"Маладзечна-2015": курс на конкурс

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Калі гаворым пра статус "нацыянальны"...
Нацыянальнаму фестывалю беларускай песні і паэзіі, які прайшоў у 15-ы раз, споўнілася 22 гады (бо не заўсёды, на жаль, ён праходзіў штогод). Як жа гэты адзіны ў нас фэст са статусам "нацыянальны" правёў свой чарговы “дзень народзінаў”, што адзначаўся тры дні — 5 — 7 чэрвеня?

/i/content/pi/cult/537/11689/7-1.jpgФармат без фармалізму

Адбылося сапраўднае свята, сведкамі якога змаглі стаць не толькі маладзечанцы і госці горада-спадарожніка беларускай сталіцы, але і ўсе, хто ўключаў два вечары запар канал "СТБ" у час трансляцый асноўных фестывальных канцэртаў.

Спраўдзіўся і разрэкламаваны новы фармат фестывалю, пры якім акцэнт быў зроблены на песні апошніх 25 гадоў — эпохі незалежнасці Беларусі. Праўда, пры гэтым частка нумароў гала-канцэрта адкрыцця ішла пад фанаграму “плюс 1”. І не таму, што артысты не змаглі б спяваць жыўцом! А дзеля зручнасці тэлетрансляцыі. Што тут казаць? Хіба спадзявацца, што калісьці тэлебачанне зможа набыць і, што яшчэ важней, засвоіць больш дасканалую апаратуру, пры якой такіх праблем узнікаць не будзе.

Бо сёлета нават надвор’е прыйшло да неабходнасці “інавацый”! Гэта быў бадай першы фэст без дажджоў-навальніц. З неба сыпаліся хіба шыкоўныя феерверкі, якім магла б пазайздросціць сталіца.

Здабыткам фестывалю сталі новыя маладыя галасы, адкрытыя ў конкурснай праграме. Асабліва гэта тычыцца Таццяны Валахановіч — уладальніцы Гран-пры і прыза імя Уладзіміра Мулявіна, выпускніцы Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (дыплом з адзнакай у 2013 годзе), якая цяпер кіруе эстраднай студыяй ДК пасёлка Энергетык Дзяржынскага раёна і завочна вучыцца ў БДУКіМ.

Яшчэ адной адметнай рысай “Маладзечна-2015” стаўся прынцып збірання “сяброў-канкурэнтаў”: на гэтым фестывалі ажно дзве праграмы былі аддадзены пераможцам іншых музычных праектаў. Прычым ішлі гэтыя канцэрты на наступны пасля конкурсу дзень. Таму лаўрэаты, уладальнікі дыпломаў удзельнікаў і іх выкладчыкі маглі на свае вочы-вушы пераканацца, як пераможцы таго ж “Маладзічка” — Маладзечанскага Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні — наступаюць ім на пяты. І як узрастаюць-дужаюць колішнія пераможцы тэлепраекта “Зорны дыліжанс”, якія канчаткова знайшлі сябе… не абавязкова ў прафесійнай эстрадзе, але спяваць не кінулі. Той жа Сяргей Жбанкоў, да прыкладу, — адзін з вядучых артыстаў Нацыянальнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, дзе ставіцца шмат разнастайных па жанрах музычных пастановак, выканаўца ролі Песняра ў аднайменным спектаклі.

Шанаваць ці забываць?

Адрадзілі ў Маладзечне і калісьці забытую традыцыю ўшанавання кампазітараў і паэтаў. Сёлета знаныя творцы, чые песні гучалі ў канцэрце адкрыцця, былі запрошаны на свята ў якасці не толькі гасцей, але і ўдзельнікаў. Яны выходзілі на сцэну разам з выканаўцамі і займалі сваё “працоўнае месца” за інструментам — садзіліся за клавішы ці бралі ў рукі акардэон, як гэта зрабіў Алег Елісеенкаў. Іх імёны аб’яўлялі са сцэны і давалі ў тэлевізійным падрадкоўніку. Да таго ж, тэлеверсіі абодвух маладзечанскіх вечароў былі дапоўнены “візітоўкамі” ўдзельнікаў: літаральна кожны з іх гаварыў штосьці пра фестываль, конкурс, свой рэпертуар — і гэтыя кадры пры мантажы былі ўстаўлены паміж музычнымі нумарамі.

