“Падарожніца” і тролі

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Дом прэсы арганізаваў для дзяцей міжнародны тэлемост, пляцоўкай правядзення якога стала канферэнц-зала Мірскага замка.

/i/content/pi/cult/537/11696/10-3.jpg

Сюды прыехалі лепшыя юныя музыканты, вакалісты, мастакі і спартсмены Карэліцкага раёна. Разам з імі ў віртуальную вандроўку скіраваліся вядомы расійскі дрэсіроўшчык Эдгар Запашны, беларускі тэлевядучы і спявак Георгій Калдун ды кіраўнік аддзялення Пасольства Фінляндыі ў Беларусі Лауры Пулола.

Амаль дзве гадзіны беларускія хлопчыкі і дзяўчынкі кантактавалі з прадстаўнікамі Фінляндыі, Аўстраліі, Мальты, а таксама і з нашым Магілёвам. Пабывалі праз віртуальную прастору нашы дзеці ў Краіне мумі-троляў — тэматычным парку паводле кніг Туве Янсан.

У онлайн-рэжыме былі зададзены пытанні пра традыцыі, мары і захапленні. А пасля дзеці разам з Запашным і Калдуном заняліся вырабам лялькі “Падарожніца”. Калісьці гэты абярэг рыхтавалі для тых, хто скіроўваецца ў вандроўку. Маленькая лялька, набітая крупамі, каб вандроўнік не адчуваў у дарозе нішчымніцы. Лепшую ляльку вырабіла навучэнка Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Арына Шавейка. У якасці прыза Эдгар Запашны ўручыў пераможцы два білеты на сваю цыркавую шоу-праграму.

Наталля ГАРОДНІК, дырэктар Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці