Летапісец партызанскай эпапеі

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Графіка і ўспаміны пра вайну мастака Сяргея Раманава
У гэтым нумары "К" завяршае публікацыю артыкула пра мастака Сяргея Раманава. Спецыфіка яго погляду на падзеі Вялікай Айчыннай вайны палягае ў тым, што гэты творца рабіў многія свае рэчы на аснове рэальных падзей, перажытых уражанняў...

/i/content/pi/cult/537/11707/15-1.jpg

(Заканчэнне. Пачатак ў №№ 21 — 22.)

“…На старонках я даваў ілюстрацыйныя малюнкі і малюнкі, якія абагульнялі тэму. Напрыклад, разваротныя — пра няўлоўнасць партызан... У канцы часопіса даў падборку карыкатур на “фрыцаў”, а на апошняй старонцы напісалі прозвішчы членаў рэдкалегіі, тых, хто непасрэдна афармляў гэта выданне. Пад літаратурнымі творамі ставіліся імёны кожнага аўтара. Канешне, усё гэта пісалася і малявалася ўрыўкамі, з вялікімі перапынкамі, бо мы ўвесь час хадзілі на заданні: баявыя, гаспадарчыя, на пасты па ахове лагера і на аддаленыя заставы. Даводзілася з цяжкімі баямі і стратамі выходзіць і з блакады. Бывала, што зусім не хапала прадуктаў, і наша ежа, асабліва ў лютым 1944 года ў Быхаўскіх і Клічаўскіх лясах, абмяжоўвалася адной канінай без солі. Вось так ствараўся наш часопіс. Потым я яго пабачыў у нашым Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, але ўжо без вокладкі. Дзякуй лёсу і за гэта! Магло быць і горш, як з некаторымі маімі малюнкамі, якія згінулі без вестак. Але я заўсёды прыгадваю той наш часопіс, прыгадваю, як яго з вялікай цікавасцю чыталі ва ўсёй брыгадзе. Як пастаянна задавалі нам пытанне: а калі ж будзе другі нумар? Мы адказвалі, маўляў, не хвалюйцеся, хутка будзе. Я ўжо пачаў збіраць матэрыял для гэтага, другога нумара. Паспеў зрабіць групавы партрэт нашых падрыўнікоў і яшчэ нейкія малюнкі. Быў і літаратурны матэрыял, праўда, яшчэ не адрэдагаваны. Але другі нумар выпусціць не ўдалося. У канцы ліпеня 1944-га пачалося злучэнне атрадаў нашай 8-й Рагачоўскай партызанскай брыгады з часцямі Чырвонай Арміі...”

Наогул, рукапісныя часопісы партызан як унікальная з’ява ў беларускай гісторыі вайны — гэта вельмі цікавая рэч, якая ўключае ў сябе і партрэт, і палітычную карыкатуру, сяброўскі шарж, пейзаж, комікс, а таксама, канешне, сатырычны і натурны малюнак батальнага і бытавога зместу. Прычым гэтыя работы не заўсёды насілі характар ілюстрацый, хаця і былі цесна ўзаемазвязаны з тэкстам. Часта яны ўяўлялі з сябе самастойныя графічныя творы, якія выконваліся як з натуры, так і па нейкім вобразе. Іх проста ўстаўлялі ці ўклейвалі ў рукапісны часопіс. У калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваюцца цудоўныя ўзоры мастацкага афармлення такіх выданняў партызан: вокладкі, тытульныя лісты, застаўкі, буквіцы, канцоўкі, шрыфтавыя кампазіцыі, цікавыя і па задумцы, і нават па тэхніцы выканання. І ў гэтым сэнсе Сяргей Раманаў быў адным з лепшых сярод сваіх калег.