Дый на вялізным экране ў Амфітэатры раз-пораз узнікаў не прывязаны да канкрэтнай кампазіцыі пералік найбольш выбітных песенных творцаў — у тым ліку тых, каго ўжо няма з намі. Праўда, замест Уладзімір Алоўнікава, аўтара “Лясной песні” (“Ой, бярозы ды сосны…”), “Песні пра Мінск”, што стала гімнам сталіцы, узнікала імя яго славутага сына — сусветна вядомага піяніста, народнага артыста Беларусі, прафесара Ігара Алоўнікава. Пэўна, вельмі ж палюбіўся ён маладзечанцам за час сваіх неаднаразовых гастроляў! Дык ці ж можна наракаць на дробныя накладкі пры агульным пазітыве?

Эдуарда Ханка выклікалі на сцэну для ўручэння віншавальнага адрасу з 75-годдзем, дасланага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Сольным вечарам у Амфітэатры было адзначана 50-годдзе яшчэ аднаго знанага кампазітара — Алега Молчана, аўтара, сярод іншых песень, знакамітай “Малітвы”.

Паэты чыталі свае вершы ў асобнай праграме. Сёлета гэта была Паэтычная гасцёўня “Красуй, Беларусь”, якая прайшла не на адкрытай пляцоўцы, а ва ўтульнай Малой зале Палаца культуры. Гучалі вершы і са сцэны Амфітэатра — у выкананні артыстаў драматычных тэатраў.

А вось абедзве конкурсныя праграмы маладых спевакоў не вылучаліся асаблівай пашанай да аўтараў. На другім туры, што праходзіў у Палацы культуры ў суправаджэнні фанаграмы “мінус 1”, песні ўвогуле не называліся, дый пра выканаўцаў не паведамлялася ніякіх звестак, акрамя рэгіёна, які яны прадстаўляюць. На трэцім, у Амфітэатры ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам, пра спевакоў распавядалі, песні ж аб’яўлялі выбарачна. Тэлегледачы пры жаданні маглі паглядзець падрадкоўнік, бачылі яны і згаданыя “візітоўкі”, у якіх канкурсанты гаварылі пра абраныя песні. А публіка ў амфітэатры?..

Поўны спіс конкурснага рэпертуару мелі члены журы. Але на атрыманых імі ацэначных лістах хапала “белых плям” і памылак, што сыходзілі, як няцяжка здагадацца, ад саміх канкурсантаў і іх выкладчыкаў. Бо якую інфармацыю яны прадаставілі ў аргкамітэт, такая і была надрукавана! На жаль, з гэтым даводзіцца сутыкацца штогод: выканаўцы папросту не ведаюць, што яны спяваюць. І, верагодна, не жадаюць ведаць! Бо некаторых “ляпаў” можна было пазбегнуць, проста “загугліўшы” словы песні! Хто хоча знайсці, той знаходзіць. У “даінтэрнетаўскія часы” выканаўцы-аматары нават на радыё тэлефанавалі: дапамажыце даведацца імёны аўтараў, бо як жа іначай спяваць?

