Ансамбль у “абойме”

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

70 дзён, што ўзрушылі Паднябесную
Акурат 70 дзён у Кітаі правёў Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі. У цікавай размове пра гэта ўдзельнічалі мастацкі кіраўнік калектыва, народны артыст краіны, прафесар Валянцін ДУДКЕВІЧ, балетмайстар-пастаноўшчык Аляксандр АЛЯШКЕВІЧ, пад кіраўніцтвам якога ладзілася паездка, і салістка ансамбля Юлія ГАЛАВІНА.

/i/content/pi/cult/537/11702/13-1.jpg— Ваш калектыў з’ездзіў у Кітай не ўпершыню. Але, пэўна, кожная такая вандроўка мае свае асаблівасці? У чым адметнасць цяперашняй?

— Так, мы і раней шмат гастралявалі ў Кітаі — больш за 20 гадоў, пачынаючы з 1991-га. Але з кампаніяй, якая ладзіла гэтую паездку, супрацоўнічалі ўпершыню. І адразу змаглі ацаніць іх сур’ёзны падыход і да нашай творчасці, і да арганізацыі выступленняў увогуле. Але ж і на нас легла адказнасць — адпавядаць таму высокаму ўзроўню, што ўстанавілі калектывы, якія гастралявалі там раней. А гэта кампанія запрашала і прывозіла такія знакамітыя калектывы, як Музычны тэатр імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі з Масквы, Тэатр балета Барыса Эйфмана з Санкт-Пецярбурга, які з’яўляецца лідарам у галіне сучаснай харэаграфіі, вядучыя сімфанічныя аркестры Расіі, дзяржаўныя акадэмічныя харэаграфічныя ансамблі, прызнаныя “візітоўкай” рускага народнага танца. А гэта і славутая “Бярозка”, і ансамбль імя Ігара Маісеева, і Краснаярскі дзяржаўны акадэмічны ансамбль народнага танца Сібіры імя Міхаіла Гадэнкі... Нашы прамоўтары маюць справу толькі з прафесіяналамі акадэмічных кірункаў. Для нас было вялікім гонарам апынуцца ў такой “абойме”, і ўсвядоміць: гэта запрашэнне не выпадковасць.

Кітайскія імпрэсарыа ніколі не падпішуць ніводнага кантракта, ніводнай дамовы, пакуль не ўбачаць на свае вочы тое, што яны “купляюць”. На іх не дзейнічаюць ніякія лісты, рэкамендацыі, ім марна дасылаць рэкламу — усё гэта можа быць хіба папярэднім этапам, пасля якога абавязкова павінен быць асабісты прагляд праграмы. І гэта правільна! Не таму, што дзейнічае прынцып “давярай, ды правярай”, а таму, што толькі ўласныя ўражанні і іх каардынацыя з магчымай рэакцыяй гледачоў (а на тое яны і спецыялісты, каб прадбачыць такія рэчы) могуць прынесці рэальны плён. Бо вынікам такіх праглядаў становіцца не проста запрашэнне, падпісанне афіцыйных папер, дзе выкладзены ўмовы, але і канкрэтныя парады, скіраваныя на яшчэ больш паспяховыя паказы.

— Мо штосьці раілі і вам? І як увогуле адбыўся той прагляд?

— Яны ўбачылі нас у час выступлення ансамбля ў маскоўскай Канцэртнай зале імя Пятра Чайкоўскага. Зацікавіліся, выйшлі з прапановамі. Але іх не задаволілі святло і само шоу. І гэта зразумела, бо магчымасці кітайскіх сцэнічных пляцовак на парадак вышэйшыя за тыя, што ёсць у нас, у Расіі і нават Еўропе. Гэта штосьці неверагоднае! Сама архітэктура залаў — неймаверная! Пляцоўкі могуць трансфармавацца пад любыя памеры, таму ў танцы адначасова ўдзельнічаюць да 60 чалавек (у нас, здараецца, і ўтрая меншая колькасць выклікае праблемы). А сцэнічнае абсталяванне, тэхнічнае “начынне”, апаратура — увогуле з галіны фантастыкі. Наш гукарэжысёр літаральна плакаў, убачыўшы іх апошнія набыткі. Паўсюль запытваюць: што вам трэба для канцэрта? Мяжы магчымасцей там папросту няма. Была б толькі фантазія — а ўжо з тым, як яе ўвасобіць, праблем не ўзнікне.

Культура ў Кітаі, як няцяжка заўважыць, атрымлівае вялікія грашовыя “ўліванні” з боку дзяржавы. Там вельмі ўдала сумяшчаюць капіталістычную рынкавасць эканомікі з дзяржаўным планаваннем, уласцівым сацыялістычнай фармацыі. І гэты “мікс” дае добрыя вынікі — у прыватнасці, у галіне канцэртна-гастрольнай дзейнасці.

— Але ж і ў нас ёсць напрацоўкі! У тыя ж савецкія часы ўсе калектывы гастралявалі, і звычайна даволі працягла, па неабсяжных прасторах Сярэдняй Азіі, Сібіры, Далёкага Усходу...