Калі прыйшла Перамога, творы Сяргея Раманава сталі найкаштоўнейшымі экспанатамі музеяў. Вялікая колькасць работ мастака зараз беражліва захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, а таксама ў Дзяржаўным Цэнтральным музеі сучаснай гісторыіі Расіі (былым Цэнтральным музеі Рэвалюцыі). Гэты матэрыял на доўгі час стаў для мастака падмуркам графічных аркушаў і серый пасляваенных гадоў. Адразу ж пасля вызвалення сталіцы Беларусі Сяргей Раманаў стаў жыхаром Мінска. Ён актыўна дапамагаў аднаўляць ушчэнт разбураны горад, удзельнічаў у творчым жыцці рэспублікі. Адна з першых пасляваенных яго работ так і называецца “Аднаўленне Мінска”. На ёй паказаны горад, які ляжыць у руінах. Там-сям віднеюцца напалову разбураныя дамы. На пярэднім плане — скручаныя, парваныя рэйкі. Карціна быццам гаворыць аб тым, што многія жыхары яшчэ не вярнуліся ў родны горад, а многія ніколі ўжо не вернуцца.

Яшчэ ў атрадзе Раманаў задумаў палатно аб канцлагеры, нягоды якога яму самому давялося зведаць. І вось у год Перамогі мастак стварае сваю першую жывапісную карціну пад назвай “У пошуках сына”. За калючым дротам знясіленыя ад пакут савецкія ваеннапалонныя, якія працягваюць рукі, каб узяць кавалачак хлеба ад бабулі, што стаіць з маленькім унукам і шукае заплаканымі вачыма ў натоўпе сына-салдата. Вось-вось пачнецца страляніна: з-за вугла агароджы бяжыць з вінтоўкай у руках вартаўнік… Пазней, ужо ў 1984-м, з’явяцца іншыя цікавыя карціны, што апавядаюць пра былое: “У адзіным страі. Чэрвень-ліпень 1944 г. Раён Мінскага “катла”, “Прывал пад Быхавым”, “Беларускі вакзал. Масква. 41-ы год”. Варта асобна згадаць кампазіцыю “Мірная вясна. 1944 год”. Там добра адлюстравана атмасфера таго часу: асунутыя, змарнелыя твары дзяцей, трывожны погляд рана пастарэлай удавы і надзея ў тварах чырвонаармейцаў, якія саджаюць бульбу на пустэчы ўскраіны вёскі. І дзяўчынка, якая ўважліва ўглядаецца ў армейскага дабраахвотніка-памочніка, і хмарнае свінцовае неба — на карціне ўсё мае сэнс. Але надзея яшчэ слабая, бо дзесьці там, удалечыні, ідуць баі…

Жывапіс жывапісам, але, на мой погляд, усё ж пасляваенная графіка — галоўны “твор” мастака, які быў яму суджаны лёсам. У 1950-я гады Раманаў асабліва паспяхова працуе над партызанскай тэматыкай, пакуль у галаве яшчэ вітаюць свежыя і вострыя ўспаміны пра, можа, самую значную старонку гадоў баявой маладосці. Ім створаны “Рэдактар падпольнай газеты “Звязда” Барашкаў сярод калгаснікаў” (журналіст-партызан чытае вяскоўцам газету з апошнімі навінамі з Вялікай зямлі), “Апошні бой Героя Савецкага Саюза кулямётчыка Міхаіла Сільніцкага”, “Прыём К.С. Заслонава ў партыю. Жнівень 1942 года”, “У партызанскага сувязнога”, “Палітрук”, “Подзвіг Мікалая Гастэлы”, “Бой з танкамі”, “Леў Даватар на берагах ракі Рузы”, “Рыма Кунько на заданні”, “Партызанскі хлеб”, “Першы бой Бацькі Міная”, вялікая серыя лістоў “Народ і партызаны”...

А побач — кніжныя ілюстрацыі, праца над плакатамі, стварэнне графічных лістоў на гісторыка-рэвалюцыйную тэму, звязаную з падзеямі ў Беларусі. Многія з такіх твораў сёння сталі ў пэўным сэнсе анахранізмам у паказе тых ці іншых гістарычных момантаў або некаторых асоб, але трэба ўлічыць, у якім прасторавым кантэксце савецкіх гадоў яны рабіліся. Тым не менш, прафесіяналізм Раманава-графіка, яго вера ў тое, што ён ствараў, — у наяўнасці. Проста ён быў сумленным мастаком і чалавекам, які ў сацыяльна-палітычныя “джунглі” ніколі не лез…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"