Аўдыя & Відэа-14

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Майскія аўдыя- і відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць фронтмэн гомельскага гурта “Gods Tower” Лэслі Найф, ён жа — Уладзіслаў НАВАЖЫЛАЎ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура” Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/537/11692/9-3.jpgАўдыя

Гурт “Unia”, міні-альбом “Usled Za Taboj”

А.: Спадзяваўся пачуць старую добрую “Unia”, але з першых жа нот разгубіўся. У цэлым, задумка нядрэнная, але запозненая гадоў на пятнаццаць. Аддам належнае музыкантам: яны стараліся, як маглі, і, па сутнасці, мо і маюць рацыю ў тым, што вырашылі крыху змяніць фармат. Аднак самі кампазіцыі мне падаліся надта перагружанымі ўпрыгожаннямі, што пайшло не ў плюс, паколькі тое, што добра для тэхна-дэза, для фолька і дарма не трэба. Карацей, згубілася сама сутнасць праекта. Праца ж гукааператара мне бачыцца цалкам не адпаведнай канонам стылю. Давераны яму матэрыял з жывой музыкі ператварыўся ў граматны, чыста вылізаны і вычасаны да нанапiкселя прадукт, які выклікае эмоцый столькі ж, колькі качан капусты. Рэліз гучыць як заўгодна, але — нецікава. Жывых інструментаў я не пачуў, зараду энергіі не атрымаў. У мяне склалася ўражанне, што гукааператар зводзіў альбом “для птушачкі”. Для сябе ў гэтым EP я ўбачыў адзін плюс: гурт “Unia” ў новым амплуа, якое я, напэўна, проста недаацаніў, і да мяне “разыначка” дойдзе пазней. Два мінусы: шаблонная праца па гуку з відавочным пераборам постапрацоўкі і залішняя дэкаратыўнасць музыкі.

В.: Каманда працягвае эксперымент, які для кагосьці з адэптаў народнай песні ў яе чыстым выглядзе можа падацца вельмі спрэчным: трэкі гэтага міні-альбому ўяўляюць з сябе мікст з кананічных версій твораў і аўтарскіх тэкстава-музычных дапаўненняў. Асабліва замілоўвае дарожка “Kalada”, у аранжыроўцы якой выкарыстаны фрагменцікі хіта... “Billie Jean” Майкла Джэксана! Заяўленага ж удзельнікамі гурта “апапсення”, такога, каб відавочна дысанавала з мінулым бэнда, я не пачуў. Музычна гэта зноў-такі мікст, вытрыманы ў цяжкім — і раптам палегчаным ключы, уласна, у чым і палягае “фішка” “Unia”. Адны ўсяляк вітаюць калектыў за гэта, іншыя паблажліва крытыкуюць. Дадзены EP — узор творчага паўфабрыката: накшталт есці (слухаць) можна, але чагосьці не хапае.

Гурт “Дай дарогу!”, альбом “Дай дарогу!”

A.: Што называецца — «у кропку”: уключыў і адразу заўсміхаўся. Зразумелая музыка, шчыра сыграная, тэксты не вымучаныя, напісаныя на адным дыханні, усё гэтак жа сумленна выканана і запісана. Ідэал: нічога напускнога, нічога лішняга. Кожная песня — сітуацыя, з якой ты сам альбо хто-небудзь з блізкіх сутыкаўся. І прыемна, што на тыя выпадкі можна паглядзець з боку і пасмяяцца. Адзначу і ўніверсальнасць работы. Вось я, напрыклад, не аматар такога панку, у сэнсе з такой музычнай мовай. Але тут, як аказалася, месца паходжання адыгрывае ролю. І тое, што ўдзельнікі калектыву — мае суайчыннікі, станоўча паўплывала на ступень узаемаразумення паміж мною (не панкам) і імі. Выдатная работа ў духу старой школы, і чалавек “не ў тэме” можа стаць яе “шматразовым” слухачом.

B.: Гэты брэсцкі калектыў заўсёды здаваўся мне малодшым братам “Нейра дзюбеля”, проста жыве не ў сталіцы. У тэкставым дачыненні старэйшы выглядае больш інтэлектуальным, хоць сярэднюю навучальную ўстанову скончыў з цяжкасцю ("сваяк" крыху больш прыземлены тэматычна), а вось музычна-аранжыровачны “Дай дарогу!” у апошнія гады прагрэсуе ад альбома да альбома (дзіўна нават для гурта з пятнаццацігадовай гісторыяй). І змены ў складзе інструменталістаў пайшлі на карысць: пры наяўных майстрах “…Дзюбель” жа таксама лёгка можа зрабіць са свайго гуку цукерку, але канцэпт не дазваляе. “ДД!” не пабаяліся ў меру “адпрасаваць” сябе. І выйгралі. Бытавыя замалёўкі пра ўсё адразу ў панк-стылістыцы, дзе амаль сур’ёзна, дзе з сумам — прынамсі, філасофстваванне без залішняй завумнасці. Не “выдатна”, але цвёрдае “добра”. Нават з “плюсам”.

