“Курка”і шматкроп’е

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Два нумары таму, у матэрыяле ”За што “курка” пацярпела?” (глядзіце “К” № 21), я пісаў аб праблемнай сітуацыі, што паўстала ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці. Нагадаю, што мясцовыя ўлады забаранілі там ладзіць дыскатэкі да двух гадзін ночы, і толькі за першыя дзесяць дзён мая мясцовыя супрацоўнікі клубных устаноў у выніку гэтай забароны панеслі страты ў дзясяткі мільёнаў рублёў.

Публікацыя ў “К” не прайшла не заўважнай. Як паведаміў нам наш чытач і дырэктар сельскага клуба ў вёсцы Плябанаўцы Аляксандр Бабін, пасля выхаду газеты з названым матэрыялам мясцовыя ўлады аператыўна вызначылі некалькі клубных устаноў, дзе дазволілі ладзіць дыскатэкі да гадзіны ночы. Гэта клубы ў вёсцы Плябанаўцы, у вёсцы Вярэйкі і ў парку адпачынку Ваўкавыска. Да таго ж, старшыня мясцовага райвыканкама абавязаў старшынь сельсаветаў забяспечыць дзяжурства дружыннікаў і ўчастковага інспектара пад час правядзення дыскатэк у названых вёсках.

Але на гэтым клопаты Аляксандра Бабіна, як аказалася, не скончыліся. Дазвол на правядзенне дыскатэк да гадзіны ночы ў пазамінулую суботу — 30 мая — быў адменены ў сувязі з апошнім званком у школах. А пасля дырэктара клуба зноў выклікалі на пасяджэнне ў райвыканкам, на якім прысутнічалі першыя асобы раёна, а таксама начальнікі структурных падраздзяленняў Ваўкавыскага райвыканкама.

Зноў было ўзнята праблемнае пытанне наконт дыскатэк, зноў было заслухана выступленне Аляксандра Бабіна, пад час якога ён казаў пра неабходнасць працягнуць дыскатэчныя мерапрыемствы да двух гадзін ночы, як гэта і было раней, бо іначай моладзь так і будзе абыходзіць танцавальныя вечары ў вёсках, а Дамы культуры не змогуць выканаць даведзеныя планы платных паслуг…

Аргументы дырэктара былі пачуты: яму і некаторым ягоным калегам зноў быў выдадзены дазвол на арганізацыю дыскатэк, але — толькі да гадзіны ночы… Падаецца, на праблеме можна паставіць кропку ці, прынамсі, шматкроп’е… Але ж не ўсё так проста...

Першая дыскатэка па новых правілах ў Плябанаўскім ДК (згодна з абноўленай афіцыйнай назвай клуб мае назву “Аддзел культуры і дасуга “Плябанаўскі ДК”) адбылася ў мінулую суботу, 6 чэрвеня. Прысутнічала на ёй, на жаль, не так шмат людзей: усяго 58 наведвальнікаў. Раней, як распавёў мне Бабін, на ягоныя дыскатэчныя мерапрыемствы збіралася ад 120 да 200 чалавек, а ў святочныя дні — значна больш. Так што з такім наведваннем дырэктар клуба план платных паслуг — а ён, нагадаю, складае 120 мільёнаў на год, — наўрад ці адужае… Таму, як адзначыў Аляксандр Бабін, ён зноў будзе ўзнімаць у мясцовым райвыканкаме пытанне пра тое, каб атрымаць дазвол ладзіць дыскатэкі да дзвюх гадзін ночы…

Вось такая сітуацыя. На першы погляд, справа сапраўды палепшылася, але ж — не да канца. Шкада і мясцовых клубных работнікаў, і аматараў, якія раней без асаблівых праблем бавілі вольныя часы ў дзяржаўных установах культуры, а цяпер, магчыма, знаходзяць сабе забаўкі ў іншых, не такіх прыдатных для адпачынку, месцах…

І каму ад гэтага больш карысці? Моладзі? Клубнікам? Супрацоўнікам міліцыі? Мясцовым уладам? Маю сумневы. Бо, пагадзіцеся, арганізаваны цікавы адпачынак у клубе пад наглядам і дарослых, і дружыннікаў — гэта нашмат лепш, чым самаробныя прыдумкі на заднім двары школы альбо дома, якія невядома яшчэ чым скончацца…

Будзем сачыць за праблемнай сітуацыяй і надалей. Са спадзяваннем калі-небудзь паставіць у канцы матэрыяла пра “курку” з Ваўкавыска не шматкроп’е, а канчатковую і пазітыўную кропку...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"