Архіў сведкі біенале

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Нататкі медыятара Нацыянальнага павільёна Беларусі на 56 Венецыянскім біенале. Частка ІІ
“Да вас можна? Вы працуеце?” — на пачатку майго дзяжурства першай, хто адчыніў дзверы нацыянальнага павільёна, аказалася… суайчынніца. Алеся была не адна — разам з сябрам Марцінам са Славакіі. Дзіўная фатаграфія, на якой купка ваенных царскай арміі імітавала растрэл — такім быў выбар беларускай дзяўчыны. Марцін абраў для рэфлексій выяву з нямецкімі афіцэрамі, якія святкавалі Каляды ў сутарэннях.

/i/content/pi/cult/537/11691/8-1.jpg(Працяг. Пачатак у № 23.)

Алеся, Марцін і Ніколь

Калі наведвальнікаў у павільёне не многа, ёсць магчымасць распытаць візіцёра, чаму ён зрабіў менавіта такі выбар фатаграфіі. Часам за выпадковай, здавалася б, зачэпкай — глыбокае назіранне. Альбо адчуванне чалавекам вайны, свету, часу. І гэтым разам склалася акурат такая сітуацыя: пара разгаварылася.

Алеся, тлумачачы свой выбар, “выйшла” на тэму недарэчных жартаў, якія ў экстрэмальных сітуацыях часта служаць абаронай для псіхікі чалавека. “Войны, магчыма, і мяняюцца, але іх сутнасць застаецца тая ж: людзі імкнуцца выжыць. Адзін са сродкаў абароны, які людзі выкарыстоўваюць у падобнай сітуацыі, каб не з’ехаць з глузду, — гэта смех, жарты, нават такія жудасныя, як на гэтай фатаграфіі. Яна і зачапіла мяне тым, што гэта дзіўная гульня — са смерцю”, — развагі Алесі спыняюцца на такой выснове.

Кантраст паміж абліччамі нямецкіх афіцэраў, якія сядзяць за сталом, і святочным дрэўцам, упрыгожаным свечкамі, — вось што зачапіла Марціна. “Яно тут — як сімвал, як птушка, як белы сполах у гэтым бункеры, дзе ваенныя імкнуцца захаваць памятны момант, але, насамрэч, яны зусім не выглядаюць шчаслівымі”, — ён падрабязна “чытае” фатаграфію і “выходзіць” на такую тэму: ці пачуваліся тыя людзі шчаслівымі? “Вядома ж, не, бо знаходзяцца тут не па сваёй волі, — разважае Марцін. — Магчыма, яны мараць у гэты момант пра свой дом і сям’ю, але вымушаны знаходзіцца тут, на чужой тэрыторыі ў якасці ворага. У небяспецы”.

Наша размова сама па сабе робіць крок ад “маленькага чалавека” да маленькай краіны: а ці заўжды апошнія пачуваюць сабе ў бяспецы? “Мы прызвычаіліся, што ўвесь час з’яўляліся часткай чагосьці вялікага, — прыводзіць Марцін прыклад Славакіі. — Нават зараз — Еўрапейскага саюза, — усміхаецца ён. — Але, на жаль, маленькім краінам увесь час даводзіцца трымаць баланс, каб захаваць уласную незалежнасць. А гэта фатаграфія паказвае, што вайна можа быць за дзвярыма. Памятаеш пра гэта нават падсвядома…”.

Праект “Архіў сведкі вайны” — гэта развагі не толькі наконт асабістага мінулага, калі хтосьці распавядае пра ўласных продкаў, якія загінулі ў гады Першай сусветнай, але і засцярогі адносна будучага і цяперашняга, якое ўтрымлівае шмат канфліктаў і праблем, засцярогі людзямі Еўропы, свету.

Гутарым з Ніколь. Дама з Бельгіі. Яна пытаецца пра замежная ўплывы на Беларусь.

Бельгія мае тры афіцыйныя мовы — нідэрландскую, французскую і нямецкую. Апошняя — мова нацыянальнай меншасці, але першыя дзве — асноўных супольнасцей: фламандскай і французскай (валонскай). Толькі ў 1980-м галоўныя мовы былі ўраўнаваны ў правах. Дагэтуль дамінавала французская.