Паліна Рэспубліка, альбом “Бясконцы красавік”

A.: Такога ў беларускай медыя-прасторы яшчэ не было: выканаўца за кароткі тэрмін здолела зрабіць для нашай музыкі больш, чым многія іншыя з ліку поп-культуры за апошнія гадоў дваццаць. Не кажу пра заслугі айчыннага андэграўнда (там з “беларушчынай” усё ў парадку). Але музыка Паліны — не ёсць андэграўнд. Каб я быў на месцы нашых чыноўнікаў ад культуры, то ствараў бы з яе сваю Патрысію Каас (не параўноўваю вакальныя даныя, а маю на ўвазе тую нішу, якую Паліна магла б заняць)... Альбом, безумоўна, да праслухоўвання абавязковы. У ім ёсць песні не толькі на беларускай мове, але і на ўкраінскай ды на рускай. І ўсе аднолькава выдатныя, што сведчыць: Рэспубліка — не “праект”, каштоўны выключна мовай выканання твораў, а спявачка для людзей з шырокім кругаглядам, для тых, у каго ёсць сэрца, душа і розум. Дзесяць з дзесяці, адназначна.

B.: Такога жаночага голасу і не хапала беларускай... эстрадзе: без ора, без дэманстрацыі вакальнага дыяпазону “ад і да”, стрыманага, нават... сарамлівага нейкага, пры гэтым чутна, што дзяўчына можа і “сажы даць”. Адпавядаюць і аранжыроўкі: дакладныя, без вар’яцкіх наваротаў, дзе на пярэднім плане пасля вакала — гітара ў акустыцы, што і патрабуецца дадзенаму прадукту. Ды і эстрадай (постсавецкай) у поўным сэнсе тое, што робіць Паліна, язык назваць не паварочваецца. Суперякасная поп-музыка, асацыяваная з рознымі стылямі — хай так будзе. І — менавіта наша, славянская, без аглядкі на Захад з яго сучаснымі тэндэнцыямі. “Красавік”, “Калыханка”, “Рыбаю” (на ўкраінскай мове), “Рассвет” (па-руску; трошкі нагадвае хіт “Я буду памятаць” дуэта Аляксандр Іваноў —Уладзімір Праснякоў). Наогул, пласцінка вельмі шлягерна пачынаецца, а потым злёгку нібыта выдыхаецца: магчыма, памылка яе складальніка, але агульныя ўражанні самыя лепшыя!

Відэа

Гурт “Tanin Jazz”, кліп “Feel This Time”

А.: Ні ў чым іншым больш блізкім да джазу, акрамя як джаз-рок і джаз-метал, я не знаўца. У гэтых напрамках для мяне ёсць бясспрэчныя аўтарытэты “Chicago” і “Level 42”. Таму асаблівага ўздзеяння на свой розум ад дадзенага матэрыялу я не чакаў. Вырашыў так: музыка, зробленая з душой, дойдзе да любога бегемота, калі будзе сапраўды добрая. Уключыў, скіраваў позірк на манітор і быў нечакана зачараваны. Салістка і выглядае, і спявае шыкоўна. Але! “Убачыў” я чамусьці не яе. У кампазіцыі настолькі добрыя піяніст і бас-гітарыст, што паміж кадрамі я “заўважаў” чамусьці двух людзей, якіх рэальна заводзіць тое, што яны граюць. А кліпмэйкер зняў нейкую дзічыну, без сюжэту. Увасабляючы музыку для тоўстых, якой джаз і з’яўляецца. Увогуле, адпрацаваў ён без запалу: ТЗ выканана — і ўсё. Хаця сам відэашэраг якасна зманціраваны. Але маем мы справу з выдатнай песняй. Музыка выдатная! Яна чапляе, нават калі вы “не ў тэме”. Я прагледзеў у Інтэрнэце некалькі жывых выступленняў гурта, і куплю білет на канцэрт гэтага складу сабе і жонцы.

В.: У гэтым кліпе на месца Алены Ланской (глядзіце відэа спявачкі на трэк “Я жывая”, якое мы рэцэнзавалі ў “К” № 21) заступіла фронтвумэн “Tanin Jazz” Таццяна Гарошка, толькі без напаўпразрыстага адзення, какетліва ўсмешлівая, якая “незнарок” падкрэслівае несумненныя вартасці ўласнай фігуры. Два куплеты, тры дэкарацыі, у якіх галоўная гераіня — яна: пасярод шкельцаў-дыяменцікаў, куфляў пустых і з віном, свечак, кавалачкаў лёду… У фінале іранічная спакусніца пачынае крыху трымцець ад наплыву пачуццяў і вось… сеанс лёгкага флірту скончаны, усім дзякуй! Прыджазаваны поп, ці, па-навуковаму кажучы, ню-дыска. Прафесійна сканструяваная, сыграная і выкананая песенька, сярэднерытмічная, англамоўная, фонавая і для павольнага танца “вочы ў вочы”.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"