Вынікі, уражанні і перамогі

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Чэрвень у Беларускім грамадска-культурным таварыстве ў Беластоку распачаўся ўрачыстасцямі з нагоды завяршэння традыцыйнага конкурсу “Спазнай Беларусь!”. Спаборніцтва, адзінае ў замежжы, заснаванае па ініцыятыве Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы яшчэ ў 2008 годзе і актыўна падтрыманае таварыствам, ладзіцца ўжо шосты раз, пашыраючы геаграфію і прыцягваючы новых удзельнікаў.

Сёлета ў ім прынялі ўдзел звыш за 200 дзяцей і школьнікаў з Падляшскага і іншых ваяводстваў ва ўзросце ад 5 да 19 гадоў. Лепшы малюнак і пластычная праца пра Беларусь, фотаздымак аб Беларусі ці беларусах, літаратурна-паэтычны твор, сачыненне “Беларусь і беларускасць у гісторыі маёй сям’і”, мультымедыйная прэзентацыя — гэта пералік сфер, што ахапіла творчае спаборніцтва. І 75 удзельнікаў конкурсу (ды іх настаўнікаў) аўтарытэтная камісія назвала лепшымі. А лідарам стала пластычная праца Дзіяны Назарук (14 год) з Комплексу школ у Чарэмсе. Завяршыліся ўрачыстасці канцэртам, у якім узялі ўдзел таксама і пераможцы аднаго з найстарэйшых фестываляў Польшчы — дзіцячай “Беларускай песні”.

У час гэтага мерапрыемства і пасля яго не пакідала думка, што нашы суайчыннікі ў Польшчы зноў далі нам добры ўрок любові і павагі да сваёй гістарычнай Радзімы. Такія конкурсы, мяркую, не аказаліся б лішнімі і ў нас, каб чарговы раз паспрыяць абуджэнню гістарычнай памяці, прыцягненню ўвагу і цікавасці да гісторыі і сучаснасці Беларусі...

Дарэчы, не менш яркімі былі ўражанні і ад Свята беларускай культуры, якое праводзіцца ў Беластоку ўжо 38 гадоў запар. Звыш чатырох гадзін на канцэртнай эстрадзе ў Цэнтральным парку “Плянты” працягваліся канцэртныя выступленні лепшых калектываў і выканаўцаў гэтага польскага рэгіёна, а таксама гасцей — ансамбля беларускай песні “Церніца” і ансамбля танца “Карагод” з Мінска. Пад час свята адбыліся выстаўкі-прэзентацыі і продаж кніг беларускіх пісьменнікаў з Падляшша, мясцовых народных майстроў і іх калег з Гродзеншчыны. Кранальным быў і фінал свята, калі артысты разам са шматтысячнай глядацкай аўдыторыяй заспявалі песню “Люблю наш край”. Яна здаўна стала своеасаблівым гімнам беларусаў у Польшчы. У многіх на вачах наварочваліся слёзы, а тыя з гасцей з самой Беларусі, хто ўпершыню наведаў Беласточчыну, былі проста ўзрушаны...

Пад час паездкі ўдзельнікі дэлегацыі з нашай краіны наведалі Гайнаўку — гэты беларускі куточак (да 90% насельніцтва павета складаюць этнічныя беларусы), сустрэліся з настаўнікамі і школьнікамі мясцовага ліцэя з дадатковым навучаннем беларускай мовы, пазнаёміліся з дзейнасцю Музея і цэнтра беларускай культуры, перадалі бібліятэкі вучэбна-метадычнай і мастацкай літаратуры… Вынікамі гэтых сустрэч сталі падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве Гайнаўскага ліцэя з гімназіяй № 23 у Мінску, дамоўленасці аб дапамозе ў дапрацоўцы беларускай экспазіцыі музея і правядзенні сумесных мерапрыемстваў.

Тадэуш СТРУЖЭЦКІ, намеснік старшыні Беларускага фонда культуры