немавай, механізм выдачы сертыфікату і канкрэтныя крытэрыі пакуль яшчэ ў стадыі распрацоўкі. Ужо згаданы Закон у дадзеным выпадку гаворыць пра “вынікі творчай дзейнасці (апублікаванні, абнародванні, выкананні, выстаўкі і г.д.)”. Натуральна, з часам вызначэнні будуць удакладняцца, але... на ўсе выпадкі жыцця іх усё адно не хопіць.

— Безумоўна, тут неабходны вельмі далікатны, індывідуальны падыход, — пераканана старшыня Беларускай гільдыі акцёраў кіно заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Святлана Сухавей. — Бо нават наяўнасць прафесійнай адукацыі ў дадзеным выпадку не з’яўляецца ўніверсальным крытэрыем. Ёсць людзі, якія атрымалі акцёрскі дыплом, але даўно ўжо не праяўляюць сябе ў прафесіі, але ёсць і такія ўнікальныя асобы, што маюць зусім няпрофільныя спецыяльнасці, аднак іх імёны рэгулярна сустракаюцца ў цітрах, а твары — пазнавальныя для гледача. Вядома, іх прэтэнзіі на статус творчага работніка цалкам апраўданыя.

У склад экспертнай камісіі, якую ўзначаліла першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга, увайшлі 24 асобы. Сярод іх — прадстаўнікі кіраўнічага звяна ці не ўсіх айчынных творчых арганізацый — мастакоў, пісьменнікаў, акцёраў, архітэктараў... Ці не ўсе члены камісіі з’яўляюцца менавіта “практыкуючымі” творцамі, якія добра ведаюць спецыфіку сваёй галіны, і таму падмануць іх будзе няпроста.

Але складанасці прымянення Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 у такой далікатнай сферы, як культура і мастацтва, у кожным разе могуць узнікнуць. Таму працяг гэтай тэмы на старонках “К” — непазбежны!