Чым хор “запаліць”?

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

Досвед Вялікага тэатра і паралелі на праблемы жанра наогул
Звычайна гавораць, што ў оперы два кіты: аркестр і хор — калектывы, на якіх трымаецца аснова асноў тэатра. Калі зорак-салістаў можна і запрасіць, то хор і аркестр патрэбна ствараць, выхоўваць для пэўнай трупы. Пра шматлікія акалічнасці, неабходныя для нараджэння выбітнага ансамбля, разважае галоўны хармайстр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета краіны, народная артыстка Беларусі Ніна ЛАМАНОВІЧ.

/i/content/pi/cult/538/11722/13-2.jpgНоты & пластыка

— Імпульсіўны рытм сучаснага жыцця не абышоў і акадэмічнае опернае мастацтва. Апошнія дзесяцігоддзі ўсё часцей прымяняюць купюры: дырыжоры прыбіраюць зацягнутыя кускі партытуры, рэжысёры імкнуцца зрабіць спектакль больш кампактным. Закрануў новы павеў і харавы складнік пастаноўкі. Калі я прыйшла ў тэатр у 1970-я, хор быў статычным, рухаўся ў выключных сітуацыях, у крайнім выпадку задзейнічалі міманс. Зараз жа хор павінен быць, наадварот, мабільным і сцэнічна актыўным.

Ва ўнутраным ужытку мы не выкарыстоўваем найменне “харысты”, бо, на наш погляд, гэта хутчэй тычыцца аматарскай творчасці. Артысты хора! І сапраўды, сёння ім неабходна валодаць і пластыкай, і акцёрскім майстэрствам.

“Сівая легенда”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Пікавая дама”, “Яўгеній Анегін”, “Кармэн” — цягам амаль усяго дзеяння на сцэне рухаецца і танчыць хор. Прычым вытанцоўвае так, што глядач адразу і не разумее, а ці не балет перад ім. Прынамсі, Вялікі тэатр астраляваў па Іспаніі з “…Анегіным”, а там вальс, паланез, найскладаны катыльён у выкананні… спевакоў. І ніхто ў зале не сказаў, што гэта было зроблена дрэнна. Урэшце, мы ідзём у рэчышчы сучаснай еўрапейскай тэндэнцыі.

Да мі бемоль і назад

— Спецыфіка акадэмічнага тэатра з сімфанічным аркестрам патрабуе моцнага голасу з добрым тэмбрам. Партытуры опернага хора надзвычай разгорнутыя па рэгістрах, часта сустракаюцца крайнія басовыя, сапранавыя ноты, таму до, мі бемоль, соль у барытонаў наверсе — абсалютна працоўныя ноты. Аднак сёння адчуваецца вялікі дэфіцыт кадраў. Прынамсі, сапрана і альтаў яшчэ хапае, а вось тэнараў і іншых басаў, мужчынскіх галасоў наогул, — няшмат.

Мінуў той залаты час, калі мы маглі выбіраць па рэгіёнах. Гадоў 30-40 таму праводзіўся нават усесаюзны конкурс-набор! Сёння ж з цяжкасцю падбіраем кваліфікаваныя кадры. Часта ў адукацыйнай сістэме бываюць “нажніцы”: студэнта патрэбна было б “распець”, больш часу надаць практыцы, але для дыплома неабходныя і тэарэтычныя дысцыпліны. Таму даводзіцца ў тэатры падцягваць-дацягваць новенькага. А што рабіць, калі практычна няма з каго выбіраць?..

У нас энергаёмістасць працы — каласальная, не кожны з маладых спевакоў можа пацягнуць спеў з сімфанічным аркестрам, ігру на сцэне, грым, касцюмы... Адштурхоўвае ад нас свежыя кадры і заробак, бо сучасная моладзь не жадае чакаць 10-15 гадоў “лепшай” долі. Кіраўніцтва Вялікага тэатра імкнецца падтрымаць калектыў, прапануючы арэндныя кватэры. Але...

/i/content/pi/cult/538/11722/13-1.jpg

 

 

Артысты хору ў спектаклі "Князь Ігар". / Фота прадастаўлена тэатрам

Мяркую, узнятыя заробкі дапамаглі б зрабіць класічнае музычнае мастацтва канкурэнтназдольным на рынку працы, каб больш таленавітай моладзі імкнулася ісці да нас. Мне падаецца, што калі дзяржава затрачвае істотныя сродкі на музыкантаў, якія ў суме вучацца 15 гадоў (музычная школа, каледж, акадэмія), то, канешне, заробак мае быць суадносным. Замежныя госці заўсёды ў замілаванні паўтараюць: вы — багатая краіна, бо маеце такі шыкоўны тэатр! Мы трымаем прафесійную планку на еўрапейскім ўзроўні. Але маё глыбокае перакананне: за каласальную працу патрэбна і плаціць хаця б палову таго, чаго яна насамрэч вартая...

