Індывідуальнасць страціць лёгка

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

Валерый ШКАРУБА, мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі краіны
Я рос вельмі замкнёным хлопчыкам, мог пайсці ў лес, на рэчку, у поле адзін — неймаверна для пачатку — сярэдзіны 1960-х для пяці-сямігадовага дзіцяці. Але мне не сумна было на самоце, бо я быў у гармоніі з прыродай, дыхаў ёй, атрымліваў асалоду ад нашых сустрэч.

/i/content/pi/cult/538/11729/5-1.jpgНапэўна, і тая дзіцячая самаізаляцыя, калі я заставаўся сам-насам з наваколлем, таксама нашмат пазней адбілася на выбары прафесіі, на выбары жанру ў ёй, жыццёвага шляху наогул. Мастак заўсёды самотны, у гэтым рамястве нельга інакш. Ён — сканцэнтраванне ўласных думак і поглядаў. І — цэлага букету комплексаў.

Я і сёння сумняваюся, ці атрымліваецца з мяне добры мастак? Адчуванні неспакою, недасканаласці, тупіковасці, таптання на месцы — сталыя спадарожнікі. Пераважная частка маіх карцін нараджалася пакутліва. І цяпер шматлікія нараджаюцца ў пакутах: “Як я гэта напісаў, што напісаў, навошта, для чаго? Каменны век нейкі...” Ці змог я спасцігнуць душу беларускай прыроды, разгадаць яе таямніцу? Не ведаю, не ўпэўнены. Яна — як душа беларускага народа: сціплая, някідкая, ціхая, задуменная, крыху сумная, але — не легкаважная. Я бачу і адчуваю яе такой.

Адзін італьянскі мастак ахарактарызаваў маю творчасць так: містычны рэалізм. Мне спадабалася азначэнне, яно мяне задавальняе. І, каб я быў крытыкам, магчыма, менавіта гэтымі двума словамі атэставаў тое, што робіць жывапісец Шкаруба.

Як чалавек, які атрымаў спецыяльную адукацыю, я сапсаваны ёй. Я залішне суб’ектыўны і, калі гляджу на карціны іншых, у першую чаргу акцэнтую ўвагу на дапушчаных мастаком тэхнічных памылках (колеравых, кампазіцыйных), калі яны ёсць. І, бывае, не бачу за імі чагосьці большага, глыбіннага, нейкай філасофіі, адмысловага погляду. І вось такія, як я, ходзяць па галерэях і музеях і бурчаць штосьці сабе пад нос — каларыт ім, бачыце, не той. Таму, прашу прабачэння ў калег, але крытэрый “падабаецца — не падабаецца”, з якім да выяўленчага мастацтва падыходзіць неспецыяліст, падаецца мне больш аб’ектыўным. І ўжо дакладна не з’яўляецца крытэрыем ацэнкі мастацтва тое, ці купляюцца творы таго ці іншага мастака кімсьці. Гэтак жа, як і сапраўднае становішча мастака ў мастацтве, не вызначаецца тым, якія званні і ўзнагароды ён мае, колькі яго карцін знаходзіцца ў самых вядомых калекцыях. Названае можа надаваць упэўненасці ў тым, што ты нешта значыш, што нешта атрымліваецца, што ты рухаешся па дакладным шляху і займаешся сваёй справай. Але такія катэгорыі не служаць меркай геніяльнасці, пацвярджэннем яе.

Калі мастак сур’ёзна задумваецца аб уласнай папулярнасці, вядомасці і значнасці, гэта дрэнна. Нават калі мімаволі пачынае падыгрываць сваёй “велічы”, пралічваць уласную творчасць, ісці за чужым меркаваннем, за модай. Мала таго, ён і іншых вучыць пісаць так, як піша сам, адмаўляючы ў таленце тым, хто яму пярэчыць. Знаходзячыся ў трэндзе, індывідуальнасць страціць лёгка. Як лёгка яе страціць, калі чалавек занадта зацыклены на пэўным куміры, калі з нейкага моманту ён пачынае не проста натхняцца ім, а рабіць, як ён, глядзець на свет яго вачыма. Такіх бездапаможных падабенстваў вялікіх майстроў мноства. І як гэта цяжка, зразумеўшы, што ператвараешся ў чыюсьці копію, своечасова спыніцца, саскрэбсці з сябе чужое і стаць сабой, з уласцівым почыркам.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"