Я разумею, чаму рускае слова “досуг” трапляе ў спецыяльную навуковую лексіку: з-за недастатковай адукаванасці і небеларускай ментальнасці, асіміляцыі мыслення. Патлумачым.
Сярод спецыялістаў культуры і мастацтва існуюць паняцці (напішам па-руску) “культурно-досуговая деятельность”, “культурно-досуговое мероприятие”, “культурно-досуговые учреждения”. Даследчык Ірына Смарговіч тлумачыць, напрыклад, другое словазлучэнне сярод названых як “масавыя мерапрыемствы, накіраваныя на задавальненне сацыяльна-культурных (духоўных, эстэтычных, інтэлектуальных, камунікатыўных, рэкрэацыйна-забаўляльных) патрэб насельніцтва ў сферы вольнага часу, якія садзейнічаюць далучэнню грамадзян да культурных каштоўнасцей, што праводзяцца ў спецыяльна вызначаных для гэтага месцах […] Да культурных мерапрыемстваў вольнага часу належаць святы, фестывалі, канцэрты, спектаклі, шоу-праграмы, вечарыны, прэзентацыі, выстаўкі, дыскатэкі і іншыя аналагічныя мерапрыемствы…”.
У большай частцы друкаваных матэрыялаў на беларускай мове можна сустрэць рускую кальку тэрміна “культурна-дасугавае мерапрыемства” і да таго падобнае. Магчыма, можна было б і не звяртаць увагу на падобныя памылкі. Маўляў, на тое ж яны і памылкі, каб іх рабіць. Ды ўсё ж такі сустракаецца выкарыстанне тэрміна і правамернае, сапраўды па-беларуску. Але гэта ўжо становіцца рэдкасцю. Спецыялісты адзначаюць, што непажаданая, а нават і пагражальная, тэндэнцыя развіваецца даволі хутка. Самае кепскае, што памылковае, неправамернае выкарыстанне названай лексікі прасочваецца і ў асобных дакументах міністэрстваў, якія лічацца нарматыўнымі, таму напісанне паводле іх узораў капіруюць арганізацыі і ўстановы.
Вось, напрыклад, “Агульныя прынцыпы дзейнасці дзяржаўных клубных устаноў” — дакумент, які быў зацверджаны Міністэрствам культуры ў 1991 годзе. У ім некалькі разоў правамерна ўжываецца словазлучэнне “вольны час”, але ж у адным месцы праскочыла і недарэчнае “дасугавыя аб’екты”. Магчыма, праз гэта асобныя абласныя і раённыя выканкамы ўзялі памылковы ўзор, які ўжывалі ў сваёй дакументацыі. Да гонару Міністэрства культуры, памылку выправілі ў 2004 годзе, калі зацвердзілі новае “Палажэнне аб клубнай установе ў Рэспубліцы Беларусь”, дзе не сустракаецца “дасуг”, а ўжываецца выключна “вольны час”. Дарэчы, намі заўважана, што добрае выключэнне адносіцца і да праекта Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, які знаходзіцца на стадыі прыняцця ў парламенце.
Як жа перакладаць вышэйназваныя паняцці? У чалавека з постсавецкай ментальнасцю не ўкладваюцца ў галаву беларускія словазлучэнні “культурная дзейнасць у вольны час”, “культурная ўстанова вольнага часу”. Яму, узгадаванаму на іншай моўнай глебе, бліжэй прыметнікавыя ўтварэнні накшталт “культурна-дасугавае мерапрыемства”, “культурна-дасугавая ўстанова”. А іншае гучыць для яго незвычайна, “не верно”.
Шаноўныя! Мовы адрозніваюцца стылістычнай будовай сказаў, лексічным і іншым складам. Напрыклад, у французскай мове толькі чатыры склоны, якія кіруюцца прыназоўнікамі, а ў беларускай і рускай — шэсць, іх вызначаюць канчаткі, у італьянскай — больш за дваццаць форм часоў дзеяслова... У беларускай мове ёсць словы, якіх няма ў іншых. Сяргей Грахоўскі пісаў у вершы “Я многіх люблю, а кахаю адну”. Як такое перакласці на рускую мову? Беларусы могуць ласкава назваць жанчыну зоркаўкай, журавінкай, валошкай, месячыкам, а вось па-руску для нас гэтыя словы ў адносінах да каханых не гучаць: “гвоздичка”, “клюквинка”, “василёчек”, “луннушка”…
Хоць і па-беларуску магчыма прыметнікавае словазлучэнне падобных рускіх адпаведнікаў. Можна сказаць “культурна-рэкрэацыйная дзейнасць”, пад якой маецца на ўвазе дзейнасць па ўзнаўленні, кампенсацыі, рэгенерацыі фізічных, інтэлектуальных, эмацыянальных сіл чалавека. Напрыклад, прафесар культуралогіі Аляксандр Смолік і іншыя выкарыстоўвае словазлучэнне “культурна-адпачынкавая дзейнасць”.
Такім чынам, у названай справе патрэбна перабудова, змены.