— Над гэтым у свой час працаваў Дзяржканцэрт: рабілі маршрут з невялікімі пераездамі — і ў дарогу. Была наладжаная сістэма. Але пасля распаду Савецкага Саюза яе не змаглі захаваць, як гэта зрабілі кітайцы. Цікава, але штосьці падобнае ў канцэртна-гастрольнай дзейнасці існуе, да прыкладу, у той жа Галандыі. Там імпрэсарыа збіраюцца разам і складаюць план на год. Чым не планавая эканоміка? Бо такія нарады дазваляюць знізіць каштарыс і аказваюцца карыснымі ўсім, нягледзячы на здаровую канкурэнцыю паміж рознымі фірмамі.

Мы ж у Беларусі, так бы мовіць, “крысятничаем” — там штосьці адхопім, тут “адарвем”: дзе самі дамовімся, тое і добра. Дзяржаўнае рэгуляванне адсутнічае, дырэктары Палацаў культуры самі ладзяць такія запрашэнні. Хіба зрэдку яны дамаўляюцца паміж сабой, каб нейкі расійскі выканаўца зрабіў не адно выступленне, а тур па некалькіх абласных цэнтрах. Галоўнае для нашых арганізатараў — выканаць план па грошах. Але хто падлічваў, колькі пры гэтым валюты сыходзіць за мяжу? Бо атрымаўшы ганарар, госці адразу ж скіроўваюцца ў абменны пункт. А выступаць беларускім калектывам праблематычна. Яшчэ тры гады таму нашы паездкі па рэспубліцы ўкладаліся ў 12 мільёнаў беларускіх рублёў пры кошце білетаў у 60 тысяч. Сёння цана на іх засталася ранейшай, але нам, каб не быць у мінусе, трэба дамовіцца не менш як на 20 мільёнаў, бо толькі аплата за аўтобус складае 10-12 мільёнаў (для параўнання — 15-20 мільёнаў каштуе адзін наш касцюм). Так што калі зала на 400 месцаў будзе ўся распрададзена, мы неяк укладземся ў каштарыс, а калі на 200 — аніяк. Проста не паедзем.

— Кітайскія гастролі, дарэчы, былі камерцыйнымі. Як вы ацэньваеце вынікі?

— На “выдатна”! За 70 дзён мы аб’ехалі 36 гарадоў — без аніводнага арганізацыйнага збою з кітайскага боку. Залы — ад 800 месцаў і болей, білеты — ад 30 да 100 долараў. У некаторых мясцінах было шмат еўрапейцаў, дзесьці — адны кітайцы. Але паўсюль — поспех. Квіткі яны набываюць самі, без дапамогі прафсаюзаў. І прыходзяць звычайна сем’ямі, разам з дзецьмі. Кітайцам падабаюцца тэатралізаваныя імпрэзы, разнастайныя шоу, але адной тэхнічнай падрыхтоўкай, віртуознымі трукамі іх не здзівіць. Яны вельмі цікавяцца гісторыяй, іх прыцягвае добра адладжаная драматургія. І нашы выступленні вельмі ўзрушылі кітайскага гледача. Бо мы паказвалі і фольк на сучасны лад, і нашы гістарычныя кампазіцыі.

Пры гэтым ансамбль не змарнаваў ніводнай дзяржаўнай капейкі. Усе расходы на 45 чалавек дэлегацыі (а гэта праезд, жыллё і харчаванне) — выключна за кошт прымаючага боку. Ды яшчэ ганарар у валюце прывезлі, а гэта — прыбытак у дзяржаўную казну. Незразумела, чаму да замежных камерцыйных гастроляў тыя ж СМІ, здараецца, ставяцца паблажліва: маўляў, гэта ж не Дні культуры Беларусі ў іншай краіне. Але падобныя Дні культуры фінансуюцца з дзяржаўнай кішэні. Камерцыйныя гастролі — не. А культуру народа і саму краіну папулярызуюць не менш, а часам нават і больш! Бо на мерапрыемствы Дзён культуры часцей за ўсё распаўсюджваюцца запрашальнікі, найперш — сярод рускамоўных эмігрантаў. На камерцыйныя ж выступленні білеты паступаюць у вольны продаж, таму публіка — папраўдзе замежная. І мы заўсёды падкрэсліваем, што мы — беларусы. Гэта ў 1990-я ўсіх прадстаўнікоў постсавецкай прасторы, нават грузінскія гурты, называлі ў замежжы рускімі. Цяпер — не. Бо ёсць такая краіна — Беларусь! І ў тым, што ў побытавай грамадскай свядомасці далёкага замежжа нас цяпер успрымаюць самастойнай, незалежнай дзяржавай, ёсць і доля заслугі нашага калектыву.

Фота прадастаўлена Беларускім дзяржаўным ансамблем танца Беларусі

 

У адным з бліжэйшых нумароў "К" чытайце вялікае інтэрв'ю Валянціна Дудкевіча і калектыву ансамбля ў рамках рубрыкі "Рэдакцыя плюс...".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"