Пакажыце мне буктрэйлер!

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

“К” некалькі разоў пісала пра такі від кніжнай рэкламы як буктрэйлер. Апошні раз — па выніках нашага аўтатура па Барысаўшчыне. У бібліятэцы Вялікай Ухалоды нам паказала некалькі буктрэйлераў гаспадыня ўстановы Надзея Мацюшонак. Цікава, дасціпна, не выключана, што карысна для пэўнага кола чытачоў.

/i/content/pi/cult/537/11699/4-1.JPGДа гэтых разваг падштурхнуў ліст бібліятэкара дзіцячага аддзела Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяны Салаўёвай. Яна напісала пра гарадскі конкурс буктрэйлераў, ініцыяваны яе ўстановай, ды пра тое, што абласная бібліятэка імкнецца прэзентаваць выданні ў якасна новым фармаце відэаанатацыі. І, па словах аўтаркі допісу, такая рэклама, па выніках конкурсу, пэўным чынам паўплывала на рост чытацкай актыўнасці.

Некалькі слоў пра конкурс, бо ягоная сутнасць не можа не зацікавіць калег Таццяны Салаўёвай з іншых раёнаў ды абласцей. Удзельнікамі творчага спаборніцтва сталі ўстановы гарадской і раённай сістэм, а таксама бібліятэкі трох віцебскіх ВНУ. Можна было абраць любое выданне ваеннай тэматыкі (конкурс прымяркоўваўся да 70-годдзя Вялікай Перамогі). Удзельнікаў зацікавілі кнігі Васіля Быкава, Святланы Алексіевіч, Івана Сяркова, Барыса Васільева, Сяргея Смірнова… Усяго на конкурс прадставілі два дзясяткі буктрэйлераў: чатыры індывідульныя і шаснаццаць калектыўных. Першае і другое месцы занялі супрацоўнікі аддзела перыядычнай літаратуры і публічнага цэнтра прававой інфармацыі абласной бібліятэкі. Трэцяе — работнік бібліятэкі Віцебскага дзяржуніверсітэта імя Пятра Машэрава Ірына Галкоўская…

А цяпер давайце паразважаем пра мэтавую аўдыторыю буктрэйлераў. Па меркаванні намесніка дырэктара Віцебскай абласной бібліятэкі Вольгі Камендантавай, такая рэклама спатрэбіцца найперш моладзі. Цалкам згодны! Сталаму дасведчанаму чытачу не трэба папулярызаваць Быкава і Сяркова. Хаця і тут ёсць выключэнні. Адзін знаёмы прызнаўся, што палюбіў Купалу не ў выніку прымусовага асваення школьнай праграмы, а значна пазней, калі ці не ў саракагадовым узросце пачуў ад кагосьці радкі Песняра: “Праўду з няпраўдай, цноту з гарэзіяй вымешай спрытам — будзе паэзія…”. Але гаворка ў дадзеным выпадку ўсё ж пра чытача не вельмі падрыхтаванага.

Думаецца, буктрэйлер на кніжную навінку спатрэбіцца ўсім: дасведчаным і не вельмі. Але пры адной умове: рэкламны відэаролік павінен быць якасным. Абавязковымі складнікамі гэтай умовы выступяць трапны сюжэт, пераканаўчы відэашэраг, адпаведны музычны трэк… Карацей, без рэжысёрскіх здольнасцей і паўнавартаснага сцэнарыя ў стваральніка дадзенага прадукта атрымаецца “пшык”. Распаўсюджанасці такой рэкламы істотна замінае і тое, што яна — заўважна затратная. Але мэта апраўдвае сродкі. І калі такія цяжкасці перашкаджалі сапраўдным творцам?

Уявіце, нацыянальная сацыяльная тэлерэклама літаральна насычана высокаякаснымі буктрэйлерамі. Яркімі, пераканаўчымі, змястоўнымі. Бібліятэкары ад чытачоў не здолеюць адбіцца! І яшчэ адна мара на ўзроўні асабістага ідэалістычнага чытацка-глядацкага трызнення. Аўтары прарыўных буктрэйлераў аўтаматычна становяцца рэжысёрамі кніжных экранізацый у фармаце “поўны метр” і з гарантаваным фундатарствам. Жыццё ў такім выпадку доўжыцца пад дэвізам “чытаем — і глядзім” або “глядзім — і чытаем”… Але гэта так, мары-развагі…

А пакуль кіраўніцтва Віцебскай абласной бібліятэкі мяркуе, што перспектыўная справа павінна развівацца. Буктрэйлеры будуць змяшчацца на бібліятэчным сайце і дэманстравацца на плазменным маніторы, што ўсталяваны ў фае ўстановы. Для пачатку — цудоўна. Якім будзе працяг?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"