Гуляць дык гуляць! Але строга арганізавана

Цэнтральная плошча, дзе калісьці пасля пачатковага “стадыённага перыяду” ладзіліся асноўныя мерапрыемствы, не пуставала. Тут усе тры дні ў рэжыме нон-стоп па 5 — 9 гадзін запар віравала “Фестывальная талака” — канцэртная праграма творчых калектываў Маладзечаншчыны. Назіраючы за выступленнямі, можна было і на лавах “глядзельнай залы” пасядзець, і проста прагуляцца па сонечных алеях, і пад’есці (выязны гандаль і харчаванне былі наладжаны так, што ежы хапала на ўсіх), і сувеніры набыць. Праўда, выстава-продаж тавараў народнага спажывання “Беларускі пачастунак” была куды шырэйшай, чым надзвычай сціплая “Скарбонка творчасці народнай”, якую калісьці называлі, як у Віцебску, Горадам майстроў. Не ведаю, у чым справа. Можа, перамагло жаданне зрабіць людзям “нармальнае” свята? Бо яго ў нас часцяком разумеюць найперш як застолле. Ці народныя майстры спужаліся ранейшых прыродных катаклізмаў? А можа, падумалі, што іх вырабы ў фестывальнай атмасферы недарэчы?

Шмат цікавага, акрамя ўласна канцэртаў у Амфітэатры, было і ў парку — асабліва для дзяцей, з якімі туды выпраўляліся на прагулку бацькі. Пры ўсіх гэтых гульнёва-забаўляльных кірунках фестывалю, яго арганізацыя, хаця і раней з ёй праблем не ўзнікала, сёлета была на парадак вышэйшай. Усе падраздзяленні працавалі зладжана, пытанні вырашаліся імгненна. Штаб фестывалю быў змешчаны ў самім Палацы, прэс-цэнтр — у Дзіцячай школе мастацтваў. Акурат там, дзе самы першы канцэрт “Маладзечна-2015”, складзены з музыкі беларускіх кампазітараў розных часоў, прэзентавалі камерныя калектывы фінбергаўскага аркестра, падкрэсліваючы асветніцкі характар імпрэзы.

Курс на конкурс

Конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні патрабуе асобнага і больш дэталёвага разгляду. Бо ён не проста рэспубліканскі, а ў межах нацыянальнага фестывалю, адпаведна, і сам нацыянальны. А значыць, вышэйшы за астатнія, галоўны сярод мноства іншых, у якіх таксама бяруць удзел выканаўцы з усёй краіны.

Сёлетні ўзровень быў добрым. Асабліва сярод хлопцаў, якіх, дарэчы, было больш за дзяўчат (11 + 8, адпаведна). Паўплывала і больш сур’ёзная падрыхтоўка (не дарма Міхаіл Фінберг цягам года рабіў майстар-класы, склікаў выкладчыкаў, прадстаўнікоў адпаведных упраўленняў аблвыканкамаў), і прыстойны прызавы фонд: 120, 100, 80 і 60 базавых велічынь за Гран-пры і першыя тры месцы адпаведна. Але ледзь не ўсеагульнымі заганамі было элементарнае няўменне канкурсантаў правільна… дыхаць! Дый па іншых паказчыках вакальная школа “кульгала”, хаця добрымі галасамі маглі пахваліцца практычна ўсе.

Спаборніцтву ёсць куды расці! Бо сам яго статус патрабуе, каб у Маладзечна з’язджаліся не пачаткоўцы, якія развучылі дзве айчынныя песні, а пераможцы іншых праектаў, дзе, можа, нацыянальны рэпертуар не патрабаваўся. Удзел у маладзечанскім конкурсе можа стаць для іх не толькі прэстыжам, але і нагодай заспяваць сваё, беларускае! З шыкоўным аркестрам і на вялізнай сцэне пад адкрытым небам — як своеасаблівая рэпетыцыя-праекцыя “Славянскага базару ў Віцебску”.

Сярод сёлетніх удзельнікаў адразу вылучаўся Мікіта Касцюкевіч (Першая прэмія) — абсалютнай натуральнасцю спеваў і сцэнічных паводзін, артыстызмам, акцёрскай свабодай, разняволенасцю, чаго так неставала многім канкурсантам. Яно і не дзіва, бо ён удзельнік сёлентняга складу “Верасоў”!

