Дзівосы дый толькі!

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Апошнім часам Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча адзін за адным праводзіць творчыя вечары сваіх найбольш адметных салістаў. Чарговай “бенефіцыянткай” стала заслужаная артыстка краіны Ларыса Рыдлеўская. Прычым мастацкі кіраўнік калектыву — народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Казінец — ператварыўся, бадай, у самага зацікаўленага і небесстаронняга слухача, не ўпершыню саступіўшы сваё месца за пультам маладому дырыжору Аляксандру Высоцкаму.

 /i/content/pi/cult/153/1171/Cymbaly.jpg

Ларыса Рыдлеўская.

Усё гістарычна заканамерна. Калісьці “брэндам” калектыву былі ўжо самі цымбалы. Спачатку — як прадмет народнага побыту, узведзены на п’едэстал прафесійнага мастацтва, пазней — як удасканалены канцэртны інструмент, якому падуладна выкананне еўрапейскай музычнай класікі.

У 1970 — 80-я гг. “разыначкай” калектыву стаўся адметны рэпертуар: прэм’еры ўсё новых твораў беларускіх кампазітараў, прычым не толькі фальклорнага плана, але і філасофска-канцэптуальнага. Сёння ж аркестр, як мне падаецца, у першую чаргу акцэнтуе ўвагу на сваіх лепшых артыстах, якія становяцца яго “візітоўкай”: Аляксандр Крамко, Святлана Лясун, Уладзімір Ткач, Людміла Лазарчык-Сахацкая, Марына Васілеўская — спіс можна доўжыць і доўжыць…

Творчы вечар Ларысы Рыдлеўскай спалучыў усе пералічаныя тэндэнцыі: называўся ён “Віртуозы цымбалаў”, дуэтам з віноўніцай урачыстасці іграў народны артыст Беларусі, прафесар Яўген Гладкоў — пераемнік і захавальнік традыцый нацыянальнай цымбальнай школы, а побач з творамі Іосіфа Жыновіча, Вячаслава Кузняцова і шматлікімі пералажэннямі папулярнай класікі прагучала прэм’ера — фантазія “Дзівосы Купалля” Уладзіміра Кур’яна. Твор уразіў тонкім імпрэсіяністычным гукапісам з далікатнымі ўкрапваннямі інтанацый “Купалінкі”, фантастычнымі, але не надта страшнымі вобразамі лясных пачвар і, галоўнае, тым натуральным сінтэзам нацыянальнай міфалогіі і тэатральнасці, які ўласцівы фальклорна-абрадавым дзеянням.

“Гульня ў класікаў” ішла з пераменным поспехам. Гучанне некаторых сусветна вядомых твораў часам станавілася больш “капрызным”, бо імклівы рух скрыпак і ўсёй групы струнных не заўсёды добра “перакладаецца” на гарэзліва-званочкавыя цымбалы. Але А.Высоцкі ні пры якіх абставінах не губляў раўнавагі, спакойна, нязмушана і ўпэўнена праводзіў аркестравы “карабель” скрозь усе рыфы, не зважаючы на “штармавыя папярэджанні”.

Адно тое, з якой карпатлівасцю, дакладнасцю і, галоўнае, любоўю была развучана і данесена новая беларуская партытура, сведчыць пра высокія прафесійныя якасці музыканта, які ўмее дасягнуць патрэбнага выніку без залішніх знешніх эфектаў.

Ну, а сама гераіня вечара змяняла не толькі шыкоўныя сукенкі, але і манеру ігры. У сваім “ударным” інструменце (а менавіта так Л.Рыдлеўская раней трактавала цымбалы, намагаючыся “выбіць” з іх ісціну) яна знайшла цяпер і новы шарм (Фантазія П.Сарасатэ на тэмы оперы Ж.Бізэ “Кармэн”), і пранікнёную клавесіннасць (Менуэт з “Сюіты ў старадаўнім стылі” А.Шнітке), і многія іншыя фарбы-дзівосы.


Надзея БУНЦЭВІЧ