Прапанова Ніколь сфатаграфаваць мяне выглядае нават сяброўскім жэстам, калі ведаць гэты кантэкст. Каго яна ўбачыла ўва мне? Чалавека, які жыве ў краіне з падобнымі абставінамі? Магчыма. Я пагаджаюся, і Ніколь “шчоўкае” мяне маленькай лічбавай камерай.

/i/content/pi/cult/537/11691/9-2.jpg

Элізабэт і іншыя

Прадстаўнікі кожнай краіны маюць што сказаць пра свае страхі, праблемы і комплексы. Праект — бы лакмусавая паперка выяўляе іх. І гэта — не толькі пытанні пэўных небяспек, культурнай і моўнай ідэнтычнасці, але і асэнсавання мінулага, траўм, якія ў жыхароў кожнай краіны — свае.

Калі летась Еўропа пачала адзначаць 100-годдзе Першай сусветнай вайны, былы блок краін-праціўнікаў Антанты — Германія, Аўстрыя, Венгрыя, Балгарыя, Турцыя — апынуўся ў далікатнай сітуацыі: з аднаго боку, глабальная катастрофа аказала вялікі ўплыў на іх лёсы, забрала жыцці іх грамадзян, з іншага — ніхто не адмяніў іх пройгрышу ў той вайне. Як перажываюць мінулае жыхары гэтых дзяржаў? Ці істотна для іх тое паражэнне, сам удзел у тагачасным блоку Цэнтральных дзяржаў? Ці нават так: усё гэта для іх мае істотнае значэнне? Пад час наведвання беларускага павільёна, у прыватнасці, прадстаўнікамі Германіі, неаднойчы даводзілася задумвацца над гэтымі пытаннямі.

Прызнацца, нямецкія візіцёры з вялікай цікавасцю ставіліся да праекта. Яны ўважліва глядзелі фатаграфіі, і гэта невыпадкова: у Архіве прадстаўлены, паўтаруся, і фота ваенных нямецкай арміі. Наведвальнікі з Германіі актыўна распытвалі і пра ўдзел беларусаў у Вялікай вайне (так у свой час называлі Першую сусветную). “Вы былі тады часткай Расійскай імперыі?”, — запыталася адна сталая немка. “Так”, — адказваю. “А потым сталі незалежнымі?” — працягвае яна. Я пачынаю распавядаць пра храналогію падзей, пра Брэсцкі мір… Але ў мой расповед умешваецца італьянка, якая да гэтай пары моўчкі разглядала папкі з фатаграфіямі: “Усё так, але гэта быў Брэст-Літоўскі мір”, — удакладняе яна, і пачынае на нямецкай расказваць пра вынікі Першай сусветнай: якое мірнае пагадненне ішло за якім, што адбылося з расійскімі (і беларускімі землямі). Наведвальніцы з Германіі актыўна ўключаюцца ў размову. Дзіўная рэч, але так жыва рэагуючы на ўсе гістарычныя падрабязнасці, потым яны пакідаюць даволі сціплыя рэакцыі. Дзеля справядлівасці зазначу, што, вядома, не ўсе. Але ж пэўная тэндэнцыя ў паводзінах немцаў акрэслілася: цікавасць, выбар фатаграфіі, удзячнасць за праект, але, разам з тым, людзі не хочуць пакідаць свае імёны і электронныя адрасы (“Архіў…” просіць пра кантакты не для публічнага выкарыстання, а для рассылкі пароляў да асабістых кабінетаў на сайце, каб можна было прагледзець свой водгук ды меркаванні іншых. — Д.А.). “Гэта не для публічнага выкарыстання”, — тлумачу я ім, але чую ў адказ прыкладна наступнае: “Гэта маё права”. Пярэчыць таму, сапраўды, не станеш. “Я прадставілася ў бланку як жанчына з Германіі, 1943-га года нараджэння”, — дае мне свой варыянт рэфлексіі адна сімпатычная жанчына. Дзякуеш і за гэта, але чамусьці падобная “гісторыя” паўтараецца з наведвальнікамі з Германіі раз за разам. Што гэта? Своеасаблівае стаўленне да прыватнай прасторы? Пачуццё віны? Але ж падзеі тыя адбыліся так даўно…