Без “халоднага носа”

— Нашы рэпетыцыі пралятаюць як адзін міг. Я не акцэнтую ўвагу толькі на тэхнічных нюансах “тут — вышэй, там — ніжэй”. Часцяком я больш працую з драматургічнай інтанацыяй. Разбіраем, чаму тут — паўтона, там — доўгая нота, а ў іншым месцы — кароткая. Таму, калі артысты хора выходзяць на сцэну, чуеш не нейкі назразумелы шэлест, а найярчэйшыя фарбы і магутны эмацыйны пасыл!

Такую музыку з “халодным носам” рабіць немагчыма. Нават рэакцыя на тое, што адбываецца паводле лібрэта, робіцца менавіта ў класе. Пачынаючы працаваць над партытурай, неабходна адразу ўкладваць вобраз у спевы, інакш выніку не будзе. Потым нават самы таленавіты дырыжор не зможа выправіць ні фразіроўку ці ўласцівасць гуку, ні тон. І каб атрымаць тыя эмоцыі, пад час рэпетыцый хармайстар сам павінен выкладвацца па поўнай.

Часам лягчэй знайсці саліста, чым добрага артыста хора. Салісты і балет змяняюцца, аркестр працуе ў падвойным складзе, а вось артысты хора на сцэне кожны дзень, таму мусяць ведаць на памяць увесь рэпертуар. А ён у нас велічэзны. 23 оперы на мове арыгінальнага твора: прыкладам, на французскай ідзе трохгадзінная “Кармэн”, на нямецкай — “Лятучы галандзец”, у нас вялікі італьянскі рэпертуар… Мы ўсё перекладаем, кожнае слова даносім да артыста хора, каб ён спяваў асэнсавана. Год вучылі таго самага “Лятучага галандца” Вагнера. Мала таго, што нямецкі тэкст увогуле цяжкі і для спеваў і для прамаўлення, дык і лексіка ў ранняга Вагнера надзвычый састарэлая...

Мне заўсёды цікава назіраць, як выпускнік кансерваторыі ў тэатры пачынае ўбіраць у сябе культуру сцэны і творча разнявольвацца. Сапраўдным артыстам чалавек становіцца гадоў праз пяць, калі вывучыць увесь рэпертуар, спазнае месцапалажэнне, запомніць усе мізансцэны, пачне адчуваць небяспечныя месцы ў партытуры. На мой погляд, можна казаць нават пра свайго кшталту асобную харавую прафесію: артыст оперы.

У нас ёсць карыфеі, якія спяваюць невялікія сольныя партыі. Дарэчы, оперны хор — каласальная прыступка для будучых салістаў. Насамрэч, у калектыве галасы распяваюцца, людзі набываюць сцэнічны вопыт і досвед ансамблевых спеваў. Калі артыст прыродна адораны голасам, то на моцным рэпертуары ён расце вакальна. Ніхто яму не перашкаджае праслухоўвацца потым у тэатр у штат салістаў. Я неяк падлічыла: чатырнаццаць чалавек сярод салістаў трупы — гэта былыя артысты хора!

Каралеўская аздоба

— Гавораць, што ёсць хармайстар, а ёсць — хармайстар оперы. Бо ў сваім абліччы ён выконвае ролю дырыжора, рэжысёра, касцюмера, грымёра, псіхолага і іншых. На яго кладзецца вялікая адказнасць. Прыкладам, хармайстру патрэбна размяркоўваць групы хора па персанажах, узросце... І тут вельмі важна не памыліцца, бо калі рэжысёру пад час рэпетыцый стане відавочна, што выбар зроблены недакладна, то пад пагрозай апынецца немалая праца: і вывучаныя партыі, і пашытыя касцюмы...

У спектаклі нама харавых “радоў”. Артыст спявае партыі ў камандзе, аднак не стаіць плячом да пляча, часцяком не чуе суседа, працуючы як саліст. Таму звычайна за мяжой нас называюць не “хорам опернага тэатра”, а харавым ансамблем. Салісту лёгка працаваць, калі яго асяроддзе адэкватна рэагуе на акалічнасці, што здараюцца пад час спектакля. Бывае, раптам саліст не там уступіў, а хор ідзе ланцужком і можа раптам ўсё паваліцца. Мы звязаны адзінай ніткай, таму і патрабуецца ўвага адзін да аднаго.

Падчас спектакля ў артыстаў хора не павінна быць “пустых вачэй”. Рэжысёр не можа ўглядзець за сотняй чалавек на сцэне, таму за гэтым сочыць оперны хармайстар. Мала сказаць: “Хор!”, патрэбна падысці да кожнага з выканаўцаў асабіста. Тады артыст адчувае сябе асобай творчай. Калі ж перад вамі вялікі калектыў і ўсе спяваюць у адзіным эмацыйным імпэце — гэта надзвычай чапляе! Тое можна назваць каласальным дасягненнем трупы і тэатра ў цэлым.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"