Панямонне па дарозе ў Астравец

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Бераставіччына стала гаспадыняй занальнага этапу ІІІ Абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”. На сцэне раённага Дома культуры асобныя выканаўцы фальклору і калектывы Бераставіччыны ды Свіслаччыны дэманстравалі свае фальклорныя праграмы перад членамі журы.

/i/content/pi/cult/537/11698/10-5.jpg

Адкрылі конкурсную праграму бераставіцкія ўдзельнікі. Выступленне было падрыхтавана ў форме фальклорнага тэатралізаванага свята (аўтар сцэнарыя — метадыст па фальклоры і этнаграфіі Марыя Юшкевіч), прысвечанага ручніку і яго мясцовым асаблівасцям. Такая тэма была выбрана невыпадкова. Цягам апошніх некалькіх гадоў работнікамі Раённага метадцэнтра народнай творчасці праводзіцца значная работа па даследаванні лакальных культур рэгіёна, у прыватнасці, падрабязна вывучаны асаблівасці ручнікоў. На падставе сабраных матэрыялаў і падрыхтавалі конкурсную праграму “Повязь часоў — беларускі ручнік”.

Выступленне пачалося з мультымедыйнай прэзентацыі, якая пазнаёміла з ручнікамі, распаўсюджанымі на тэрыторыі Бераставіччыны, а таксама з майстрыхамі, якія іх стваралі. Вядучыя — дырэктар Эйсмантаўскага ЦДК Рыта Каспшак і рэжысёр народнага тэатра “Магія ігры” РДК Марына Хамяня — распавялі аб ролі такога прадмета ў побыце. Пра тое, якім чынам выкарыстоўваліся ручнікі ў сямейнай абраднасці на Бераставіччыне, а дакладней, у Малой Бераставіцы, казалі мясцовыя майстрыхі Галіна Красоўская і Зінаіда Сягоднік. На прыкладзе сваіх работ яны прадэманстравалі характэрныя для нашага рэгіёна адметнасці арнаментаў, узораў, тэхнікі вышыўкі, колеру. А далей былі паказаны тры эпізоды вясельнай абраднасці, у якіх выкарыстоўваецца ручнік. Гэта заручыны, зборная субота і вяселле. У тэатралізацыі задзейнічалі работнікаў амаль усіх клубных устаноў раёна, а таксама ўдзельнікаў аматарскіх фарміраванняў раёна. Менавіта масавасць прадстаўлення, яго рознажанравасць (песні, танцы, прыпеўкі, вершы, прыказкі, гульні), а таксама пераемнасць пакаленняў журы адзначыла як станоўчыя моманты праграмы.

Удзельнікі ж са Свіслачы — народны фальклорны гурт “Крынічанька” (мастацкі кіраўнік Ірына Ягорава) — выканалі песні са свайго рэпертуару. Асабліва пранікнёна аўтэнтычныя фальклорныя творы прагучалі ў выкананні 95-гадовай удзельніцы калектыву Вольгі Дарошынай. Пасля завяршэння конкурсных аглядаў журы вызначыць лепшыя нумары для абласнога фестывалю, які пройдзе ў верасні ў Астраўцы.

Святлана ГАНЧАРОВА

Фота аўтара