Маю версію нечакана падтрымала тая самая італьянка, якая распавядала нямецкім наведвальніцам пра вынікі Першай сусветнай. Элізабэт, як высветлілася, даследчыца гісторыі (у тым ліку, і Усходняй Еўропы), сказала мне на мае назіранне вось што: “Гэта наступствы, на мой погляд, дзвюх войнаў. Германія пачувае сябе вінаватай у тых глабальных катастрофах, і людзі не хочуць стаць ахвярай чыёйсьці нестрыманай рэакцыі. Таму, напрыклад, яны не хочуць пакідаць вам свае кантакты. Калі разважаць, ці спрабуе Германія ўцячы ад свайго мінулага, мне падаецца, што пэўнае пакаленне, — дакладна. Вы заўважалі, што маладыя немцы зараз поліэтнічныя? Нават тут, у Венецыі, у групе школьнікаў з Германіі я заўважыла мулатаў, азіятаў, падлеткаў са “змяшаных” сем’яў... І я ведаю многіх немцаў, хто свядома выбіраў сабе ў мужы ці жонкі людзей іншага народа, іншай культуры, імкнучыся змяніць аблічча Германіі. Гэта пакаленне я назвала б сярэднім, якое прыйшло на змену таму, што ваявала ў Другой сусветнай. Яны хочуць стварыць новую краіну, пераадолеўшы ўсім вядомую спадчыну. А новыя пакаленні ўжо не атаясамліваюць сябе з тым мінулым”.

І сапраўды, пэўную рацыю слоў Элізабэт пацвердзіла рэакцыя маладых наведвальнікаў з Германіі, якія не былі сквапнымі на свае кантакты і ўражанні. Але ж ці выявіў праект боль і сорам нямецкай публікі? Альбо толькі перайшоў мяжу асабістай прасторы? Пакіну пытанне адкрытым…

Беларусь

Варта адзначыць, што ў асяродку “Архіва…” праяўляюць сябе не толькі іншыя культуры. У першую чаргу, становімся бачнымі мы самі. Ці нават так: зусім нябачнымі.

Калі сышлі растрывожаныя немкі, Элізабэт распавяла пра сваё захапленне гісторыяй Усходняй Еўропы. “Магу распавесці і пра вашу краіну”, — сказала яна і зрабіла невялічкі экскурс у гісторыю Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. “Але ў гэтых ўтварэннях галоўнымі былі Літва і Польшча, а Беларусь, не крыўдуйце, была на другасных ролях”, — раптам выдае мая візаві. “Гэта не так, — я, сапраўды, крыўдую і абураюся. — А як тады патлумачыць той факт, што статуты ВКЛ складзены на старабеларускай мове? А тое, што дзяржаўнай мова Княства была акурат старабеларуская?”. Элізабэт шчыра здзіўляецца: “Гэта ўражвае! Але чаму пра гэта зусім невядома? Вы назвалі вельмі істотны аргумент, але яго мала хто ведае”, — канстатуе яна. “А чаму тады дзяржава называлася менавіта Вялікім Княствам Літоўскім?” — разумею, што Элізабэт агучвае ўсе тыя пытанні, што маюць і іншыя еўрапейскія даследчыкі. І даводзіцца тлумачыць.

Шукаючы тлумачэнне гэтаму аспекту, выказваю меркаванне, што заходнія ўніверсітэты, напэўна, карыстаюцца крыніцамі літоўскіх і польскіх гісторыкаў, а яны — маюць сваю версію гістарычных падзей. З іншага боку, сумнявацца ў заангажаванасці Элізабэт гэтаксама не даводзіцца: яна не наўмысна выбірае тыя ці іншыя крыніцы. Яны проста ёсць у наяўнасці. У той час, калі работ беларускіх даследчыкаў у бібліятэках еўрапейскіх універсітэтаў ды ўвогуле ў еўрапейскай інтэлектуальнай прасторы — адзінкі. І вось, калі ласка, вынік!..

Фота аўтара

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"