Другую прэмію падзялілі двое прадстаўнікоў Брэстчыны — Андрэй Цямчык і Лізавета Войтуль. Трэцюю атрымалі мінчанін Дзмітрый Нікіцін і Яўген Захарка з Гродзеншчыны. Але на тыя ж месцы маглі прэтэндаваць і некаторыя іншыя канкурсанты, часам з лепшымі галасамі, падрыхтоўкай, рэпертуарам, творчымі перспектывамі (асабліва крыўдна было за Кацярыну Лазука). Выставіўшы свае балы, старшыня Міхаіл Фінберг і член журы Дзмітрый Качароўскі ўдзельнічалі ў канцэрце, што працягнуў конкурсныя выступленні. І таму не маглі прысутнічаць на фінальным абмеркаванні, дзе і вызначаюцца канчатковыя вынікі. А тыя могуць значна адрознівацца ад папярэдніх, што ўзніклі пасля другога туру (і нават, як у выпадку з Міхаілам Фінбергам, пасля некалькіх рэпетыцый з канкурсантамі, дзе ёсць магчымасць праверыць, наколькі яны схільны-здольны да супрацоўніцтва). Пэўна, наступным разам арганізатарам няблага было б прадугледжваць яшчэ якія-небудзь выступленні паміж канкурсантамі, што спяваюць з аркестрам, і сольнікам самога аркестра. Тады і аркестранты маглі б зрабіць “удых-выдых”, а не граць тры гадзіны амаль без перапынку (асабліва гэта тычыцца духавікоў, якім трэба берагчы, не перанапружваць вусны).

Фігура пераможцы любога спаборніцтва — гэта заўсёды яшчэ і маяк, на які будуць арыентавацца далейшыя ўдзельнікі гэтага конкурсу. Аддаючы пальму першынства таму ці іншаму спеваку (а ў яго асобе — пэўным жанрам, кірункам, нават культурнай з’яве), журы рухае ўсё нацыянальнае мастацтва менавіта ў гэты бок, бо вызначае курс, якім павінны ісці новыя пакаленні. Да гонару сёлетняга конкурсу (і леташняга таксама, а гэта ўжо тэндэнцыя), галасы журы былі аддадзены не найбольшай гучнасці спеваў і “ўзяццю вежы” найвысокіх нот, а выканальніцкай культуры, гармоніі, дасканаласці. У асобе Таццяны Валахановіч сышлося ўсё. Не проста прыгожы, а яшчэ і надзвычай адметны, пазнавальны голас, інтанацыі якога больш выразныя за любыя словы. Знешнасць зоркі Галівуда, не сапсаваная халодна бліскучай “глянцавай” прыгажосцю. Удала знойдзены імідж, дзе пачуццёвасць (ды што там казаць, сапраўдная сэксапільнасць!) сябруе з высокім густам. Адметны рэпертуар, які ствараўся менавіта для яе і менавіта для гэтага конкурсу. Добрая навучанасць вакалу і эстрадным сакрэтам. Вывераная драматургія — да кожнай ноты, кожнага штрыха. Нарэшце, культура і інтэлігентнасць самой спявачкі, бо сцэна адразу высвечвае (і высвятляе) не толькі прафесійныя, але і ўсе чалавечыя якасці.

У тым, што ўсё гэта не просты збег абставін, пераконвалі фестывальныя выступленні Аліны Молаш (Гран-пры “Маладзечна-2014”), якая за год узрасла больш, чым некаторыя за ўсю спеўную кар’еру. Невыпадкова, што абедзве дзяўчыны — выхаванкі цудоўнага кампазітара і педагога Алены Атрашкевіч. Пра яе творчыя метады і саму адданасць справе (а “Маладзічок” — таксама яе “выхаванец”) трэба расказваць асобна, нават у таўшчэзнай манаграфіі. Але скарыстаем просты арыфметычны падлік: у конкурсе гучала ажно пяць яе песень. Калі ж прааналізаваць усе фестывальныя праграмы, дык стане зразумела, што акрамя згаданага сольніка Алега Молчана ў Маладзечне быў і “размеркаваны”, “распылены” па розных канцэртах сольнік Алены Атрашкевіч. Фестываль можа гэтым толькі ганарыцца!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"